А зрабіць гэта было нялёгка: Мэгрэ быў цяжкі. Знізу яго падштурхоўвалі, зверху цягнулі.
Дождж падаў стромкай сцянаю. Вецер урываўся ў бухту з неверагоднай сілаю.
Мэгрэ здалося, што людзей было чацвёра. Было зусім цёмна: ліхтар патушылі. Да таго ж збіваў з панталыку і раптоўны пераход з цяпла і святла да ледзяной цемрадзі…
— Раз… два… Хоп!..
Яго раскачалі, як нейкі мяшок. Ён падляцеў даволі высока і ўпаў на мокрыя камяні пірса. Вялікі Луі падышоў да яго, аглядзеў вяроўкі, каб пераканацца, што звязаны камісар надзейна. На нейкі час твар былога катаржніка наблізіўся да твару Мэгрэ. Камісару здалося, што рабіў Луі ўсё гэта з вельмі змрочным выглядам, неахвотна.
— Трэба будзе сказаць сястры… — пачаў ён…
Што сказаць? Ён і сам не ведаў. На шхуне чуліся хуткія крокі, скрып, каманды напаўголаса. Паставілі ўжо кліверы, па мачце паволі падымаўся грот.
— Трэба будзе сказаць, але, трэба будзе сказаць ёй, што калі-небудзь мы яшчэ ўбачымся… І, магчыма, з вамі таксама…
Ён цяжка ўскочыў на судна. Мэгрэ ляжаў тварам да мора. Ліхтар на канцы фала даставаў да верху мачты. Каля штурвала віднелася чыясьці чорная постаць.
— Адчальваем!
Вакол кнехтаў заслізгалі канаты, якія цягнулі з судна. Залапаталі ветразі. Нос шхуны адышоў ад паляў, і судна развярнулася ледзь не на трыста шэсцьдзесят градусаў — такі моцны быў парыў ветру.
Але рулявы здолеў усё ж выраўняць шхуну. На імгненне «Сэн-Мішэль» замёр на месцы — і паплыў паміж пірсамі…
Яго чорная маса на вачах знікала ў непрагляднай цемрадзі… На палубе свяцілася нейкая кропка… Высока на мачце — другая… Яна здавалася зоркаю, што згубілася ў штармавым небе…
Мэгрэ і паварухнуцца не мог. Ляжаў у лужыне, на краі бясконцага прасцягу…
Напэўна, яны разап'юць цяпер там, на шхуне, бутэльку джыну — для настрою. Хто-небудзь падкіне ў печ пару брыкецін.
Адзін стаіць каля руля… Астатнія ляжаць у сырых. ложках.
Чамусьці здавалася, што сярод кропляў, якія сцякалі па твары, адна была саланейшая за іншыя.
Вялікі і дужы чалавек, бадай, сама мужны ва ўсёй крымінанальнай паліцыі Францыі, ляжаў каля кнехта, на краі пірса — і разумеў, што знайсці яго змогуць, відаць, толькі раніцай.
Калі б ён мог павярнуцца, дык убачыў бы маленькі драўляны будыначак «Марацкага прытулку», у якім нікога ўжо не было.
XI. Водмель «Чорныя каровы»
Мора хутка адступала. Мэгрэ чуў, як біліся хвалі — спачатку ў канцы пірсаў, потым далей, на пясчаным беразе, з якога сплывала вада.
Як заўсёды, з адлівам аціхаў і вецер. Стрэлы дажджу радзелі, і калі на досвітку пачалі святлець сама нізкія хмары, начны лівень ператварыўся ў імжысты дождж, яшчэ больш халодны.
Пакрысе з цемры выступала ўсё, што патанула ў ёй ноччу. Угадваліся касыя мачты рыбацкіх лодак, што ляжалі цяпер, у адліў, на прыбярэжнай ціне.
Дзесьці вельмі далёка ад берага мыкалі каровы. Царкоўны звон нягучнымі ўдарамі сціпла заклікаў да ютрані — значыць, было ўжо сем гадзін.
Але трэба было яшчэ чакаць: дарога ў царкву праходзіла не цераз порт. Шлюзаўшчыкам да пачатку прыліву няма чаго тут рабіць. Хіба што мог завітаць выпадкова які-небудзь рыбак… Ды толькі наўрад ці нават і рыбакі вылазяць з ложка ў такое надвор'е…
Цяпер, думаў Мэгрэ, ён, мусіць, падобны на мокрую груду ануч… Камісар уяўляў сабе ўсе ложкі Вістрэама, самавітыя драўляныя ложкі з вялізнымі пухавікамі, у якіх пад цёплымі коўдрамі ляніва песцяцца жыхары гарадка, непрыязна паглядаючы на бледны прамавугольнік акна. І, бадай што, кожны з вістрэамцаў усё адцягвае і адцягвае той момант, калі прыйдзецца ўсё ж нарэшце ступіць на халодную падлогу босымі нагамі.
Цікава, ці спіць яшчэ Люка? Можа быць, яго таксама звязалі?.. Інакш як растлумачыць тое, што ўначы на борце «Сэн-Мішэля» з'явіўся нейкі іншы чалавек — напэўна, Марціно?.. Або… мэр?!. Ці ёсць яшчэ які-небудзь удзельнік гэтай заблытанай гісторыі?..
Пакуль што камісар абмалёўваў сабе сітуацыю так: Жану Марціно ўдалося нейкім чынам вызваліцца з-пад нагляду інспектара. Пасля Марціно падышоў да «Сэн-Мішэля» і пачуў яго, Мэгрэ, голас. Цярпліва чакаў, калі хто-небудзь выйдзе на палубу. А калі Вялікі Луі высунуў галаву з люка, нарвежац даў яму знак — можа, шапнуў, можа, перадаў цыдулку — як паводзіць сябе далей.
Зрабіць астатняе было няцяжка. Шум на палубе. Пасылаюць наверх Сэлестэна. Той перагаворваецца з Марціно. А пачуўшы галасы, нельга было не выбрацца з кубрыка.
І як толькі ён высунуўся з люка, двое наверсе заткнулі яму рот, а Ланэк і Луі звязалі рукі і ногі.