Выбрать главу

Ганна гаворыць усё гучней, яе вочы разгараюцца, грудзі ўсхвалявана ўздымаюцца... Жыгімонт адступае на крок, ён перастае чуць голас жанчыны, які раптам ператвараецца ў клёкат, яе вочы падаюцца яму палаючымі жоўтым агнём, твар і постаць змяняюцца... Кароль на імгненне ў жаху бачыць перад сабой жанчыну-птушку, вялізарную арліцу, якая б’е крыламі, разяўляе дзюбу і гатовая разадраць...

Кароль трасе галавой і праганяе ачмурэнне. Ганна Мазавецкая зноў міла ўсміхаецца...

Але ў Жыгімонта бясследна знік настрой да флірту. Леў у клетцы заціснуўся ў кут. Ганна працягвае руку да караля.

- Пакажыце ж мне адзінарога, ваша мосць... Мне расказвалі пра яго ўсялякія дзівосы...

Жыгімонт кранае вуснамі руку дамы, але не працягвае ў адказ сваю руку.

- Баюся, адзінарог не пакажацца нам, мая пані. Ён занадта пераборлівы ў сваіх знаёмствах.

1518 г. У малой зале Кракаўскага каралеўскага палаца сабраліся самыя важныя людзі каралеўства. Гэта першы прыём для эліты, у якім удзельнічае новая каралева - Бона Сфорца.

Уваходзіць кароль Жыгімонт Стары, ён вядзе Бону Сфорцу. Яна прыгожая, з залатымі валасамі, трымаецца ганарліва. У яе сукенкі моднае глыбокае дэкальтэ. Дамы перашэптваюцца, ківаючы на такі выклік мясцовым звычаям.

- Грудзі вываліла... Сораму няма... У іх у Італіі што, усе кабеты так ходзяць?

Кароль і каралева ўсаджваюцца. Усе схіляюцца перад каралеўскай парай. У першых шэрагах - Радзівіл Юры, ягоныя браты Ян Барадаты і Мікалай Радзівіл і сястра Ганна Мазавецкая. Непадалёк Альбрэхт Гаштольд, Канстанцін Астрожскі. Вылучаецца купка італьянскай світы каралевы.

Сярод іх - радца Боны Сфорца, лекар Луіджы Сфорца, у якім пазнаецца Вечны Інквізітар. Сфорца займае месца за крэслам каралевы.

Кароль паварочваецца да Боны:

- Тут сабраліся толькі самыя лепшыя і блізкія да трону. Дазвольце прадставіць вам, каралева, маіх верных паплечнікаў, першых людзей дзяржавы. Альбрэхт Гаштольд, ваявода полацкі... Першым клічу яго, бо толькі што вярнуўся ён з радаснай весткай - яго багатыры разбілі войска вялікага князя маскоўскага!

Да рукі каралевы падыходзіць Альбрэхт Гаштольд. Усе крычаць “Віват!”, твар Юрыя Радзівіла крывіцца.

- Канстанцін Астрожскі, вялікі гетман літоўскі! Ён прынёс нам слаўную перамогу пад Воршай!

Канстанцін Астрожскі падыходзіць да рукі каралевы пад “Віваты” прыдворных.

- Мікалай Радзівіл, ваявода Віленскі, вялікі канцлер, уладальнік тытула князя Святой Рымскай імперыі на Мядзелі і Ганёндзах!

Да каралевы падыходзіць Мікалай Радзівіл.

- Юры Радзівіл, мой даўні сябар, па мянушцы Геркулес. Ніводнай бойкі ён яшчэ не прайграў. Няхай жа і ў бойцы за сяброўскія пачуцці маёй каралевы ён не прайграе.

Радзівіл Геркулес падыходзіць да каралевы. Тая зацікаўлена паглядае на магутнага, віднага сабою рыцара. Геркулес прыкладаецца да яе рукі. Гаворыць па-італьянску:

- Рады служыць маёй каралеве!

Каралева кідае скосы позірк на Луіджы Сфорца, той ледзь заўважна ківае.

- Мне вельмі патрэбны сябры пры маім новы двары.

Радзівіл пільна глядзіць у вочы каралеве.

- Маё сэрца адкрытае для шчырых пачуццяў.

Жыгімонт Стары працягвае прадстаўляць арыстакратаў.

- Наша добрая суседка, княгіня Ганна Мазавецкая, уладарка слаўнай Мазовіі.

Ганна Мазавецкая ганарыста падыходзіць, нізка кланяецца каралю і толькі лёгка ківае галавой каралеве, як ніжэйшай. Бона Сфорца ўгневаная.

Ганна вяртаецца да братоў. З нянавісцю паглядае на каралеву.

- Гэта я павінна быць на яе месцы. Я не разумею, чаму ён выбраў не мяне. Я прыгажэй. Я магла б прынесці яму ў пасаг Мазовію.

Ян Барадаты ўсміхаецца.

- Можа, каралю не спадабалася гісторыя з тваім каханкам Жэлінскім, сястра? Ты дала той нікчэмнасці такую ўладу, што падданыя паўсталі!

- Я іх уладарка. Я маці двух каралевічаў, удава Конрада Мазавецкага. Яны мусілі цярпець.

Геркулес скептычна круціць галавой.

- А вось кароль не хоча цярпець чыіхсьці выбрыкаў. Хаця з гэтай кабетай...

Юры сустракаецца позіркам з Бонай.

- Думаю, ён пашкадуе, што выбраў не цябе.

Луіджы Сфорца нешта шэпча на вуха каралеве, і тая ўтаропліваецца позіркам у Ганну Мазавецкую. Ганна з выклікам сустракае яе погляд. Блакітныя вочы і брунатныя вочы гараць аднолькавай нянавісцю.

Ганна няголасна кажа братам:

- Я ўсё адно не адступлю. Я слабая ці моцная? Італьянка вызваліць трон для мяне.

Юры Радзівіл пяшчотна прыабдымае сястру, нешта шэпча ёй на вуха. Ганна сціскае яго руку ў пошуку падтрымкі. Бона заўважае гэта. Яе твар на імгненне змяняецца ад гневу. Бона пераводзіць позірк на караля і бачыць, што ён таксама глядзіць на Ганну Мазавецкую з нейкай тугою.