Выбрать главу

Бона шэпча Вечнаму Інквізітару.

- Гэтая жанчына занадта шмат сабе дазваляе. Не спускай з яе вачэй.

Між тым у зале пачынаюцца больш вольныя гаворкі. Каля караля і ка-

ралевы ўтвараецца кола просьбітаў і лісліўцаў, астатнія госці пачынаюць хадзіць па зале, размаўляць між сабою. Канцлер Мікалай Радзівіл - ля караля. Каралева час ад часу шукае позіркам Юрыя Геркулеса.

Да Яна, Юрыя і Ганны падыходзіць Альбрэхт Гаштольд. Ён звяртаецца да Яна з ледзь прыхаванай нянавісцю:

- Як ваша сямейнае жыццё, пан Ян?

Барадаты насцярожана глядзіць на Гаштольда.

- Дзякуй, ваша мосць, я шчаслівы.

- Цаной жыцця маёй няшчаснай сястры, вашай былой жонкі?

Ян бянтэжыцца.

- Паслухай, Альбрэхт... Ты несправядліва судзіш. Прысягаю, я не вінаваты ў смерці Лізаветы. Ты ж ведаеш, яна была слабая здароўем...

Гаштольд крывіць вусны.

- Слабая... Не надта ты думаў пра яе, калі з’ездзіў у сваты да Кішак, і замест таго, каб высватаць брату іх дачку, закахаўся ў яе сястру!

- Альбрэхт, у імя былога нашага сяброўства...

- Наша сяброўства з’елі паўтары гады турмы, куды мяне паклёпам засадзіў ваш брат Мікалай. І я нізавошта не паверу, што гэта проста супадзенне - калі ў той самы час ты пачаў пагарджаць маёй сястрой і адкрыта заляцацца да другой кабеты...

Твар Яна Барадатага, разумны, с тонкімі рысамі, адлюстроўвае сапраўдную пакуту.

- Усё не так...

Гаштольд паглядае з нянавісцю.

- Не дарую.

Сыходзіць. Юры Геркулес спачувальна кладзе руку на плячо брату, Ган­на Мазавецкая кладзе яму руку на другое плячо. Зверху, невядома адкуль, спускаецца, кружляе пяро гругана.

1529 г. Палац Радзівілаў. На стале лекара Якаба Магнуса ў закаркаванай колбе павольна плавае, круціцца пяро гругана.

Магнус ціха пытаецца ў гаспадара замка:

- Ваша мосць Юры, вы носіце пры сабе безаар, які я вам даў?

- Нашу. Не грэбую. Не дарэмна ж я цябе, чарнакніжнік, з дыбы інквізітарскай у Фларэнцыі зняў. І тую тваю чорную вадкасць у віно сабе капаю. Псую добры смак. Мне ж іх вырасціць трэба... Дзяцей... Пляменнікаў... На злосць Боне Сфорцы, Гаштольдам, Астрожскім... Не дам ссячы дрэва роду майго...

Магнус падыходзіць да ўладара.

- Дайце яшчэ пагляджу вашу рану, пан Юры. Якраз намяшаў цікавую мазь...

Радзівіл Геркулес неахвотна здымае жупан.

- Зноў вядзьмарыш?

Магнус напружваецца.

- Я займаюся толькі навукай, ваша княская мосць. Прасвятой дзевай клянуся...

Радзівіл Геркулес з дапамогай лекара здымае кашулю, сядае ў крэсла. Магнус асцярожна прыбірае павязку, схіляецца над ранай. Радзівіл сціскае зубы, каб здушыць стогн.

- Не пераймайся, Якаб, я табе веру... Вось радца каралевы, Луіджы Сфор­ца, відаць, не верыць... Распытваў пра цябе... Што за ведзьмака Радзівілы прытулілі...

Рукі Магнуса, якія займаліся княскай ранай, на імгненне застываюць.

- Калі б мне давялося выбіраць паміж кампаніяй трохгаловага Цэрбера, раз’ятранага аспіда і сіньёра Луіджы, ён апошні, каго б я выбраў, ваша княская мосць. Упэўнены - гэтая бутэлечка, што вы мне сёння прынеслі, пабывала ў ягоных руках.

Геркулес задумліва глядзіць на пяро крумкача, што па-ранейшаму круціцца ў закаркаваным слоіку.

- Так і жывем, чарнакніжнік. Паміж цэрберам, аспідам і Сфорца. Складзі мне гараскоп назаўтра... Кароль кліча. Быць новай вайне. Хай будзе пракляты той дзень, калі на нашу зямлю ступіла нага італьянкі.

Магнус асцярожна забінтоўвае рану князя.

- Кажуць, напачатку Бона вас літасцівіла...

Геркулес сумна ўсміхаецца.

- Літасцівіла...

1521 г. Ноч. Прусія. Туман клубіцца, варушацца травы, крычаць начныя птушкі. З прывідных абрысаў вымалёўваюцца дзіды... Сілуэты людзей... І вось яны ўжо бягуць - моўчкі, з дзідамі і аголенымі мячамі.

Перад імі - варожы лагер тэўтонцаў. Нечаканы напад заканчваецца сечай, за пешымі налятае конніца. Чуваць спалоханыя выкрыкі на нямецкай мове, запознены гук баявой трубы... Гучыць баявы вокліч Радзівілаў - “Гэй, ліцвіны, Бог нам радзіць!”

Узначальвае нападнікаў Юры Радзівіл Геркулес. Ён выглядае сапраўды велічна, лёгка ўздымаючы цяжкі меч. Лязгаюць мячы аб мячы, льецца кроў, сцелецца туман, хаваючы людзей па пояс, нібыта бойка адбываецца на аблоках, у якой-небудзь Вальхале. Каля Геркулеса б’юцца два простыя воі з яго войска - Сымон Жух і Гальяш Рашчынскі. У нейкі момант Гальяш з крыкам “Бог нам радзіць!” захінае сабой Геркулеса і прымае ўдар мячом, які патрапляе яму ў бок.