Выбрать главу

Тэўтонцы бягуць. Чуваць крыкі: “Слава Юрыю Геркулесу! Слава непераможнаму! Бог нам радзіць!”

У небе кружляе арол.

1521 г. Кракаў. Каралеўскі палац. Баль. На падлозе валяюцца тэўтонскія штандары, па якіх усе з задавальненнем топчуцца. Грае музыка. Прыдворныя танчаць. Відаць, што весялосць ужо ў апошняй стадыі - людзі нападпітку, размовы гучнеюць, кавалеры заляцаюцца да паненак. Да Юрыя Радзівіла, які стаіць з кубкам ля калоны, незаўважна падыходзіць дама ў масцы.

- Ваша мосць, з вамі хочуць пагаварыць. Будзе ласкавыя ісці за мной.

Геркулес не кранаецца з месца.

- Такім чынам запрашаюць альбо туды, дзе чакае стылет пад скабы, альбо палкія пацалункі.

Дама не крыўдуе.

- Выбіраць вам.

Юры Радзівіл глядзіць у блакітныя вочы, якія ззяюць праз проразі маскі, лёгка дакранаецца да залацістай пасмачкі, што выбілася з-пад капюшона. Радзівілу мрояцца даўно знаёмыя рысы...

- Mia bella signora... Una signora con i capelli d’oro...

Дама мімаволі цягнецца за яго ласкай. Радзівіл трасе галавой, скідаючы ачмурэнне.

- Вы моцна рызыкуеце, мая каралева. Не хачу, каб пайшлі нядобрыя чуткі. Вам варта быць каля караля.

- Не ведала, што непераможны Геркулес баіцца жанчын.

Сыходзіць. Геркулес задумліва глядзіць ёй услед, падносіць кубак да вуснаў.

1521 г. Белавежская пушча. Каралеўскае паляванне.

Маладая каралева падае з каня, які ашалеў ад спалоху. Жанчыну падхоплівае на рукі Юры Геркулес. Побач б’ецца ў агоніі цела дзіка, у якім застыла дзіда Геркулеса. Вялікія блакітныя вочы каралевы глядзяць на выратаваўцу з сапраўднай жарсцю.

- Гэта лёс... Я так даўно чакала... Мой рыцар. Мой Геркулес. Ты ні разу не згадзіўся на мае просьбы аб спатканні. Мне так патрэбны свой чалавек ля трону... А можа, пасля... і побач са мной. На троне...

Бона цягнецца да Юрыя, але той цвёрдай рукой адхінае яе.

- Я прысягаў каралю.

Бона Сфорца ўсведамляе, што гэты жаданы мужчына яе адпрэчыў.

- Каралю? Ці замест мяне ты зараз хочаш бачыць сваю зводную сястру? Відаць, праўдзівыя чуткі, што паміж вамі - не тое, што мусіць быць між сястрой і братам...

- Змоўкні, дачка міланскага купца!

- Ты разумееш, што адгэтуль я буду помсціць табе і тваім нашчадкам да апошняга калена?

- У такім выпадку ваш род перарвецца раней, чым наш.

Промні прасяваюцца праз густыя шаты так, што здаецца, вочы каралевы свецяцца, як у драпежнага звера.

- На што ты спадзяешся? Вам ніколі не ўдасца ўзысці на трон. Я ведаю, што вы пра гэта марыце. Ведаю пра сястру тваю, Ганну, якая так намагалася легчы пад Жыгімонта і распаўсюджвае пра мяне брыдкія плёткі з дапамогай брата-канцлера. Ведаю, колькі ў вас улады - столькі мусіць быць толькі ў караля. Апошні раз прапаную - будзь са мной. Ці я знішчу ўвесь ваш род.

- Мне дакладалі, што смерць майго брата, біскупа віленскага Войцэха, выглядала падазрона... Твая рука?

- Ты ніколі пра гэта не даведаешся. Хіба што... калі знікне апошні з вашага роду.

Радзівіл рашуча адхіляе ад сябе жанчыну.

- Мы - Радзівілы, ваша каралеўская мосць. Мы будзем вечна.

Варшава. Палац князёў мазавецкіх.

Невялікі паўцёмны пакой. Гараць свечкі. Ганна Мазавецкая за маленькім столікам раскладвае і змешвае карты Таро. Насупраць яе брат, Юры Радзівіл, з чарай у руцэ. Ганна бярэ з калоды карту Вісельнік, падносіць да свечкі на стале. Карта ўспыхвае, Ганна кладзе яе на срэбную талерку, глядзіць, як малюнак курчыцца. Твар Вісельніка нагадвае твар Жэлінскага.

- Я мусіла даўно прагнаць яго. Але я была такая самотная...

- Кожны ўладар самотны і моцны.

- Я не ведала, моцная я ці слабая... І цяпер не ведаю. Моцная... Слабая... Мая сям’я кінула мяне старому каралю, як кідаюць бяззубаму сабаку кавалак хлеба. Яго валасы пахлі павуціннем, у яго дыханні была магільная гніль, а скура на пальцах шорсткая, быццам кара...

- Дзякуючы яму ты стала каралевай. І... я быў зусім юны. Што я мог?

- Часцей прыязджаць...

Ганна нейкі час моўчкі раскладае карты.

- Ты дапаможаш мне? Ці па ранейшаму твая слабасць - залатавалосыя італьянкі?

Юры Геркулес адпівае віна, каб змагчы хваляванне.

- Яна зусім іншая. Але ты разумееш, наколькі небяспечная твая задума? Нашага брата Войцэха яна ўжо звяла са свету.

Твар Ганны робіцца жорсткім.

- Мікалай і Ян згадзіліся. Мы зганьбім каралеву так, што давядзецца яе адаслаць. Калі кароль не хоча мяне, я прапаную яму сваю дачку. Ты на маім баку?

Устае, падыходзіць да брата, бярэ яго за плечы.

Юры Геркулес адстаўляе кубак, абдымае Ганну за талію, прыціскаецца тварам да яе жывата.