СТУКАЕМ У ДЗЬВЕРЫ ВАЛАДАРОЎ
Дзікі разгул польскіх шавіністых, скрытых пад шыльдай фольксдойчаў ды летувіскай паліцыі, што з скуры вылазіла, каб спадабацца Немцам, даваліся крывава ў знакі нашаму жыхарству ў Вільні й Віленшчыне. У выніку мы склалі нямецкім уладам адумысны мэмарыял. Гэбітскамісарыят Летувы знаходзіўся тады каля замкавай гары. Нашая дэлегацыя складалася зь пяці асобаў: др. С. Грынкевіч, др. Ф. Грышкевіч, а. А. Станкевіч, др. Я. Малецкі й 3. Коўш — сакратарка Камітэту.
Дэлегацыя прастаяла перад дзьвярыма камісарыяту тры з паловай гадзіны. Урэшце адчынілі нам дзьверы ды запрасілі ў сярэдзіну. Мы выказалі беларускія крыўды, перадалі мэмарыял. Нам абяцалі, што нашыя крыўды знойдуць справядлівае вырашэньне.
Не прайшло й месяца, як нам давялося складаць другую візыту камісару места Вільні, што рэзыдаваў пры вуліцы Міцкевіча. Прычына-ж гэтае візыты была гэткая: у сакавіку 1943 году ехалі да Сьвянцянаў заступнік камісара Вільні, гаспадарчы кіраўнік акругі, нейкі важны партыйны госьць з Бэрліну ды сакратарка гарадзкога камісарыяту. У сьвянцянскім лесе збройныя людзі затрымалі самаход, адабралі ад Немцаў аўтаматы й пісталеты, іх застрэлілі, сакратарцы-ж загадалі вяртацца пехатой да Вільні.
Немцы ў адказ загадалі выслаць для «пацыфікацыі» 100 CС-манаў і 300 Летувісаў, якія за адзін дзень перабілі 1200 жыхароў ды спалілі 7 вёсак. Летувісы ў злачынствах перавышалі нямецкіх нацыстаў. Яны бяз усякай літасьці стралялі людзей па хатах, на вуліцах, палілі іх большымі зборышчамі, жудасна зьдзекваліся над меншымі грамадамі.
Што мы маглі ў гэткім выпадку зрабіць для ратунку нашага народу? Дзеіць даводзілася вельмі асьцярожна. Нашая дэлегацыя ў складзе тым самым, што й раней, наведала гэбітскамісара места Вільні Вольфа[8]. Знаёмы нам галоўны сакратар прыняў нас вельмі ветліва, але каб дастацца да камісара, трэба было ізноў чакаць каля двух з паловай гадзінаў. Урэшце нас дапусьцілі да гэбітскамісара й я ўручыў яму наш мэмарыял. Ён хутка перабег вокам па галоўных пунктах:
1. Расстраляна 1200 Беларусаў зь 7 вёсак, як рэпрэсія за забойства трох узброеных Немцаў.
2. Беларускія сяляне, што палі ахвярамі, ня мелі ніякай зброі, былі заўсёды мірнымі жыхарамі пры ўсякай уладзе.
3. Трох Немцаў пала ад куляў варожых арганізаваных узброеных бандаў, што цягаюцца па тутэйшых лясох ды нападаюць на мірных сялян.
4. Перапалоханыя навокала сяляне бягуць да Беларускага Камітэту, шукаючы справядлівасьці, а мы самі ня ў сілах ім дапамагчы.
5. Калі будуць і ў далейшым тарнаваныя масавыя рэпрэсіі супроць нявінных людзей на бальшавіцкія правакацыі, дык сяляне будуць змушаныя шукаць аховы ня ў Немцаў, але ў савецкіх партызанаў.
6. Просім у імя справядлівасьці й супакою не праводзіць падобных акцыяў, а ў выпадку нямецкіх ахвяраў справядліва караць злачынцаў, ды нішчыць узброеныя банды, як польскія, так і савецкія, што трывожаць беларускае жыхарства.
Пад канец чытальня мэмарыялу гэбітскамісар пачаў нэрвова хадзіць па пакоі. Урэшце падыйшоў бліжэй да нас і сказаў:
— Сябры Беларускага Камітэту! Сталася нячуваная ў гісторыі рэч, бо на спакойных тылох, 1000 км ад фронту, пала трох маладых заслужаных Немцаў. Паводле загаду Фюрэра за кожнага паўшага на Усходзе Немца, павінна быць выбіта 100 тутэйшых людзей. У гэтым выпадку забіта больш, але гэта зрабілі Летувісы. Віноўнікі за гэткую самаволку будуць пацягненыя да адказнасьці. Ідзіце й скажыце сваім людзям, што акцыя скончаная і ўсе могуць працаваць спакойна.
Тут адазваўся кс. А. Станкевіч:
— Праўда, што мы жывём на тылох, але вайна не закончаная, лясы, дарогі, балоты не ачышчаныя ад розных валацугаў і бандытаў і ніхто ня можа ведаць, што непакараныя банды плянуюць на будучыню й дзе яны выкінуць новую правакацыю.
Немца зусім заткала прамова а. Адама Станкевіча. Ёй запэўніў, што супроць бандаў будуць прынятыя меры.
На гэтым нашая візыта ў гэбітскамісара скончылася. Высновы былі сумныя: бальшавікі з Палякамі будуць рабіць правакацыі, а Немцы зь Летувісамі будуць перабіваць беларускае жыхарства, паліць вёскі й хутары. Было пастаноўлена па вёсках і мястэчках арганізаваць Беларускую Самаахову. Аб становішчы беларускага жыхарства акругі Летува мы паведамілі праф. В. Іваноўскага ў Менску ды мгр. М. Шкялёнка ў Бэрліне.