Выбрать главу

— Значыцца дасужы ты лаўкач! — кажу я. — Гэткіх нам, Беларусам, і трэба!

— Але не замнога, — бурчыць Наумік. — Не філязафуй таксама зашмат, а пайшлі!

— Як пайшлі, дык пайшлі!

Баўдзей спачатку быў падручным хлапцом у мясьніка Баранцэвіча. Пасьля, перад вайной, гандляваў сам сьвіньнямі на вялікую скалю. Цяпер ён дастаўляў Немцам рагатую жывёлу, сьвіней, меў сваю сталоўку, зь ведама нямецкіх уладаў кіраваў былой Баранцэвічавай мясьніцай, займаўся таксама спэкуляцыяй золатам ды рознымі таварамі. У Баранавічах ён у запраўднасьці быў харчовым «босам» і Немцаў, і беларускай «эліты».

Мы пастукалі ў дзьверы. Баўдзей адчыніў, з усьмешкай на твары вітаў:

— Калі ласка, калі ласка! Гэткія нябывалыя госьці! Заходзьце!

Мы ўвайшлі ў хату. Наумік, зрабіўшы задзёрыстую міну, падхапіў вітальныя словы гаспадара:

— Пэўна, што нябывалыя ды важныя госьці: вось маеш гонар гасьціць у сябе доктара мэдыцыны Науміка, найбольшага хірурга ад Варшавы да Менску, кіраўніка гарадзкога шпіталя ў Баранавічах, вучня слаўнага прафэсара Міхэйды… — казаў ён вясёла, стукаючы рукой сабе ў грудзі.

— Добрага знатака добрых напояў! — дакінуў я збоку.

Наумік аднак-жа ня зьбіўся з панталыку, ды, паказваючы рукой на мяне, казаў:

— А гэта вось мой заступнік, дырэктар Мэдычнай Школы ў Баранавічах, дырэктар Гінэкалягічнага й Радзільнага аддзелаў, др. Малецкі!

— Вельмі, вельмі прыемна, — перапыніў Баўдзей. — Сядайце за стол, можа што знойдзецца добрага! — ды пачаў пераглядаць у буфэце бутэлькі.

— Можа францускага каньячку? — пытаецца.

— Хай будзе й каньячок! — згаджаецца Наумік. — Думаю, што вы нас як трэба пачастуеце! — дадае.

— А як-жа інакш! Я, хоць ня маю школы, але служу ўсім знатным людзям.

— Можна быць знатным і бяз школы! — падбадзёрваю гаспадара.

— Нейк даём сабе рады й добрым людзям памагаем, — не адставаў у словах і Баўдзей, наліваючы чаркі.

— Дык за здароўе гасьцей! — узьняў ён тост.

— За здароўе гаспадара!

П'ём, жартуем на бягучыя тэмы, закусваем добрымі вяндлінамі. Раптам др. Наумік у тон жарту расхадзіўся:

— Ты, брат, — кажа да гаспадара, — Паляшук. А Паляшукі як чарадзеі, займаюцца падманам. Ставіць самагонку, а кажа, што прывазны напітак!

— Ды запраўды прывазны, францускі! — сьмяецца Баўдзей.

— Прывазны, ці тутэйшы, ня будзем таргавацца, — рагоча й Наумік. — Ведаеш, што Беларус словам ня верыць, мусіць пашчупаць сваімі рукамі. Дык выбачай, я гэткі Беларус. Дазволь пашчупаць тваю там батарэю!

— Калі ласка, калі ласка! Паляшукі-ж кажуць: госьць у хаце на куце, гаспадар на самым хвасьце! — сьмяецца Баўдзей.

І Наумік стаў пераглядаць бутэлькі ў буфэце, а знайшоўшы бэнэдыктына, баёва паставіў на стол, прыгаварваючы:

— Вось дзе слаўны напітак. Выдумалі яго на хвалу Божую слугі Божыя бэнэдыктынцы. Спрабуйце, і калі ня так — ганіце мяне з хаты!

Мы перакулілі чаркі з напоем. Прыемнай гарачынёй разыходзіўся ён па нутры. Гаспадар хацеў тут нешта сказаць, ды нехта застукаў якраз у дзьверы. Ён зачыніў хутка буфэт ды пайшоў да дзьвярэй.

— А… Біттэ, біттэ гэрайн![14] — запрошваў.

— Энтшульдігэн зі біттэ, дас вір зінд зо шпэйт![15] — чуваць было ў адказ, і ў хату ўвайшлі два, у зялёных мундзірах СС, Немцы.

— Гайль Гітлер! — дружна, пабачыўшы нас, яны крыкнулі ды ўзьнялі рукі.

Мы ўсталі, таксама ўзьнялі рукі, сказалі «Гайль!»

Баўдзей прадставіў нас Немцам як сваіх добрых знаёмых. Выявілася, што афіцэр СС называецца Дадышэк, другі-ж, падафіцэр, — Ёзэф. Я ўжо ведаў, што першы, гэта заступнік кіраўніка баранавіцкага СД, а другі — студэнт палітэхнікі ў Вюрцбургу, служыў цяпер у СД. Баўдзей падкінуў хутка больш закускі ды выпіўкі. Мы цяпер разам пілі, закусвалі, жартавалі. Гаварылі панямецку.

Дадышэк, чэскага паходжаньня, быў сярэдняга росту, хударлявы, малады, стройны, аднак выглядаў стомлена. Ён запытаўся ў Баўдзея:

— Ці вашая жонка даехала шчасьліва да Варшавы?

— Даехаць то яна даехала, — адказаў Баўдзей, — але нажаль мела вялікія непрыемнасьці.

— Якія?

— У дарозе пашкодзілі фартэпіян, але гэта яшчэ нічога. Ды ў Варшаве, на вуліцы перад кватэрай, тамтэйшыя тарбахваты выхапілі ў яе сумку з усімі каштоўнасьцямі ды дакумэнтамі. Найгоршае, што яна цяпер засталася там без дакумэнтаў, а самі ведаеце: у Польшчы зловяць без дакумэнтаў — вялікая бяда! Дык я прасіў-бы ласкава выставіць ёй другія дакумэнты.

— Добра, мы гэта зробім, — адказаў Дадышэк. — Ведама, у Варшаве шмат крыміналістаў, але ў Югаславіі, дзе я нядаўна быў, іх яшчэ болей, — казаў ён супакойваючы. — З Палякамі мы хутчэй справімся. А вось тут у Беларусі дык чуемся й зусім як у сябе дома!

вернуться

14

Калі ласка, калі ласка — заходзьце!

вернуться

15

Выбачайце, што мы гэтак позна!