— Дык вып'ем, перш за нашую беларускую спакойную нацыю, — перабіў Наумік, — а другую чарку за матэрыяльную крыўду спадарыні Баўдзей!
— Ха, ха, ха! — зарагаталі ўсе.
Далейшыя чаркі пайшлі за нямецкую армію, за яе перамогу пад Віцебскам, ля Растова, у Афрыцы.
Варочаліся мы дамоў каля 10 гадзіны вечара. Ад Дадышака я шмат што даведаўся пра падзеі ў Югаславіі, дзе ён быў перад прыездам у Беларусь, аб ягоных сымпатыях да Беларусаў, аб задаваленьні Немцаў у Баранавічах з супрацоўніцтва зь Беларусамі, ды аб тым, што «Фюрэр» спадзяецца на «ное ваффэ»[16] — ядраную зброю — ды іншае.
НА СТАРОЖЫ ЗДАРОЎЯ ЖЫХАРСТВА
Гітляроўцы ў сваім паходзе на ўсход вынішчалі падбітыя славянскія народы ня толькі зброяй, агнём, голадам, гвалтамі, мукамі, непасільнай працай, але таксама й эпідэміямі, якія стараліся прыглушаць натолькі, каб яны не пакасілі й нямецкага войска. Яны сьвядома не змагаліся з пошасьцямі, якія покатам клалі ваеннапалонных ды часткова й мясцовае жыхарства. А каб перашкодзіць рабіць гэта й мясцовым лекарскім сілам, Немцы ў вельмі малой колькасьці адпускалі на патрэбы жыхарства лекі ды сыраваткі, і абмяжоўвалі ўсякую мэдычную дапамогу наагул.
Беларусь у часе вайны ў галіне лекарска-мэдыцынскай знайшлася ў асабліва цяжкім стане. Бальшавіцкая сыстэма, як вельмі адсталая, на працягу свайго існаваньня ніколі ня была здольная выпрадукаваць для патрэбаў жыхарства лекаў у дастатковай колькасьці, не гаворачы ўжо пра нейкае масавае змаганьне з пошасьцямі, пра загварантаваньне мінімуму рацыянальнага аджыўленьня ды пра іншыя прафіляктычныя мерапрыемствы.
Немцы-ж на самым пачатку свае ўлады найперш аграбілі ўсе захопленыя мэдычныя й прафіляктычныя склады існуючых перад гэтым рэжымаў. Пазьней з гэтых запасаў для жыхарства яны выдзялялі мінімальную толькі колькасьць лекаў, з выразным разьлікам на тое, каб жыхарства як найбольш вымірала. Дадаць да гэтага яшчэ трэба, што шмат аптэкаў ды мэдычных складоў у часе вайны было зьнішчана, прадукцыя-ж лекаў была амаль цалкам спыненая.
Усюды нехапала антыбіётыкаў, шчапёнак, дэзінфэкцыйных матэрыялаў, хляраформу, камфоры, кафэіны і г. д. На тэрыторыі Галоўнага Камісарыяту Беларусі было дзейных толькі 43 аптэкі, ды й яны былі ў стане жалю годным. Нічагусенькі, ніякіх лекаў не давала й Масква сваім партызанам, якія знаходзіліся ў больш жудасным палажэньні за жыхарства.
Баранавіцкі гарадзкі шпіталь Немцы выкінулі з свайго будынку ды аграбілі з усіх амаль інструмэнтаў і матэрыялаў. Мясьціўся ён цяпер у памяшканьні былое жыдоўскае гімназіі. Інфэкцыйны аддзел шпіталю займаў асобны дом. Плошчу шпіталю мы пашырылі прыдзелам суседніх жылых дамоў. Недахоп інструмэнтаў, лекаў, бандажоў быў страшны. Асабліва нехапала наркозы ды гіпсу для пераломаў. Нямецкі акруговы камісар на просьбу дапамогі даў адмоўны адказ: вайна ды ўсё. Менск з Чырвонага Крыжа прыслаў нам толькі тры літры хляраформу. Сьпірту для рук і для стэрылізацыі інструмэнтаў таксама нехапала. Шпіталі ў Слоніме ды Нясьвіжы змушаныя былі карыстацца самагонкай.
Трэба было шукаць нейкага выхаду самым, самым здабываць патрэбныя лекі й мэдыкамэнты, каб нейк ратаваць нашых хворых, каб ахаваць жыхарства ад эпідэміяў. Сьцежку ў гэтым кірунку нам паказалі спэкулянты, якія пакрысе дастаўлялі розныя лекі амаль з усёй Эўропы. Вось дачуліся мы, што ў жыдоўскім геце ў Вільні за сала й грошы можна дастаць марлі. Пасылаем туды др. Науміка. Знайшоў ён прадаўца, але марлю цяжка вынесьці з гетта. Нашаму прадаўцу прыйшлося накручваць вакол свайго цела магутны бандаж марлі ды выходзіць разам зь іншымі Жыдамі «на працу». Ён пасьля адлучаўся ад свае групы, прыходзіў на кватэру др. Науміка ды там «танчэў». Адна гэткая «ноша» давала здабычу марлі на соткі мэтраў. Так др. Наумік за колькі дзён здолеў сабраць да 5000 мэтраў гэтага каштоўнага нам матэрыялу, чаго нашаму шпіталю хапіла на даўжэйшы час.
Наркозу, марфіну, гіпс і сыраваткі мы здабывалі ад Немцаў «чорным» спосабам. За 1 кг сала, прыкладам, хворы мог дастаць зь нямецкага вайсковага шпіталю даволі гіпсу на зламаную канцавіну. Сваякі хворага хадзілі туды з салам ды прыносілі гіпс. Выпісвалі мы таксама рэцэпты на лекі, якіх нідзе ня можна было дастаць, а толькі ў нямецкіх ваенных шпіталях. Доўгі час, за тое-ж сала, іх даставалі сваякі хворых. Аж і ў Немцаў, відаць, зь лекамі ды мэдыкамэнтамі стала крута, бо ў 1943 годзе мы дасталі ад нямецкіх уладаў востры ліст, каб не пасылалі больш у нямецкія шпіталі па мэдыкамэнты «айнгаймішэ» — мясцовых людзей.