Выбрать главу

Што было рабіць? На нарадзе лекараў было пастаноўлена выслаць да Варшавы, з большай сумай грошаў, мяне для закупу мэдыкамэнтаў. Дастаў я фікцыйныя дакумэнты для падарожжа й 40 тысяч нямецкіх акупацыйных марак у пяцідзясятках, прывязаў іх да ног пад шкарпэткі ды паехаў.

Падарожжа, аказалася, было ня гэткім простым і лёгкім. Наш цягнік спыніўся ў Ваўкавыску, дзе, пасьля далучэньня Беласточчыны й Горадзеншчыны да Прусаў, праходзіла мяжа Райху. Нас усіх высадзілі ды пагналі ў дэзінфэкцыйную камору. Я быў проста ня свой ад страху, што магу згубіць грамадзкія грошы ды яшчэ лучыць, як спэкулянт, у кацэт.

Пра ўцёкі ня можна было й думаць, бо нас гналі пад паліцыйнай старожай. У дэзінфэктары- «вашабойцы» — я неяк захінуўся ў куток, жмут марак скруціў у хустачку ды паклаў, разам з дакумэнтамі, у торбачку, якую мне на гэта далі. Торбачку моцна завязаў ды падаў у вакенца, зь «вясёлай» мінай, Немцу, інваліду, з вуснай анатацыяй: «Прашу ня згубіць, тут мае важныя асабістыя дакумэнты».

— Гут![17] — сказаў Немец і даў мне зялёны нумарок, мой-жа мяшочак даволі падазрона супачыў на паліцы.

Нашая вопратка на возіках паехала ў парнікі, а мы сунуліся пад прышніцы. Быў тады красавік, — даволі холадна й у гэтай нямецкай лазьні, а тут яшчэ й халодная вада! Людзі зрабіліся бела-сінімі ды не маглі паўстрымаць дрыготак і лясканьня зубамі. А тут і новая праблема: да двух гадзінаў давялося нам голым чакаць у чарзе, каб дастаць сваю здэзінфэкаваную вопратку.

Ды ўрэшце ўсё-ж дастаў я й вопратку, і сваю найбольшую турботу — гэны «падазроны» мяшэчак. Аказалася ўсё ў парадку. Дарма я нэрваваўся. Тады ў мяне мільганула думка: а Немцы ўсе-ж здысцыплінаваны народ! Мой «скарб», ведама, ізноў пайшоў на сваё месца — пад шкарпэткі. Ды тут перад намі яшчэ мытная рэвізія. Пры сабе можна было мець толькі 250 марак. Але й там усё прайшло гладка.

У ВАРШАВЕ

Варшава, якую я добра ведаў зь перадваенных часоў, кінулася мне цяпер у вочы як абяднелая, абдзёртая, аднак-жа рухлівая, спэкулянцкая. Усе ўсюды нешта прадавалі. Мне сулілі нават медзь і цыну для спайкі катлоў.

Спыніўся я ў гатэлі, на вуліцы Кашыковай, непадалёк ад цэнтральнай станцыі. Чароды рыкшаў стаялі на скрыжаваньнях вуліцаў. Немцы, як авечкі, хадзілі малымі стадамі. Гатэль не абаграваны, цемната ўвечары, і трэба было сьвечкі, каб не разьбіць лобу ў сваім пакоі. За добрыя грошы аднак-жа можна было дастаць сьціплую ежу. На калідоры вечарам былі чутны крыкі жанчын, якіх атакавалі нейкія напасьнікі. Па-за будынкам грымелі стрэлы.

Я зьвязаўся з знаёмымі й яны мне парадзілі, каб нямецкія маркі зьмяніў на польскія злотыя, бо тады будзе лягчэй купіць лекі. У гэным якраз часе быў пагром францускіх спэкулянтаў у Варшаве й мае 50-ткі моцна падупалі. Я пайшоў на пляц Напалеона, дзе адбывалася падпольная спэкуляцыя ў вострых нямецка-шпіёнскіх умовах. Вось там я, адзеты не падазрона, чую словы тыпа:

— Купуен, купуен…[18]

— Купуеце немецке маркі? — кажу.

— Купуен! — пачуўся адказ.

— Спшэдаен![19] — мой адказ.

— Ходзь, пан! — кажа да мяне мой бяседнік.

Мы адышлі ў суседні завулак ды коратка абмяняліся думкамі: хто прадае, хто купляе. Я сказаў, што я варшавяк, але цяпер прыехаў з Усходу і не для нейкай там спэкуляцыі, а каб за вымененыя грошы купіць вельмі патрэбныя лекі.

Тады спэкулянт сказаў мне ісьці ў другі завулак. Там ён зьнік на хвіліну, а пасьля да мяне падышоў нейкі Паляк, відаць з падпольля ды прасіў ісьці за ім. Спыніўся ён пад сходамі нейкай сталоўкі, дзе круціліся два тыпы, сачылі транзакцыю. Паляк сказаў, што заплаціць за марку па 3,2 злотых. Я перадаў яму 40 000 марак, а ён мне 128 000 злотых. Падзякаваўшы адзін аднаму, мы разышліся.

Цяпер я прыступіў да рэалізацыі маіх мэдычных заказаў. Найперш купіў пінцэты, скальпэлі, шоўк, кэтгут, ды іншыя мэдычныя рэчы. Да мяне ў гатэль увесь час званілі тэлефоны з рознымі прапановамі. Добрым дарадцам быў для мяне мой сябра, Беларус, Ч. Халяўка, які тады жыў у Варшаве ды стараўся мне дапамагчы. Між сваімі здабычамі я меў вельмі для нас каштоўныя лекі: 300 гр. кокаіны, 300 гр. марфіны й хініны, 100 бутэлек этэру й 100 бутэлек хляраформу — на пару сотняў апэрацыяў — тысячы таблетак сульфанамідаў, 10 кг. гіпсу.

Найцяжэй было дастаць дыфтэрытную сыраватку, бо яе трэба было або даставаць ад Немцаў, якія кантралявалі Варшаўскі Інстытут Сыраватак, або ад іх выкрадаць. Я ўжо дамовіўся з Палякамі, што дастану 50 мільёнаў адзінак гэтай сыраваткі, і паехаў яе забіраць, але яе перахапіў нехта іншы і я мог купіць толькі 2 мільёны адзінак.

вернуться

17

Добра!

вернуться

18

Купляю, купляю…

вернуться

19

Прадаю!