Не зважаючы на розныя няўдачы, пры выезьдзе з Варшавы ў мяне сабралася 6 цяжкіх пачак, якія я ледзь мог падняць. Польскі рыкша адвёз мяне на станцыю ды памог пакласьці ў вагон. У руках трымаў добра апанаваны этар і хлёрэтыль, бо каб часам гэтыя бутэлькі разьбіліся, выбух ад аднае іскры мог-бы забіць і папаліць шмат людзей.
Каля Лукава ў цягніку пасвабаднела. Але мае думкі былі ўжо ў Берасьці — кантрольнай станцыі на Ўсход. Прыехалі мы на гэтую гранічную станцыю каля 2-й гадзіны ночы, і, аказалася, ніхто не адважыўся памагчы мне перанесьці мае рэчы, хоць я абяцаў заплаціць цыгарэтамі. Так і застаўся на плятформе бездапаможны. Аж тут ідуць два чыгуначнікі. Я ім перадаў па пачцы папяросаў і порцыю хлеба з просьбай памагчы ў пераносе майго багажу, і яны мне дапамаглі.
Мытнікі, пабачыўшы маю цяжкую ношу, аж засьмяяліся. Я аднак-жа тыцнуў ім пад нос мае нямецкія дакумэнты, якія сьцьвярджалі патрэбу пропуску «дэзінфэктараў» і «мэдыкамэнтаў» у акругу Беларусь. Мытнікі кожную рэч пераглядалі, нюхалі, бурчэлі «фэрботэн»[20], а ў душы ў мяне тымчасам бушавала бура. Я ня вытрываў, ды сказаў:
— Майнэ гэрэн![21] Вязу гэта ўсё я не для сябе, але для Акруговага Шпіталя ў Баранавічах! Там шалее эпідэмія тыфу, якая пагражае нямецкаму войску, і нямецкія ўлады загадалі нам змагацца зь ёю. І вось я тут і вязу, што можна, для барацьбы з гэтай эпідэміяй. Калі вы хочаце сканфіскаваць гэтыя лекі, дык прашу на кожны лек выставіць мне адпаведны сэртыфікат, што яго вы не прапусьцілі.
Немцы былі заскочаныя як бараны. Яны маўчалі, махалі толькі рукамі, ды адышлі з лаянкай. Я, пабачыўшы гэта, пачаў укладаць свае рэчы ў пачкі. Гэтак лекі ўдалося ўратаваць і я іх усе даставіў у баранавіцкі шпіталь.
Аднак сыраваткі супраць тыфу хапіла ледзь на колькі тыдняў. Ізноў бяда, ізноў нарада. У выніку яе др. Наумік едзе аж да Пазнаня, дзе на фікцыйныя дакумэнты дастае ды прывозіць да Баранавіч аж 6 мільёнаў адзінак сыраваткі. Гэтак эпідэмію ў Баранавіцкай акрузе мы прыглушылі.
Пасьля 7 месяцаў, шукаючы патрэбных лекаў, я ізноў наведаў Варшаву. Цяпер мы схітравалі: 50 000 нямецкіх марак перавёз нам Немец Франц, купец з Гамбургу. Пасьля ізноў былі камбінацыі зь Немцамі: рэдкія ды важныя лекі, як сыраватка, наркотыкі й падобнае, перавезьлі нямецкія купцы зь фірмы «Фон Анан», я-ж гэтым разам вёз толькі наркозу, дык «знаёмыя» мытнікі на граніцы, пазнаўшы мяне, толькі сьмяяліся.
Будучы ў Варшаве, я адведаў др. Шчорса, які тады быў старшынёй Беларускага Камітэту ў Варшаве ды адначасна асыстэнтам на хірургічным аддзеле нямецкага вайсковага шпіталю. Ад яго я даведаўся, што лік сяброў у Камітэце, не зважаючы на выезд шмат якіх на працу ў Беларусь, увесь час павялічваецца, і ў 1943 годзе даходзіў да 5000. У мяне тады паўстала думка: скуль гэта ў Варшаве гэткі беларускі зрух? Перад вайной там у Беларускім Камітэце было толькі 150 сяброў. Ці не налазяць у Камітэт правакатары й шпіёны, каб пад беларускай шыльдай гробіць Беларусаў? Я др. Шчорсу не казаў, што сытуацыя ў ягоным Камітэце выглядае мне вельмі падазрона ды што ў Баранавічах да маіх вушэй даходзілі чуткі пра выпадкі, калі з дакумэнтамі гэтага Камітэту ў Беларускую акругу прыяжджалі розныя правакатары тыпу Рымшы.
У Варшаве быў і кс. П. Татарыновіч, які ўцёк зь Беларусі. Ён спрабаваў у Варшаве адпраўляць каталіцкія службы для Беларусаў-каталікоў, але польскае падпольле загразіла яму карай сьмерці за беларускія казаньні. І гэта ў часе цяжкой трагедыі самога польскага народу, калі, пры падпольнай уладзе генэрала Бор-Камароўскага, ён Палякаў пхаў у трагэдыю паўстаньня.
Дык Палякі і ў часе вайны стараліся шкодзіць Беларусам як маглі: на нашых землях праз сваіх розных «фольксдойчаў», пры дапамозе сваіх перакладчыкаў пры Немцах, праз сваіх стаўленікаў у О.Т., ды праз сваё падпольле. Нават і ў сваёй сталіцы, дзе Беларусы нічым ім не маглі быць грознымі, яны ўсё-ж пагражалі сьмерцю беларускаму сьвятару за самую ягоную родную мову ў сьвятыні!
Ды ня ўсе перапужаліся. Марыянін, кс. В. Хамёнак, не спалохаўся пагрозаў і адпраўляў далей набажэнствы ў Варшаве для сваіх беларускіх суродзічаў, побач літургічнай мовы лацінскай, і ў мове беларускай.
Калі я ехаў назад да Баранавіч, ад Седльцаў да Берасьця ў адкосе ляжаў толькі адзін цягнік і адзін паравоз з прычэпкай. Ад Бугу-ж да Баранавіч налічыў я толькі па правым боку 12 паравозаў з колькімі вагонамі. Гэта значыла, што Палякі няшмат перашкаджалі Немцам перакідаць свае арміі ды зброю пад Сталінград, Маскву, Калінін. Дык бальшавіцкая партызанка ў Беларусі куды актыўней дэзарганізавала нямецкі транспарт, хоць тут што тры кілямэтры стаяў пры зялезьніцы абвалаваны бункер, а ў ім сядзела 35 чалавек нямецкай аховы. Быў гэта трэці, Гітлерам зусім непрадбачаны фронт.