У БАРАНАВІЦКІМ ШПІТАЛІ
Марозны вечар кастрычніка 1942 году. Я, як старшы дзяжурны, раблю вячорны абход. Раптам чую грукат грузавой машыны ды енкі людзей. Пад дзьверы шпіталя пад'ехаў нямецкі грузавік і Немцы сталі ўводзіць ды ўносіць хворых проста ў залю: усе былі параненыя і ўсе Жыды. Прывёз іх кіраўнік нямецкай рабочай кампаніі ТОД. Екалі яны вечарам з працы ваганеткай, на якой ляжала й рознае зялезьзе, наехалі на міну ды паляцелі ў адкос.
У аднаго паламаная нага, у другога рука, у трэцяга рэбры, у чацьвёртага толькі палец, тры-ж апошнія толькі пакантужаныя. Усе былі брудныя, абдзёртыя, галодныя ды перамёрзлыя. Прывёз іх Немец ды прасіў лячыць на кошт ТОД. Я што мог, тое даў хворым: іх абмылі, накармілі, зрабілі перавязкі, цяжка пашкоджаным далі ўколы ад болю. Нехта даў ім нават закурыць. Ляжаць яны й цешацца.
— Ну і скуль пан прыехаў? І гаворыце вы ня гэтак, як у нас. А я баранавіцкі бляхар. Уй, як у вас тут добра!.. — хоць, дзеля недахопу ложкаў, палавіна іх ляжала на падлозе.
Назаўтра раніцай хірургі ўзялі хворых у сваю апеку.
Але вось, каля гадзіны 11-й, урываецца на залю афіцэр СС ды грозна накідаецца на мяне:
— Чаму вы прынялі Жыдоў у шпіталь і далі ім дапамогу? Вы павінны ведаць, што Фюрэр забараняе даваць Жыдам якую-колечы дапамогу!
— Прыняў я іх на просьбу Немца з ТОД, бо яны патрабавалі лекарскай дапамогі, а ў нямецкіх пшіталях ім ня было месца.
Немец дзіка зірнуў на мяне ды гаркнуў:
— Колькі іх тут?
— Сем, — адказваю.
— Я хачу бачыць, як яны параненыя…
Я павёў афіцэра ў залю, дае ляжалі Жыды. Ад'ютант афіцэра загадаў Жыдам стаць на зважай. Усе паўскаквалі на ногі, толькі той, што меў паламаную нагу, змог толькі падняцца й сесьці ў ложку.
— Я хачу ведаць, як яны пашкоджаныя ды колькі часу трэба на лячэньне, — запатрабаваў Немец.
— Вось гэты мае пераламаную нагу, няздольны да працы тры месяцы, — інфармаваў я, а ад'ютант запісваў. — Гэты з рукой — два з паловай месяцы, гэты — два месяцы, а той з пальцам — шэсьць тыдняў.
— Генуг![22] — закрычаў Немец, ды яшчэ раз прыгразіў мне пальцам, каб я больш ніколі не асьмеліўся перахоўваць у шпіталі Жыдоў.
Гадзіну пазьней прыехалі нямецкія аўтамашыны ды Жыдоў пазабіралі. Назаўтра мы даведаліся, што трох цяжка калечаных СС замардавала, чатырох-жа іншых паслалі назад у рабочыя каманды.
У першыя дні лістапада ў шпіталь прыбылі два пацыенты з пастрэльнымі ранамі: адзін старэйшы меў пераламаную куляй руку, другі-ж, хлапец гадоў 14, прастрэленую нагу. Гэтыя пакалечаныя зацікавілі ня толькі шпітальны пэрсанал, але й шырокія колы грамадзтва, бо параненыя яны былі ў той перастрэлцы нямецкіх «паляўнічых» з партызанамі, у якой загінуў заступнік Генэральнага Камісара Беларусі, а трох нямецкіх гасьцей з Остміністэрства Бэрліне было ладна напалоханых.
Ранены селянін, відаць напалоханы таксама, не сказаў мне ні слова, а з хлапчуком я разгаварыўся й ён мне расказаў:
— Нас раніцай узялі ў падводы. Было нас 9 падводаў.
— А колькі-ж было Немцаў? — пытаюся.
— Немцаў было чатыры й трыццаць паліцыянтаў. Паехалі мы ў лес за Сліняўку.
— А што тады?
— Немцы трубілі, палявалі, стралялі, прыносілі зайцоў, барсукоў, забілі нават адну лісіцу, а мы з паліцыянтамі ўвесь дзень з заду за імі езьдзілі з аднаго месца ў другое.
— А дзе-ж была перастрэлка?
— Як ехалі дамоў, на зьмярканьні. Адзін з нашых заўважыў партызанаў, як яны здалёку перабягалі, і кажа Немцу: «Там перабягаюць партызаны, глядзі, пан!» Немец нешта гаркнуў і мы ехалі далей. Калі ўехалі паміж двух гарбкоў, раптам партызаны закрычалі: «Рукі ўверх!» — ды пачалі па нас страляць. Коні спудзіліся, сталі кідацца ў бакі ды падаць. Паліцыя адкрыла агонь, аж вушы лопалі. Мы-ж паўскаквалі ў равы й хаваліся, як толькі мага. Мне нешта так моцна ўдарыла па назе, што я ня мог зварухнуцца ад болю.
— А што рабілі Немцы? — пытаюся.
— Павыскаквалі ў равы й стралялі. Толькі той, што быў ранены, зваліўся на дарогу ды равеў, як бык, аж пакуль не памёр. Коні паразьбягаліся, або біліся недабітыя й хрыпелі… Я ад болю больш нічога ня мог сьцяміць… Казалі толькі, што нашая паліцыя пайшла ў атаку й партызаны паўцякалі.
Вось гэтым адзіным сьмяротна раненым Немцам і быў заступнік генэральнага камісара Кубэ. Дык Немцы ня ведалі, што ў лесе за Сіляўкай сядзяць ня толькі зайцы й барсукі, але й яшчэ нехта. А нават калі Беларус ім пальцам тыркаў, што вось там партызаны, яны не зважалі, хоць на іх палявалі, як на кабаноў.