Выбрать главу

— Мне нужно подправіць дакумент!

— Што-ж гэта ў вас за новая праблема?

— Бальшая праблема! — кажа, — У мяне пропуск: «Менск-Ліда», а мне нада ехаць в Ліцманштат! Понімаеце?

— Пакажаце свой пропуск.

Крайноў паказаў, а там маршрут запраўды «Менск-Ліда».

— Дык вы хочаце ў Ліцманштат? — пытаюся.

— Але. Так нада справіць дакумент!

Я кажу, што гэта даволі небясьпечна, бо Немцы могуць заўважыць ды не прапусьцяць.

— Чепуха! — кажа ён. — Немцам цяпер ўсё роўна якая паперына! Пішы лацінкай: Менск-Ліцманштат, ды не разяўляйся!

Хутка хлопцы Міхайлава раздабылі чорнае чарніла й пяро і «Ліду» я пераправіў на «Ліцманштат». І вось мы, «адзінаццаць» чалавек, едзем на няўдала падробленым пропуску ў Райх!..

На пагранічнай станцыі Малкіня пачалася авантура. Стары нямецкі падафіцэр, чытаючы наш пропуск, абурыўся:

— Што тут накрэмзана? — пытаецца.

— Ліцманштат, — кажу я і паясьняю: — Ведаеце, на Ўсходзе ня ўсе ведаюць, як напісаць «Ліцманштат»!

— Унгюльтіг![26] — закрычаў Немец.

— Гюльтіг![27] — крыкнуў Крайноў.

— Яволь, гэр маёр![28] — супакоіўся падафіцэр ды прыбіў пячатку.

Мы пастанавілі спыніцца па дарозе ў Варшаве, каб купіць нейкай ежы. Рэчы здалі на перахоў на варшаўскай Усходняй станцыі, ды я з жонкай і з Крайновымі пайшлі на памяшканьне др. А. Ефрэменкі, майго старога знаёмага. Але яго ня было дома. Служанка, аднак-жа, пазнала мяне ды ўпусьціла ў памяшканьне. Мы выкупаліся ды спакойна пераспалі ноч.

Назаўтра я пайшоў на рынак на Карцэляку. Там торг быў у поўным ходзе. Прадавалі лахмоцьце, абутак, мяса й сьвініну, але толькі за «цьвёрдую» валюту. І вось я за 5 рублёў золата купіў 20 кг саланіны. Гандляры пыталіся, мо хто з уцекачоў і заўтра захоча купіць больш сала. Я прывалок цэлы чамадан сала, а Крайновы аж падскаквалі з радасьці, што гэткая нагода. На другі дзень я іх завёў да таго прадаўца й яны запасьліся таксама.

Добра закусіўшы, Крайноў выказаў жаданьне пайсьці ў места, каб купіць запасныя чаравікі, паколькі іхны мяшок з абуткам недзе ў дарозе прапаў. Мы пайшлі на Кракаўскае прадмесьце, дзе я ведаў шаўца з даваеннага часу. Па дарозе пабачыў шмат маладых Палякаў з загарэлымі тварамі, якія нейк скоса пазіралі на маёра Крайнова. Зайшлі да шаўца ды купілі абутак. На адыход шавец адвёў мяне на бок ды кажа:

— Пане, небэсьпечне ходзіць з тым маёрэм! Могот застшэліць! Ту дужо нашэго войска, бэндзе повстане…[29]

Вечарам мы выехалі з Варшавы ды за колькі ўжо гадзін былі ў Лодзі. Сала, пры дапамозе нашых юнакоў, мы перакінулі праз паркан, ды з рэштай багажу пайшлі на кантрольны пункт. Тут забралі ў мяне пісталет ды дакумэнт на яго, усе кніжкі, уключна з мэдыцынскімі, прапускны-ж дакумэнт аштамплявалі, як больш няважны.

Цяпер нашая кампанія паменшала на 5 чалавек. За др. Крайновым мы пайшлі да ягонага прыяцеля, фольксдойча зь Менску, Шлямовіча. Прыняў ён нас вельмі гасьцінна. У гутарцы выявілася, што і ў Лодзі Палякі бубняць аб паўстаньні. Але Шлямовіч успакойваў, што тут Немцы добра арганізаваныя ды ўзброеныя, дык дадуць сабе раду, хоць на аднаго Немца прыпадае трох Палякаў.

Адпачыўшы, я наведаў Беларускі Камітэт у Лодзі. Тут я даведаўся аб палажэньні, пачуў, што палк. Кушаль зь некаторымі адзінкамі БКА і паліцыі, цяпер у Ўсходніх Прусах, і што Палякі ўзьнялі паўстаньне ў Варшаве. Дастаў таксама прыватны адрас Р. Астроўскага ў Лодзі.

У Р. Астроўскага я сустрэў ягонага зяця др. Мінькевіча, які бядаваў, што сала ў цэбрах у дарозе ад гарачыні папсавалася… Прэзыдэнт-жа казаў, што выбіраецца да Бэрліну, дзе ёсьць магчымасьць актывізаваць БЦР у выглядзе экзыльнага ўраду для арганізацыі беларускае дывізіі, моладзі, выдаваньня прэсы, арганізаваныя беларускіх уцекачоў, работнікаў.

Пасьля я адведаў др. Науміка, які тут працаваў у шпіталі. І я дастаў становішча асыстэнта ў гарадзкім шпіталі. Здавалася, што ўсё ідзе складна, аж тут — на табе! — новая загваздка! Мы абодва дастаём нямецкі загад ехаць у хуткім часе ў Гольдап у Ўсходніх Прусах, дзе стаіць нейкая часьць РОА. Мы абмеркавалі сытуацыю: Екаць у расейскае войска й то на самы фронт! — Праваліся ты! Але як уцячы з гэтага места? І тут аказаліся важнымі старыя знаёмствы. Наумік кажа:

— Справу спарадкуем! Цяпер вайна, балаган! Хто будзе нас нукаць? Я тут маю аднаго знаёмага СДоўца з Баранавіч, які з групай беларускіх супрацоўнікаў даглядае карны лягер. Ёй мае пячаткі СС і, думаю, дасьць нам пропускі. Адно, трэба літар гарэлкі…

Дык вось мы купілі ў спэкулянтаў два літры водкі й пайшлі да яго. Прыняў ён нас вельмі ветліва, мы-ж з свайго боку бутэлькі адразу на стол. Знайшлася добрая закусь. П'ём, жартуем, пытаемся аб палажэньні. Немец, падпіўшы, кажа:

вернуться

26

Не сапраўдны!

вернуться

27

Сапраўдны!

вернуться

28

Так ёсьць, спадар маёр!

вернуться

29

Пане, небясьпечна хадзіць з гэтым маёрам! Могуць застрэліць! Тут шмат нашага войска. Будзе паўстаньне…