— Беларусаў я люблю лепш за сваіх, нашая прыязьнь добра замацавалася ў Баранавічах. Таму вам ня раджу сядзець доўга ў гэтым горадзе. Бальшавікі ўжо стаяць на Вісьле. Рыга ўжо ў безнадзейным змаганьні, цяжкія баі ўва Ўсходніх Прусах…
— Дык куды-ж нам уцякаць? — пытаемся.
— Куды хочаце! Я вам дам пропускі.
Я зь месца выкрыкнуў:
— Мюнхэн!
Аднак Наумік кажа:
— Што там Мюнхэн! У Вене жыве наш граф Асінскі, мае пяць пакояў! Нядаўна гасьціў у нас ды запрашаў да сябе!.. Вып'ем, гэр Шульц, за Вену!
— У Вену хочаце? Чаму не!
Ён хутка сеў за пісьмовы стол ды выпісаў нам падарожныя пропускі з Лодзі да Вены, з тэрмінам на тры месяцы.
На другі дзень мы ўжо сядзелі ў 2-й клясе цягніка, што ішоў да Вены. Раніцай выселі на Франц Езэф станцыі. Тут адпачылі й каля 9-й гадзіны павалакліся шукаць возьніка, каб дабрацца да графа Асінскага. Натрапілі на аднаго, кажа — сядайце. Пытаецца:
— Куды ехаць?
— Драхэн гассэ З, — кажу.
А ён:
— Выбачайце, — кажа, — я такой вуліцы ня ведаю.
Мы да другога, да трайнога, — тое самае. Нарэшце адзін дадумаўся, што мы вымаўляем «хох дойч»[30] ды нас паправіў: «Дрохэн госсэ!» Ён нас завёз на гэты малюсенькі завулак, дзе пад нумарам 3 стаяла невялікая хаціна, у якой «граф» Асінскі займаў адзін пакой, і то на супалку зь нейкім іншым.
Асінскі зьбянтэжыўся гэткай нечаканасьцяй ды адправіў нас у Беларускі Камітэт, што быў непадалёк. Мы завалакліся туды, а там, у маленькім пакойчыку, ягонае «бюро». Ён перапрашаў нас за сьціпласьць ды даў адрас у Кайзэргоф гатэль. Там мы добра адпачылі ды на другі дзень наведалі былога консула БНР у Вене, старэйшага ўжо ды хворага на сэрца чалавека, прозьвішча яго ніяк не памятаю. Консул прыняў нас вельмі ветліва й гасьцінна. У бяседзе ён выказаўся:
— Цяперашняя вайна, гэта другі трагічны акт у гісторыі нашага народу, пры нямецкім у ім удзеле. Цяжка спадзявацца хутка нейкае паправы. З ваеннага змаганьня прыйдзецца пераходзіць ізноў на культурны фронт…
І пэрспэктывы запраўды ня было відаць. «Нямеччына сама ў моцных клешчах двух саюзных франтоў. Што нам рабіць?» — думаю, вярнуўшыся ў гатэль. Чуваць, што Немцы хочуць тварыць беларускую дывізію. Ды што значыць адна, дзьве, тры чужанецкія дывізіі, калі вялізарная нямецкая ваенная машына крышыцца кожны дзень, як пясчаная скала! Нам застаецца адно — перакідацца на бок заходніх Аліянтаў ды шукаць там грунту для нейкай успамогі беларускаму народу, які ня можа, не павінен загінуць у жорнах расейска-бальшавіцкае навалы. Таму я й падаўся далей на захад, каб у вольным сьвеце далей працаваць, пад Знакам Пагоні, для дабра й будучыні свайго народу.
ПАСЛОЎЕ
Вялікая бітва за Беларусь у Другой Сусьветнай вайне, ад 23 чэрвеня да 10 ліпеня 1944 году, была адной зь вельмі важных у гісторыі. У баёх тут ня пала столькі жаўнераў, як, прыкладам, пад Вэрдэнам або Сталінградам, ды вынікі яе былі катастрафічныя ня толькі для Нямеччыны, але й для ўсяе ўсходняе ды паўдзённае Эўропы.
На паўночны ўсход ад Менску, па лініі Віцебск, Ворша, Магілёў, абаранялі Беларусь 41 добра ўзброеная нямецкая дывізія. Бальшавікі сканцэнтравалі тут аднак-жа сілы ў чатыры разы большыя, і яны хутка праламалі фронт на поўначы ў кірунку Сянно, Бешанковічы на Полацак, ды на поўдні, ніжэй Магілёва, у кірунку Слуцак — Баранавічы. Сталася гэта ў вялікай меры й таму, што нямецкі жаўнер, які праседзеў тры цяжкія зімы ў сьнягох Беларусі, меў ужо даволі вайны ды чакаў як найхутчэйшага яе канца.
Недахоп паліва тармазіў рухі нямецкага войска, паралізаваў агрэсыўнасьць нямецкага лятунства. Гітлер, да гэтага, згубіўшы каля 40 % сваёй арміі, адчуваў востры недахоп рэзэрваў і ня меў ужо сілаў, каб блякаваць прарывы фронту. На ходзе ваенных падзеяў на ўсходзе пачаў моцна адчувацца й адкрыты Аліянтамі другі фронт на захадзе. Нямецкія саюзьнікі — Фінляндыя, Італія, Румынія, — пачалі адрывацца ад Нямеччыны. Найбольш-жа натуральныя саюзьнікі для змаганьня на ўсходзе — Беларусы, Украінцы, Расейцы, — адкінутыя Немцамі ў 1941 годзе, цяпер ня мелі ўжо ніякае магчымасьці ставіць бальшавіцкім гордам нейкі паважнейшы адпор.
На ўсход ад Менску пайшло ў палон 180 000 нямецкіх жаўнераў і ўся прастора ад Дзьвінска да Роўна сталася адкрытай. Немцы амаль бязь ніякіх баёў адступілі на лінію Нёману, Нарвы й Віслы. Тры прыбалтыйскія дзяржавы падзялілі лёс Беларусі. Немцы, праз барона Бэрнадотта, спрабавалі прасіць міру з Захадам. Гэтая ініцыятыва, як супярэчная мэтам захопніцкае палітыкі Саветаў у Эўропе, была станоўча адкінутая.