Выбрать главу

Уражлівы Людвік з дзяцінства палюбіў наднёманскія прасторы, беларускія палі і бары. Разам з сялянскімі дзецьмі ён часта ездзіў на начлег і слухаў там купальскія песні ды мясцовыя легенды. У сваёй гутарцы «Кавалак хлеба» Сыракомля потым напіша, што ўжо з самых юных год ён навучыўся распазнаваць па водару беларускія лугі, па шуме — дрэвы з палескіх бароў, па смаку — нёманскую вадзіцу. І нават вецер з наднёманскіх ваколіц грудзі лёгка адрозняць ад ветру з чужых краін. Што ж датычыцца паездак; на начлег, то праз дваццаць год паэт вельмі вобразна апіша іх у гутарцы «Народжаны Ян Дэмбарог», створанай пад яўным уздзеяннем міцкевічаўскага «Пана Тадэвуша».

Кім жа быў Уладзіслаў Сыракомля па нацыянальнасці? Сёння думкі даследчыкаў расходзяцца: адны лічаць яго палякам, другія — беларусам, трэція — літоўцам. Хто ж мае рацыю? На першы погляд, тыя, хто залічвае Сыракомлю да палякаў: пісаў жа ён у асноўным на польскай мове... Аднак сам паэт называў сябе літвінам, у палеміцы часта падкрэсліваў розніцу паміж тэрыторыяй былога Вялікага княства Літоўскага і польскай «Каронай». Ці вынікае з гэтага, што Сыракомля быў па паходжанню літоўцам? Не, ні ў якім выпадку. Як бачна з дарожных нататак «Экскурсіі па Літве ў наваколлях Вільні», літоўскай мовы пісьменнік не ведаў і не разумеў. Пабываўшы ў вёсцы Ляляны, ён занатаваў: «Па вуліцы бегалі дзяўчаты і дзеці, якія гаварылі на літоўскай мове, на жаль, незразумелай для нас, тых, хто піша гістарычныя літоўскія паэмы». І далей, пра Стоклішкі: «Літоўцы з цяжкасцю разумелі, пра што мы пытаем...; тут упершыню я меў магчымасць убачыць аблічча чыста літоўскай вёскі». І яшчэ: «Літвін, на чыста літоўскай зямлі, я не мог разгаварыцца з літвінам».

Як бачна, Сыракомля разумеў Літву не як этнаграфічнае, а як гістарычнае паняцце, як землі былога Вялікага княства Літоўскага. На самай справе паэт паходзіў з дробнай беларускай шляхты, апалячанай на працягу XVII і XVIII стагоддзяў. Пра гэта сведчыць і беларуская назва родавага герба паэта, якая стала яго псеўданімам («Сыракомля» — ад «сыры камель»), У асяроддзі апалячанай шляхты ўсё ж добра ведалі беларускую мову і карысталіся ёю ў штодзённым побыце. Вядомы лінгвіст Ю. Трыпуцька сцвярджае: «Можна катэгарычна гаварыць аб тым, што Сыракомля з дзяцінства быў двухмоўны, гэта значыць, што павінен быў валодаць беларускай мовай у той жа ступені, што і польскай». Зрэшты, тое самае сцвярджаў і сам паэт. Рэцэнзуючы ў 1855 годзе на старонках «Газэты варшавскей» «Вечарніцы» В. Дуніна-Марцінкевіча, ён прызнаваўся: «У мае дні маладыя, у мае шчаслівыя дні і я апрацоўваў наднёманскую ніву, і я навучыўся крывіцкае мовы і гаварыў на ёй з пэўнай элеганцыяй у час гутарак з сумленнымі сялянамі Жукавага Барка (вёска, дзе жыў сябар Сыракомлі А. Плуг.— А. М.). Жыццёвая бура выгнала мяне з той старонкі, аднак я настолькі помню гэту мову, што магу зрабіць чытачам сумленную справаздачу аб другім творы пана Марцінкевіча, якім з'яўляюцца «Вечарніцы». Крыху раней, у рэцэнзіі на «Гапона», Сыракомля даў вельмі высокую ацэнку беларускай мове: «Цудоўнае гэта адгалінаванне славянскай мовы — крывіцкі дыялект! І старое! Бо гэта — мова нашага Літоўскага статута, нашага заканадаўства на працягу двух стагоддзяў, XVI і XVII. А як шырока яна ўжывалася! Смела можна сказаць, што гаварылі на ёй тры чвэрці насельніцтва даўняй Літвы — народ, шляхта і паны. Пазбаўленая пісьменства, сёння гэта мова застаецца роднай памяткай толькі мужыцкіх хат. І пішуць на ёй, наколькі нам вядома, толькі два аўтары: адным з іх быў шкадуемы ўсімі Ян Чачот, другім жа з'яўляецца п. В. Д.-Марцінкевіч».

Урэшце аб тым, што Сыракомля добра ведаў беларускую мову і адчуваў сябе па паходжанню беларусам, красамоўна сведчаць беларускія вершы паэта. Два з іх — «Добрыя весці» і «Ужо птушкі пяюць усюды» — дайшлі да нашых дзён. Большасць жа загінула разам з паперамі сакратара Сыракомлі беларуска-польскага пісьменніка Вінцэся Каратынскага, пра якога гутарка пойдзе далей.

Аднак вернемся да дзіцячых і юнацкіх год пісьменніка. Яны прайшлі ў розных фальварках у наваколлі Слуцка і Нясвіжа — Яськавічах, Кудзінавічах, Мархачэўшчыне. У 1833 годзе бацькі аддалі дзесяцігадовага хлопчыка ў Нясвіжскую дамініканскую школу. Парадкі там былі сярэдневяковыя. За самую нязначную віну настаўнікі-манахі секлі вучняў розгамі. І толькі адзін настаўнік рускай мовы і літаратуры, успамінае Сыракомля ў гутарцы «Школьныя часы», з'яўляўся выключэннем: ён не зневажаў вучняў і знаёміў іх з творамі «айчыны Пушкіна і Жукоўскага».

Правучыўшыся тры гады ў Нясвіжы, будучы паэт чамусьці перайшоў у такую ж дамініканскую школу ў Навагрудку, дзе ў свой час вучыліся А. Міцкевіч і Я. Чачот. У 1837 годзе, атрымаўшы пасведчанне аб заканчэнні пятага класа, хлопчык вярнуўся дамоў і стаў памагаць бацькам па гаспадарцы. Такім чынам, небагатая школьная адукацыя Сыракомлі спынілася на чатырнаццатым годзе жыцця. Усе свае шматгранныя веды паэт здабываў пазней самаадукацыяй.