Выбрать главу
Сэрца, жыццё я аддаць гатовы, Пяю табе, мой народ шарачковы, Толькі з табой спадзяванні злучаю, Смутак і радасць, хвіліны адчаю. Подых палёў тваіх лашчыць аблічча, Песні я ў птаства твайго пазычу. Моваю сэрца хай думы бруяцца, Музыкай жніва, касцоваю працай. Хай пад страхою жабрацкай хаціны Верш прачытаюць браты-літвіны, Калі адчуюць брата ў паэце, Значыць, не марна жыў я на свеце. (Пераклад М. Лужаніна.)

Паэзія Сыракомлі была даспадобы шматлікім чытачам, таму што яны пазнавалі ў ёй саміх сябе, бачылі ў ёй адлюстраванне ўласных радасцей і нягод. «Водар штодзённасці, адчуванне жыцця ў яго паўсядзённых праявах, суровая праўдзівасць дэталей, гарачае спачуванне крыўдзе і страсны сацыяльны пратэст — вось тыповыя рысы творчасці Сыракомлі, творчасці рэаліста і грамадскага дзеяча»,— сцвярджае сучасны польскі даследчык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі ПНР за 1968 год Вацлаў Кубацкі.

Са сказанага зусім не вынікае, што Сыракомля быў нейкім прыземленым бытапісцам. Наадварот, яго творчае аблічча складвалася пад моцным уздзеяннем польскіх рэвалюцыйных рамантыкаў, у першую чаргу Адама Міцкевіча. Ад рамантызму ідзе пільная цікавасць паэта да народнага жыцця і народнай паэзіі, да гістарычнага мінулага сваёй краіны. Ад рамантычнай балады вядзе сваю радаслоўную славутая сыракомлеўская «гавэнда» (гутарка), дзе апавяданне часцей за ўсё вядзецца ад імя прадстаўніка народных мас, які многае пабачыў і многае разумее. Рэальнае, бытавое ў «гавэндах» прымхліва спалучаецца з нерэальным, казачным, народжаным народнай фантазіяй. Такім чынам, трэба пагадзіцца з польскім даследчыкам А. Драгашэўскім, што «паэзія Сыракомлі была рамантычнай, але без вулканічных пачуццяў і паднябесных узлётаў; гэта быў рамантызм, але ён не ведаў выключнага або складанага стану душы, рамантызм, які моцна трымаўся зямлі...».

І яшчэ адна рыса сыракомлеўскай паэзіі прываблівала чытачоў — яе страсны патрыятызм. Гэты патрыятызм быў не польскім ці літоўскім, а «лакальным», г. зн. беларускім. Паэт знаходзіў сваю затоеную прыгажосць у наднёманскіх краявідах, якія бліжэй яго сэрцу, чым праслаўленыя краявіды Францыі, Італіі, Швейцарыі («Музыка»), Любоў да айчыны супрацьпастаўлялася ўсяму чужаземнаму, касмапалітычнаму («Лялька», «Школьныя часы»), У гістарычным мінулым Беларусі і Літвы паэта прываблівалі тыя падзеі, якія сведчылі аб патрыятызме нашых продкаў у іх барацьбе з чужаземным ворагам, аб іх імкненні ахвяраваць сабой у імя вызвалення краіны («Маргер», «Марцін Студзенскі», «Вяльможы і сірата» або другая назва — «Соф'я, княжна Слуцкая», «Каспар Карлінскі» і інш.).

Жывучы ў Залучы, так хораша апаэтызаваным у вершы «Пра маю старую хатку», Сыракомля яшчэ бліжэй пазнаёміўся з беларускім фальклорам. Асабліва захапіў паэта тонкі лірызм беларускіх народных песень. Пад іх уздзеяннем з'явіліся вершы «Варыянт простанароднай песні», «Крук», «Доля», «Народная песня з ваколіц Вільні» і інш. Сучаснікаў паэта будзе ўводзіць у зман слова «літоўскі», якое стаіць у падзагалоўках гэтых твораў. Яны стануць здзіўляцца, чаму ім не ўдаецца адшукаць адпаведныя літоўскія песні. Загадка ж тлумачыцца проста: як ужо сказана вышэй, Сыракомля разумеў Літву толькі як гістарычнае паняцце і таму беларускія песні таксама адносіў да літоўскіх. Дарэчы, сённяшнія фалькларысты ўжо могуць указаць, якімі беларускімі крыніцамі карыстаўся паэт, пішучы названыя вышэй вершы.

Відаць, пад уплывам беларускай народнай песні Сыракомля і сам пачаў пісаць на беларускай мове. У 1848 годзе да Залуча дайшлі звесткі аб рэвалюцыйных падзеях у Францыі, аб сялянскіх паўстаннях у Галіцыі. Усхваляваны паэт адгукнуўся на іх беларускім вершам «Добрыя весці», які пазней, напярэдадні паўстання 1863 года, увайшоў у нелегальную брашуру. Аўтар цалкам салідарызуецца з тымі, хто «робіць вольных людзей з мужыкоў» — робіць рэвалюцыю:

Заходзіць сонца пагоднага лета, І веець вецер з заходніх нябёс, Здароў будзь, вецер! З далёкага света Добрыя ж весці да нас ты прынёс! Здаровы ж будзьце, эй, добрыя весці! Там, на Заходзе, праліваюць кроў, Б'юцца для славы, свабоды і чэсці І робяць вольных людзей з мужыкоў! Гудуць вясёла і песні і танцы У добрым жніве на шчаслівы год. Годзе вам, годзе, вы, цары-паганцы, Таптаць з балотам хрышчоны народ! Годзе вам, годзе ў яснай карэце — Годзе, чыноўнікі, ды ездзіць у двор! Годзе вам, годзе, мужыцкія дзеці, З хаткі астаткі браць на пабор!