Агінскі карэнным чынам змяніў выгляд Залесся. Побач са старым палацам быў збудаваны новы. Яго ўзвялі па праекту прафесара архітэктуры Міхала Шульца пад кіраўніцтвам віленскага губернскага архітэктара Іосіфа Пусэ. Побач са старым французскім паркам садоўнікі заклалі новы, англійскі. Крыху далей размяшчаліся батанічны сад, звярынец, аранжарэя. Усе дарогі, якія вялі ў Залессе, былі абсаджаны дрэвамі. Паабапал віднеліся маляўнічыя альтанкі і капліцы, пабудаваныя ў антычным стылі. У парку Агінскі загадаў устанавіць помнік свайму былому гувернёру Жану Ралею, а таксама камень у гонар свайго аднадумца Касцюшкі. Аднак гэты камень не звязаны з сустрэчай Агінскага і Касцюшкі, якая, калі верыць аднаму з артыкулаў у беларускім друку, адбылася ў Залессі. На самай справе Касцюшка тут ніколі не быў. Ён назаўсёды пакінуў славянскія землі ў 1796 годзе, Агінскі ж атрымаў Залессе толькі ў 1802 годзе.
Свой дзень Агінскі праводзіў прыкладна так. З раніцы праглядаў газеты, чытаў мастацкую літаратуру, у тым ліку і рускую, дыктаваў сакратару памфлеты і мемуары. Потым звычайна ішоў на шпацыр у бок Віліі. Часта заглядваў у вёскі, пад сялянскія стрэхі, і слухаў там народныя песні. Вярнуўшыся дамоў, пісаў музыку. І нічога дзіўнага, што ў творах, напісаных па класічных канонах, часам пачынала гучаць беларуская народная мелодыя. Юзаф Казлоўскі, які доўгі час выкладаў у Пецярбурзе, пазнаёміў Агінскага са скарбамі рускага меласу. Пад уплывам свайго былога настаўніка Агінскі апрацаваў некалькі рускіх і ўкраінскіх народных песень. Як сведчыць Ч. Янкоўскі, менавіта ў Залессі напісана большасць паланезаў Агінскага, у тым ліку — вядомы ўсім нам ля-мінорны («Развітанне з радзімай»). Сённяшняму слухачу Агінскі вядомы пераважна па адным гэтым творы, адным з многіх, якія ўвайшлі ў два віленскія зборнікі 1817 года, выдадзеныя ў карысць дабрачыннага таварыства.
Агінскаму робіць гонар тое, што ён разабраўся ў сутнасці падзей 1812 года. Нягледзячы на ранейшую дружбу з Напалеонам, у дні Айчыннай вайны кампазітар рашуча стаў на бок рускага народа. Па дарозе з Залесся ў Мінск Агінскі запісаў у дзённіку, што Напалеону ніколі не пакарыць Расію, бо ён не ведае яе «патаемных сіл», не ўлічвае «фатальнай любві маскоўскага народа да сваёй радзімы». Напалеон не мог дараваць Агінскаму такога ўчынку. У Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Літоўскай ССР мне ўдалося выявіць успаміны Леанарда Ходзькі, асабістага сакратара кампазітара. У іх прыводзіцца такі факт. Пры адступленні, у ноч з 2 на З снежня 1812 года, Напалеон спыніўся нанач у маладзечанскім замку, дзе тады дажываў свой век дзядзька Агінскага, і пачаў папракаць старога за тое, што яго пляменнік аказаўся «здраднікам», перайшоў на бок рускіх. На гэта стары слушна заўважыў, што французы прыйшлі і цяпер уцякаюць, народ жа застаецца, застаецца Расія, і таму Міхал Клеафас, Агінскі паступіў правільна, як патрыёт, калі ў цяжкую для славянскіх зямель часіну прымкнуў да рускіх сяброў. Раззлаваны імператар ляпнуў дзвярамі, але нічога не пасмеў зрабіць хвораму субяседніку. Вярнуўшыся ў свой пакой, Напалеон дзве гадзіны паліў паперы, а затым заснуў на канапе. Князь Каленкур, які сцярог сон імператара, узяў вугаль і напісаў на каміне па-французску: «Напалеон І». Трэба ж было здарыцца, што праз суткі ў тым жа пакоі і на той жа канапе адпачываў Кутузаў. Убачыўшы надпіс на каміне, ён дабавіў: «et dernier» — «і апошні».
Вядома, як прадстаўнік свайго часу і свайго класа, як сенатар царскага сената, Агінскі часта памыляўся. Ён спачатку пераацэньваў ролю Напалеона, а потым Аляксандра І. Але ў рашаючыя хвіліны ён быў з народам, з рускімі сябрамі. Аб радыкалізме Агінскага сведчыць той факт, што ён часта заступаўся за прыгонных беларускіх сялян. Так, 18 студзеня 1812 года ён накіраваў Аляксандру І спецыяльнае пасланне, у якім звяртаў увагу, што пасля засухі сяляне галадаюць, што ім няма чым сеяць. Такое ж пасланне было адпраўлена ў наступным годзе. У ім выказваецца прапанова, каб для сялян, якіх аграбілі французы, зменшылі падаткі. У сваіх мемуарах Агінскі пісаў: «Агульная беднасць народа ў Літве (г. зн. у Беларусі.— А. М.) выклікала ў мяне пачуццё жалю».
Беларускую зямлю Агінскі пакінуў назаўсёды ў 1822 годзе. У сувязі з гэтым трэба прызнаць фантазіяй сцвярджэнне, якое нядаўна прамільгнула ў беларускім друку, нібы ў Залессі жыве сучаснік Агінскага, нехта Дудка. У дзяцінстве ён быццам бы іграў на скрыпачцы самому кампазітару, той пахваліў яго, пагладзіў па галоўцы, а вось цяпер яго сын пайшоў у першы клас музычнай школы і хораша іграе на баяне гэты самы паланез... Узнікае пытанне: колькі ж год павінна быць таму калгасніку?! Гэта, так сказаць, з галіны кур'ёзаў. Дарэчы, розных кур'ёзаў было поўна і ў жыцці кампазітара. Адзін з выдадзеных за граніцай паланезаў суправаджаўся гравюрай, на якой аўтар... страляў сабе ў скронь. У лонданскіх газетах паведамлялася, што Агінскі загінуў, перапраўляючыся з сям'ёй праз Ла-Манш. Кампазітар весела смяяўся над такімі легендамі, але яны, на жаль, датрывалі да нашага часу.