А якая радасць ахоплівала Стася, калі бацькі, едучы на некалькі дзён у Смілавічы, у госці да дзядзькі, бралі яго. з сабой! Дзядзька жыў у палацы, які раней належаў Міхалу Агінскаму. Хлопчыка асабліва вабіў старадаўні гадзіннік. Казалі, што гэты гадзіннік, заведзены невядомай рукой, у поўнач адзвоньвае дзівосную мелодыю. Стасю вельмі хацелася пачуць яе. Аднойчы, калі ўсе заснулі, ён устаў з ложка, крадком прабраўся да гадзінніка і сціх у чаканні. І раптам Стасю здалося, што пакой напаўняецца таямнічымі гукамі. У начной цішы чуўся сярэбраны бой. Аднекуль разам з месячным святлом плыў казачны перазвон курантаў. Той самы перазвон, які многа год пазней загучаў у паланезе з трэцяга акта оперы «Страшны двор»...
Хлопчык рос. Каб даць яму адукацыю, з верасня 1830 года Манюшкі пасяліліся ў Мінску — спачатку ў драўляным доме Клімавіча на рагу вуліц Валоцкай і Дамініканскай, а потым у камяніцы Паляковай на Высокім рынку. Стась паступіў у мясцовую гімназію, стаў вучыцца музыцы ў Дамініка Стафановіча, брата вядомага ўжо нам дырыжора тэатральнага аркестра. У доме на Высокім рынку збіралася мінская інтэлігенцыя. Прыходзіў стары музыкант і масон Пётр Карафа-Корбут. Наведваліся мастакі Валянцін Ваньковіч і Ян Дамель. Асяроддзе, у якім фарміраваўся талент Манюшкі, было багатым культурнымі традыцыямі. Аднак востра адчуваўся прыгнёт рэакцыі. Пасля паражэння лістападаўскага паўстання 1831 года бацьку будучага кампазітара звольнілі са службы. «На некалькі наступных год ціхі домік Манюшкаў у Мінску пакрыла цень лістападаўскай ночы»,— піша ў сваёй манаграфіі прафесар Рудзінскі. Вясной 1835 года Стась быў вымушаны пакінуць гімназію. Вучыцца прыйшлося спачатку ў суседняй Вільні, затым у Берліне.
Закончыўшы ў 1840 годзе вучобу, Манюшка вярнуўся ў Вільню і ажаніўся з Аляксандрай Мюлер. Малады кампазітар зарабляў сабе на хлеб прыватнымі ўрокамі, а па нядзелях іграў у касцёле святога Яна на вялікім аргане, перавезеным сюды з Полацка. Выкраіўшы ж свабодную хвіліну, браўся за пяро і пісаў аперэты, кантаты, рамансы. Адну з аперэт, «Латарэю», у 1843 годзе з поспехам паставіла ў Мінску вандроўная трупа немца Шмідткопфа. Яна прывезла сюды для прэм'еры таксама чатырохактовую драму Анісе «Каспер Хаўзер». Музыку да драмы напісаў Манюшка. 16 лістапада 1843 года кампазітар паведамляў сям'і, што «Латарэя» мінчанам спадабалася. Варта адзначыць, што ў 1843 годзе ў Мінску Станіслаў Манюшка выдаў два сшыткі эцюдаў для фартэпіяна.
У пачатку 40-х гадоў завязалася дружба Манюшкі з Дуніным-Марцінкевічам. У выніку на свет з'явіліся чатыры названыя ўжо камічныя оперы. У 1843 годзе Манюшка пісаў жонцы пра адну з іх, «Цудоўную саду»: «...Першы акт ужо цалкам гатовы, а і другі, амаль увесь у чарнавіку, засталося толькі інструментаваць». Найбольшым поспехам, акрамя «Рэкруцкага набору», карысталася двухактовая «Сялянка», у якой сяляне гаварылі па-беларуску, а паны — па-польску. «Сялянка», відаць, была напісана ў 1844 годзе. Ва ўсякім выпадку, 23 мая 1844 года Альжбета Манюшка паведамляла жонцы кампазітара: «Марцінкевіч мяркуе ехаць сам і забраць (у Мінск.— А. М.) Стася — і яго цяжка пераканаць у іншым, бо ён абавязкова хоча паставіць сваю оперу на сёлетнім з'ездзе шляхты».
Аднак па невядомых нам прычынах першая пастаноўка «Сялянкі» адбылася толькі 9 лютага 1852 года. Сябры Дуніна-Марцінкевіча з энтузіязмам дапамагалі яму: Адам Шэмеш намаляваў дэкарацыі, у губернскай друкарні надрукавалі афішы. Для ўдзелу ў оперы пісьменнік прывёз сялянскі хор са свайго маентка Люцынка, а сам выступіў у ролі войта Навума. У дзень спектакля тэатральная зала ў доме Паляка, які, па сведчанню Рулікоўскага, згарэў у 1889 годзе, была перапоўнена. Са сцэны гучала музыка, заснаваная на беларускіх народных мелодыях. У оперы гаворка ішла не толькі пра каханне Юліі да паніча Лятальскага, не толькі высмейваліся касмапаліты, якія адракаліся ад роднай зямлі. Вуснамі Навума Прыгаворкі і іншых сялян паэт скардзіўся на цяжкі прыгнёт. Вось чаму опера не спадабалася ўладам і была забаронена. Праўда, яе ўсё ж удалося паставіць у Бабруйску, Віцебску, Нясвіжы, Слуцку і, здаецца, нават у Глуску.
Жывучы ў Вільні, Манюшка часта прыязджаў у Мінск, каб пагасцяваць у свайго беларускага сябра, пабачыць бацьку і сваякоў, якія к таму часу жылі ў Радкаўшчыне, ля Смілавіч. Па дарозе кампазітар любіў спыняцца ля вясковай карчмы і слухаць, як спяваюць беларускія сяляне, глядзець, як яны весяляцца. Аўгуст Іванскі, вучань Манюшкі, успамінае, што ў ліпені 1855 года ён паехаў са сваім настаўнікам у Мінск. «Затрымаліся мы,— піша Іванскі,— у .мястэчку Смаргонь. Я сядзеў на брычцы. Раптам Манюшка паклікаў мяне ў карчму, каб я — першы раз у жыцці — пабачыў беларускі танец, які зваўся «Мяцеліцай»... У карчмах і на плытах, плывучы па Віліі і Нёману, Манюшка знаёміўся з народнымі легендамі і песнямі, якія затым надавалі афарбоўку яго творам».