Удзячная чылійская грамадскасць выбрала Дамейку рэктарам універсітэта ў Сант'яга і потым тройчы перавыбірала яго на гэтай пасадзе. Ад рэктарства Дамейка адмовіўся толькі ў 1884 годзе і адмовіўся па гуманнай прычыне — у знак пратэсту супраць захопніцкай вайны Чылі з суседняй рэспублікай Перу. Прыняўшы адстаўку, чылійскі ўрад рашыў выпусціць у гонар нашага земляка памятны медаль і ўстанавіць яму самую высокую пенсію ў краіне — 6000 піястраў у год. У тым жа 1884 годзе, памеркаваўшы, што царскія ўлады ўжо не ў сіле нічога зрабіць яму, сусветна вядомаму вучонаму, Дамейка рашыў наведаць радзіму. З сабой ён вёз багатую калекцыю мінералаў у падарунак еўрапейскім універсітэтам.
І вось Еўропа. У Парыжы Дамейку ўрачыста вітаюць вучоныя Сарбоны. У Кракаве яму прысуджаюць навуковую ступень ганаровага доктара. Нa варшаўскім пероне яго сардэчна цалуе сябар студэнцкіх год вядомы паэт Антон Адынец, адзіны, апрача Дамейкі, філамат, які яшчэ заставаўся ў жывых. З Варшавы сябры спецыяльным вагонам накіроўваюцца ў Беларусь. Царскім уладам, вядома, не прыйшлося даспадобы гэта падарожжа — яны на чатыры месяцы затрымалі ў Гродне пашпарт вучонага. Але мясцовая інтэлігенцыя з энтузіязмам сустракала свайго земляка, чалавека з легендарнай біяграфіяй. Беларускія сяляне падносілі яму хлеб-соль, віталі народнымі песнямі. У Крошыне Дамейка і Адынец пасадзілі на памяць два дубкі, а вершаваны надпіс на камені ля дубкоў выбіў ім мясцовы каваль — відаць, жывы тады яшчэ Паўлюк Багрым. Нейкі час у Дамейкі нават была думка застацца на радзіме. Але хіба тут далі б яму спакойна жыць і працаваць?! Пабываўшы яшчэ ў Італіі і Палесціне, Дамейка разам з усёй сям'ёй зноў вярнуўся ў Чылі.
23 студзеня 1889 года ў Сант'яга перастала біцца сэрца патрыёта, падарожніка, вучонага. Дзень яго пахавання быў аб'яўлены днём нацыянальнай жалобы. Урад абвясціў Дамейку нацыянальным героем рэспублікі. На яго магіле быў пастаўлены мармуровы абеліск.
Памяць аб вялікім асветніку і гуманісту жыве ў Чылі і цяпер. Лаўрэат Ленінскай прэміі міру вядомы чылійскі паэт Пабла Няруда ў 1953 годзе назваў дзейнасць Дамейкі выдатнай, прагрэсіўнай дзейнасцю, якая прывяла ў Чылі да «рэарганізацыі прамысловасці, вышэйшага і сярэдняга навучання». Імя Дамейкі з удзячнасцю назвалі чылійскія парламентарыі, якія наведалі нашу краіну ў 1968 годзе. І гэта — заслужаная даніна павагі нашаму земляку, спадчына якога належыць адначасова тром розных народам — беларускаму, польскаму і чылійскаму.
Побач з Жэготам-Дамейкам адным са шматлікіх герояў трэцяй часткі міцкевічаўскай паэмы «Дзяды» з'яўляецца адважны рэвалюцыянер Адольф, прататыпам якога паслужыў таксама наш зямляк і таксама падарожнік Адольф Янушкевіч. Расказваючы аб ахвярах самаўладства, герой паэмы з горыччу вяшчуе, што ў царскай Расіі ўсіх патрыётаў чакаюць «Сібір, казематы ды турмы». Не ведаў Міцкевіч, што ў час, калі ён пісаў сваю паэму, такі лёс сапраўды напаткаў таго, хто быў прататыпам літаратурнага героя. У адрозненне ад Дамейкі, шлях яго ляжаў не на захад, а на ўсход...
Адольф-Міхал-Валяр'ян-Юльян Янушкевіч нарадзіўся 9 чэрвеня 1803 года ў Нясвіжы. Дзяцінства будучага рэвалюцыянера прайшло ў вёсцы Усаў (або Вусава) на Капыльшчыне, дзе яго бацькі арандавалі фальварак. На сабраныя грошы ў 1821 годзе яны купілі непадалёку ад Койданава (цяпер Дзяржынск) маёнтак Дзягільня. Адтуль васемнаццацігадовы Адольф накіраваўся на філалагічны факультэт славутага Віленскага універсітэта.
У 1821 годзе на старонках часопіса «Дзённік віленьскі» з'яўляецца першы паэтычны твор Янушкевіча — сентыментальная «дума» «Мелітон і Эвеліна». Як і Дамейка, малады паэт збліжаецца з членамі тайнага таварыства філарэтаў, з ідэйнымі кіраўнікамі віленскай моладзі А. Міцкевічам, Я. Чачотам, Ф. Малеўскім, Т. Занам.
Закончыўшы вучобу, Янушкевіч паехаў да ўкраінскіх сваякоў. Адтуль, з Украіны, накіраваўся ў падарожжа па Еўропе. У Рыме — новая радасная сустрэча з Міцкевічам. Славацкі, Лелевель, Гётэ — вось кола асоб, з якімі Янушкевіч сустракаўся ў 1830 годзе.
І зноў Украіна. Пачынаецца вызваленчае паўстанне 1831 года. Янушкевіч становіцца адным з кіраўнікоў «Легіі Літвы, Валыні, Падоліі і Украіны» — арганізацыі, якая ў многім працягвала традыцыі дзекабрыстаў. У першым баі адважны падпаручнік атрымаў сем ран і непрытомны зваліўся з каня. Сябры рашылі, што ён загінуў. Аднак Янушкевіча падабралі казакі. Пачалося вандраванне па этапах. Затым — каземат кіеўскай цытадэлі.
У час допытаў Янушкевіч паводзіў сябе надзвычай мужна. Калі б ён пакаяўся, спаслаўся на легкадумнасць — пакаранне было б значна мякчэйшае. Але Янушкевіч рашуча заявіў, што ўдзельнічаў у паўстанні «па перакананню», што «абавязак добрага сына Айчыны — ахвяраваць усім дзеля яе дабра». І таму 4 сакавіка 1832 года суд пад старшынствам фельдмаршала Сакена прыгаварыў паўстанца да пажыццёвага пасялення ў Сібіры, канфіскацыі ўсёй маёмасці і пазбаўлення дваранскага звання. Імператар усяе Русі Мікалай І да канца жыцця не мог дараваць Янушкевічу яго адважных слоў і заўсёды прыгадваў іх, калі гутарка заходзіла аб памілаванні.