У маі 1832 года Янушкевіч пад канвоем прыбыў у Табольск. Ссыльныя ўвесь час марылі аб свабодзе, арганізавалі змову. Яе ўдзельнікі хацелі ўзняць узброенае паўстанне, а затым праз Бухару і Індыю прабрацца ў Еўропу. Але змова была раскрыта. Янушкевіча адправілі ў яшчэ большую глушэчу — вёску Жалякова ля Ішыма. Праз год прыйшоў дазвол пасяліцца ў самім Ішыме. Туды, у далёкую Сібір, адрасаваў з Парыжа пісьмо Адам Міцкевіч. Польскі паэт выказаў спачуванне свайму аднадумцу, падбадзёрыў яго словамі аб тым, што прабыванне ў Сібіры «загартоўвае характар».
У Ішыме Янушкевіч пачаў цікавіцца побытам казахаў, іх звычаямі і фальклорам. Пра навуковыя назіранні даследчыка часта гаворыцца ў пісьмах да маці, брата і паэта Г. Зялінскага (яны апублікаваны Ф. Вратноўскім у 1861 годзе ў Парыжы). Так, у пісьме, датаваным 20 чэрвеня 1843 года, паведамляецца: «Я праязджаў паўз даволі высокія горы, апранутыя ляснымі шатамі, дзе было мноства мядзведзяў, ласёў і аленяў; уплаў перабіраўся праз рэчкі, аб якіх у Еўропе ніхто і не ведае, а на берагах іх упершыню за апошнія дванаццаць год чуў спеў салаўя... Бачыў я і плямёны кіргізаў (так Янушкевіч усюды называе казахаў.—А. М.), якія разам з велізарнымі табунамі коней і вярблюдаў вандруюць, аб'яднаўшыся па тысячы і больш юрт... Сустракаў я караваны купцоў, якія ішлі з Ташкента ў Каканд, табуны сайгакаў, дзікіх коней, якіх тут называюць куланамі, урэшце, вузкай дарогай быў вымушаны імчацца праз палаючы навокал стэп. Хіба ўсё гэта не цікава? Хіба не цікавей, чым нямецкія палі, засаджаныя бульбай, ці неапалітанскія басякі, што ядуць макароны? Тут я нідзе не бачыў збожжа, няма платоў; усюды — бясконцыя прасторы. Дыхалася свабодна, як арабу сярод пустыні».
У 1846 годзе Янушкевіч зрабіў больш працяглае падарожжа па Казахстану. Уражанні таго часу занесены ў «Падарожны дзённік», які таксама апублікаваны Братноўскім. Янушкевічу былі чужымі расавыя або нацыянальныя забабоны. Аўтар дзённіка ставіў казахаў упоравень з іншымі народамі. «Я ўсё больш пераконваюся,— пісаў Янушкевіч,— што кіргізы маюць вялікія разумовыя здольнасці. Як лёгка яны выказваюць свае думкі! Як яны ўмеюць абараняць свае інтарэсы і адначасова па-майстэрску абвяргаць сцвярджэнні праціўніка!» «Нягледзячы на свае недахопы, якія часткова тлумачацца адсутнасцю асветы, часткова ж — забабоннасцю рэлігіі, гэты народ не горшы за іншыя». У пісьмах да Зялінскага Янушкевіч расказаў аб казахскіх звычаях, аб выступленнях народных акынаў Арынбая і Цюбека, песні якіх вельмі расчулілі падарожніка і выклікалі роздум аб будучыні мясцовых плямён: «І ўсё гэта, падумалася, я ўласнымі вушамі чую ў стэпе, сярод народа, які ва ўсім свеце лічыцца дзікім і варварскім! Некалькі дзён назад я быў сведкам паядынку двух заўзятых груповак і са здзіўленнем апладзіраваў прамоўцам, якія ніколі не чулі пра Дэмасфена і Цыцэрона, а сёння перада мной выступаюць паэты, якія не ўмеюць ні чытаць, ні пісаць, аднак я захапляюся іх талентам, бо песні іх так многа кажуць маёй душы і сэрцу. Няўжо гэта дзікія варвары? Няўжо гэта народ, які назаўжды пазбаўлены лепшай будучыні, чым вечная пастушыная нішчымнасць?.. О, не! Народ, які падзелены такімі здольнасцямі, не можа заставацца чужым цывілізацыі: дух яе калі-небудзь пранікне ў кіргізскія пустыні, распаліць тут іскру святла, і прыйдзе час, калі сённяшні вандроўнік зойме пачэснае месца сярод народаў, што цяпер глядзяць на яго высакамерна, бы вышэйшыя касты Індыі на няшчасных парыяў».
Цікава, што Янушкевіч быў добра знаёмы з бацькам вядомага казахскага песняра Абая — Абаем Кунанбаевым. У пісьме да таго ж Зялінскага ён паведамляў: «Крыху старэй султана Барака бій Кунанбай; гэта таксама вялікая славутасць у стэпе. Сын простага кіргіза, надзелены ад прыроды здаровым розумам, дзівоснай памяццю і дарам выступаць, дзелавіты, ён клапоціцца аб дабры сваіх супляменнікаў: вялікі знаўца стэпавага права і прадпісання алкарана, ён добра ведае рускія статуты, якія датычацца кіргізаў; суддзя непадкупнай сумленнасці і ўзорны мусульманін, плебей Кунанбай здабыў сабе славу прарока, да якога з самых далёкіх аулаў спяшаюцца за бескарыслівай парадай маладыя і старыя, бедныя і багатыя».