Выбрать главу

У жніўні 1865 года карабель прыбыў у Кайену — гандлёвы і адміністрацыйны цэнтр французскай Гвіяны. Ельскага ўразілі кантрасты каланіяльнага горада: з аднаго боку — багатыя ўласнікі велізарных плантацый кавы, какавы, цукровага трыснягу, з другога — негры, мясцовыя індзейцы, мулаты, крэолы, усе тыя, у каго не белы колер скуры, хто за паўцаны, а то і проста дарма працуе на ненасытных еўрапейцаў. Асабліва жорстка праследаваліся індзейцы. «У час адкрыцця Гвіяны,— піша Ельскі,— яны жылі на ўсім абшары краіны, на ўзбярэжжы мора і ўздоўж рэк. Потым жа, заняволеныя, прыгнечаныя і пакрыўджаныя еўрапейцамі, індзейцы помсцілі, і за гэта на іх рабілі аблавы». Не лепшым быў лёс і ў завербаваных каланізатарамі азіяцкіх кулі: «Спачатку з імі заключалі кантракт усяго на некалькі год, абавязваліся адаслаць іх на радзіму. Але на самай справе да тых рабочых, якія не гавораць па-французску, адносяцца не лепш, чым да рабоў; сярод іх значная смяротнасць — і, кажуць, вяртаецца іх на радзіму менш паловы».

У Кайене за нязначную плату Ельскі ўладкаваўся памочнікам фармацэўта ў бальнічнай аптэцы. Кожную свабодную хвіліну ён выкарыстоўваў для падарожжаў у навакольныя дрымучыя лясы. Там вучоны збіраў і апісваў расліны, насякомых, птушак. Прэпарыраваныя чучалы адсылаліся ў музеі Еўропы. Адных павукоў Ельскі паслаў каля 300 экземпляраў. Вучоным адкрыты і ўпершыню апісаны не адзін новы від раслін і жывёл (адзін з відаў лаўра потым быў названы імем адкрывальніка). Сабраны Ельскім матэрыял даў іншым вучоным магчымасць зрабіць значныя абагульненні.

У трапічных джунглях падарожніка на кожным кроку падсцерагала небяспека. То ў ліянах прытойваўся ягуар, то побач з лодкай высоўвалася зяпа кракадзіла. Асабліва цяжка было даставаць змей. «Аднойчы,— успамінае Ельскі,— калі мы вечарам сядзелі ля стала, мне паведамілі, што каланісты даставілі велізарную вужаку. Гэта быў боа-канстрыктар даўжынёй звыш трох метраў і з выгляду зусім не пашкоджаны. Заплаціўшы 5 франкаў і дабавіўшы бутэльку віна, мы паклалі вужаку ў скрыню і зачынілі яе. Пры гэтым жывёліна кінулася на аднаго з нас, але не паспела ўкусіць, бо мы прыціснулі вечка. Назаўтра пасля работы ўсе служачыя бальніцы сабраліся, каб паглядзець на вужаку. Боа пачаў так моцна рыкаць, што можна было пачуць за кіламетр, і рыкаў бесперапынна амаль гадзіну. Такі зычны голас вужакі здзівіў усіх нас, бо, здаецца, ніхто з прысутных не чуў раней, каб боа рыкалі, ды яшчэ так гучна. Другі раз я паклаў у вялікую скрыню прынесенага мне боа-цэўрыса, які меў мо паўтара метра ў даўжыню. А калі ўрачы, як звычайна, сабраліся пасля дзяжурства ў маёй кватэры, аказалася, што хтосьці прынёс жывога пацука. Усе аднагалосна патрабавалі, каб я кінуў яго вужацы. Пацук першы зачапіў боа і ўцяў яго некалькі разоў, урэшце яны сашчапіліся. Вужака хапіла зяпай галаву пацука і імгненна, бы пружына, абвілася вакол яго і так праляжала да вечара. Потым боа аслабаніў ахвяру, але не праглынуў яе. Наступныя дзесяць дзён ён нічога не еў і ўрэшце здох. Як выявілася потым, у вужакі быў пераламаны хрыбетнік».

«У Сен-Ларэнц,— успамінае Ельскі ў кнізе,— здарыўся такі выпадак. Плывучы па рацэ разам з каланістамі, жандар убачыў у вадзе велізарную вужаку, боа-мурына, і застрэліў яе. Здымаючы скуру, заўважылі, што вужака мела ў страўніку праглынутага кракадзіла даўжынёй з метр, а той, у сваю чаргу, праглынуў меншага кракадзіла. Боа-мурына быў настолькі доўгі, што, змераўшы яго, склалі адпаведны дакумент: 7 метраў! Здараліся выпадкі, калі вужакі нападалі на людзей. Аднойчы той жа жандар забіў качку і палез за ёй у ваду. Раптам яго схапіла за плячо вужака і пачала цягнуць у вір. Жандар здолеў вызваліцца, але са страху потым захварэў на малярыю і лячыўся ў кайенскім шпіталі. Сляды вужачых зубоў застаюся на ўсё жыццё».

Наколькі небяспечнымі з'яўляліся змеі, нават мёртвыя, сведчыць такі выпадак. Аднойчы сябры Ельскага злавілі ў час прагулкі маладзенькага ягуара. «Ноччу,— піша падарожнік,— з'явілася яго маці і з рыканнем абышла дом. Яе візіты паўтарыліся некалькі разоў. Каб пракарміць ягуара, мы стралялі лятучых мышэй і птушак. Але па меры росту ягуар станавіўся ўсё больш ненажэрным; тады яму ахвяравалі курэй. А калі не стала і іх — гарэзлівы ягуар схапіў галаву высушанай вужакі, раскусіў яе, наткнуўся на ядавіты зуб — і здох».

Звычайна Ельскі падарожнічаў па лясах у суправаджэнні індзейцаў. Вучоны высока цаніў іх здольнасці, бачыў у карэнных жыхарах Амерыкі паўнацэнных людзей, якія маюць усе правы на свабоднае і шчаслівае жыццё. «Ходзяць яны ціха і хутка,— пісаў Ельскі пра індзейцаў,— прыкмячаюць на дрэвах нават маленькіх птушак, шэрых і нерухомых, выдатна вызначаюць, які звер пакінуў след на зямлі. Умеюць яны пераймаць голас кожнага звера; у лесе могуць дастаць літаральна ўсё, бо ведаюць карысныя ўласцівасці кожнай расліны, кожнага дрэва». Ельскі смуткаваў з поваду таго, што індзейцаў становіцца ўсё менш і менш, што яны не вытрымліваюць сутыкнення з еўрапейскай «цывілізацыяй», са сквапнымі купцамі, якія за бутэльку гарэлкі набывалі ад іх розныя каштоўнасці. Са свайго боку, мясцовыя жыхары, якіх Ельскі бясплатна лячыў, вельмі паважалі нашага земляка, называлі яго «добрым белым», дапамагалі яму ў паляванні на акул і чарапах, папаўнялі яго калекцыі новымі экземплярамі раслін і жывёл.