Наведаць Канстанцыю Пшэднікоўскую ўдалося толькі праз два гады, калі мне пашчасціла адпачываць якраз у тым самым курортным гарадку Сопат. Маім спадарожнікам быў шчыры сябар беларускай літаратуры і яе папулярызатар у Польшчы Мацей Канапацілі. У сціпла абстаўленай кватэры пас сустрэла дачка адзінага сына Багушэвіча, хударлявая жанчына год пяцідзесяці. Тут жа знаходзілася праўнучка паэта і нават маленькі прапраўнук. За традыцыйнай чорнай кавай пачалася шчырая гаворка. Канстанцыі Пшэднікоўскай радасна было пачуць, што ў Савецкай Беларусі шануюць памяць яе дзеда, што яго творы вывучаюцца ў школах. Гаспадыня распытвала пра багушэвічаўскі помніку Жупранах, пра нядаўні юбілей паэта, смуткавала, што не змагла ўдзельнічаць ва ўрачыстасцях. Пасля наступіла мая чарга зацікаўлена пытацца:
— Скажыце, калі ласка, што сталася з рукапісамі вашага дзеда? Ці ведаеце вы што-небудзь пра лёс ягонай драўлянай шкатулкі?
— Так,— адказала мне гаспадыня.— Да 1946 года шкатулка захоўвалася ў нашым доме ў Кушлянах. Былі там беларускія і польскія вершы, апавяданні, пісьмы да дзеда, а таксама граматы караля Станіслава Аўгуста, які надаў сям'і Багушэвічаў шляхецкія прывілеі.
На мае пытанні, куды ўсё гэта падзелася ў 1946 годзе і ці была шкатулка вывезена; ў Польшчу, Пшэднікоўская толькі развяла рукамі. Шкатулку проста пабаяліся ўзяць, бо час быў яшчэ неспакойны. Разам з мэбляй яе пакінулі старой жанчыне, якая доўга дапамагала Пшэднікоўскім па гаспадарцы, а потым стала сваім чалавекам у доме. Ёй было сказана закапаць або схаваць шкатулку.
— А як прозвішча той жанчыны? — спытаў я з надзеяй.
— Не памятаю,— адказала Пшэднікоўская.— Звалі мы яе проста Мальвінай. Прыпамінаю толькі, што ёй было тады каля 65 год і што была ў яе дзесьці дачка.
Тут жа Пшэднікоўская прыгадала, што ў Кушлянах таксама засталіся два партрэты Багушэвіча, намаляваныя вядомым мастаком Андрыёлі, і розныя асабістыя рэчы паэта. Узамен іх Мальвіна павінна была даглядаць хворага стрыечнага брата Пшэднікоўскай.
Потым гаворка пайшла пра тое, як раней выглядаў дом Багушэвічаў. Пакуль не позна, трэба было б па магчымасці ўзнавіць у доме ўсё так, як было 70 гадоў назад,— Канстанцыя Пшэднікоўская ахвотна згадзілася б даць адпаведныя парады.
На развітанне ўнучка палымянага дэмакрата сказала мне, што вельмі добра было б, калі б урэшце ўдалося адшукаць тую Мальвіну, а разам з ёю — і запаветную шкатулку.
Вярнуўшыся з Польшчы, я адразу ж, не чакаючы нават канца водпуску, пачаў пошукі: дарагі быў кожны дзень, бо мог адысці ў нябыт патрэбны чалавек. У першую чаргу дарога прывяла мяне ў Ашмяны, у музей Багушэвіча.
З Ашмян я накіраваўся ў Жупраны. Разам з мясцовай настаўніцай Л. Пількоўскай адшукаў там унучатага пляменніка Багушэвіча П. Вянцкоўскага. Ён сказаў, што памятае такую старую жанчыну ў багушэвічаўскім доме, але зноў жа з-за даўнасці не можа прыгадаць яе прозвішча. Вянцкоўскі накіраваў мяне да кушлянскага старажыла Юльяна Свірыды.
Пакланіўшыся магіле Багушэвіча на жупранскіх могілках, кружным шляхам — паводкаю якраз разбурыла мост — пайшоў я ў Кушляны. Вось і дом, дзе (як сведчыць мемарыяльная дошка) «нарадзіўся, жыў і працаваў» аўтар «Дудкі беларускай», хаця на самай справе паэт нарадзіўся далёка адсюль, у Свіранах. Цяпер у гэтым доме знаходзіцца бібліятэка імя Багушэвіча. Але дзверы аказаліся на замку. Затое мне пашчаслівілася сустрэць стоража гэтага дома, Міхала Ляпеху. Звычайны селянін, ён страсна любіць творчасць свайго земляка, расказвае розныя паданні, якія склаліся пра Багушэвіча. Гэта ён добраахвотна даглядае алейку, што вядзе да Лысай гары, і дрэвы на ёй, пасаджаныя самім паэтам, і падае слушную думку, што тут трэба стварыць багушэвічаўскі парк.
Дарэчы, мясцовыя старажылы расказалі пра цікавы факт. Паміраючы, Багушэвіч спецыяльна завяшчаў, каб яго магіла нічым не адрознівалася ад магіл простых сялян...
Разам з новым знаёмым мы пайшлі шукаць Юльяна Свірыду. Яго жонка адразу прыгадала, што ў доме Багушэвічаў калісьці такім «сваім чалавекам» была Мальвіна Трусевіч. Але яна памерла дзевяць гадоў назад. Праўда, у Кушлянах жыве яе дачка, Марыя Дудэк. Нарэшце, падумалася мне, знойдзены нейкі канкрэтны след! Абнадзееныя, мы пайшлі далей.
І тут жа надзея змянілася расчараваннем. Марыя Дудэк не жыла са сваёй маці. Мальвіна Трусевіч памерла ў доме нейкіх перасяленцаў з Беласточчыны. Цяпер гэтыя перасяленцы выехалі, і выехалі невядома куды. У доме ж іншага перасяленца, па прозвішчу Сац, Марыя Дудэк бачыла партрэты Багушэвіча. Але гэты Сац таксама нядаўна выехаў кудысьці.