Выбрать главу

Кашулю Гулiверу шылi дзвесце швачак. Для гэтага яны ўзялi самае моцнае i грубае палатно, якое толькi маглi знайсцi, але нават яго давялося складаць у некалькi столак, а потым сшываць, бо самае тоўстае паруснае палатно ў Лiлiпуцii не таўсцейшае за нашу кiсяю. Кавалкi гэтага лiлiпуцкага палатна бываюць звычайна даўжынёй са старонку школьнага сшытка, а шырынёй - на паўстаронкi.

Швачкi знялi з Гулiвера мерку, калi ён ляжаў у пасцелi. Адна з iх стала яму на шыю, другая на калена. Яны ўзялi за канцы доўгую вяроўку i туга нацягнулi яе, а трэцяя швачка маленькай лiнеечкай змерала даўжыню гэтай вяроўкi.

Гулiвер разаслаў на падлозе сваю старую кашулю i паказаў яе швачкам. Яны некалькi дзён аглядалi рукавы, каўнер i складкi на грудзях, а потым за адзiн тыдзень вельмi акуратна пашылi кашулю якраз такога ж фасону.

Гулiвер быў вельмi рады. Нарэшце ён мог з ног да галавы адзецца ва ўсё чыстае i цэлае.

Цяпер яму не хапала толькi капелюша. Але тут яго выручыў шчаслiвы выпадак.

Аднойчы да iмператарскага двара прыбыў ганец з весткай, што непадалёк ад таго месца, дзе быў знойдзены Чалавек-Гара, пастухi заўважылi велiзарны чорны прадмет з круглым гарбом пасярэдзiне i з шырокiмi плоскiмi краямi.

Спачатку мясцовыя жыхары падумалi, што гэта марская жывёлiна, выкiнутая хвалямi. Але паколькi гарбун ляжаў зусiм нерухома i не дыхаў, то яны здагадалiся, што гэта нейкая рэч, якая належала Чалавеку-Гары. Калi яго iмператарская вялiкасць загадае, гэтую рэч можна прывезцi ў Мiльдэнда ўсяго на пяцi конях.

Iмператар згадзiўся, i праз некалькi дзён пастухi прывезлi Гулiверу яго стары чорны капялюш, якi ён згубiў на водмелi.

Праўда, капялюш быў крыху папсаваны, таму што возчыкi прабiлi ў яго палях дзве дзiркi i ўсю дарогу валаклi на доўгiх вяроўках. Але ўсё-такi гэта быў капялюш, i Гулiвер надзеў яго на галаву.

10

Жадаючы дагадзiць iмператару i хутчэй выйсцi на волю, Гулiвер прыдумаў незвычайную забаву. Ён папрасiў прывезцi яму з лесу некалькi тоўстых i вялiкiх дрэў.

На другi дзень сем возчыкаў на сямi калёсах прывезлi яму бярвеннi. Кожныя калёсы цягнулi восем коней, хоць бярвеннi былi таўшчынёй са звычайны кiёк.

Гулiвер выбраў дзевяць аднолькавых кiйкоў i ўбiў iх у зямлю, размясцiўшы правiльным чатырохвугольнiкам. На гэтыя кiйкi ён туга, быццам на барабан, нацягнуў сваю насоўку. Атрымалася роўная, гладкая пляцоўка.

Вакол яе Гулiвер паставiў поручнi i прапанаваў iмператару наладзiць на гэтай пляцоўцы ваеннае спаборнiцтва.

Iмператару вельмi спадабалася гэта забава.

Ён загадаў, каб дваццаць чатыры лепшыя кавалерысты ў поўным узбраеннi рушылi да старога замка, i сам прыехаў глядзець на iх спаборнiцтвы.

Гулiвер па чарзе падняў усiх кавалерыстаў разам з коньмi i паставiў на пляцоўку.

Затрубiлi трубы. Коннiкi падзялiлiся на два атрады i пачалi ваенныя дзеяннi. Яны пускалi адзiн у аднаго тупыя стрэлы, калолi сваiх працiўнiкаў тупымi коп'ямi, адступалi i нападалi.

Iмператар быў так задаволены ваеннай пацехай, што пачаў наладжваць яе кожны дзень.

Адзiн раз ён нават сам камандаваў атакай на Гулiверавай насоўцы.

Гулiвер у гэты час трымаў на далонi крэсла, у якiм сядзела iмператрыца. Адсюль ёй было лепш вiдаць, што робiцца на насоўцы.

Усё iшло добра. Толькi аднойчы, у час пятнаццатых манеўраў, разгарачаны конь аднаго афiцэра прабiў капытом насоўку, спатыкнуўся i скiнуў свайго ездака.

Гулiвер падставiў левую руку пад дзiрку ў насоўцы, а правай асцярожна спусцiў на зямлю ўсiх кавалерыстаў аднаго за другiм.

Пасля гэтага ён акуратна зацыраваў насоўку, але ўжо баяўся за яе трываласць i не асмельваўся больш наладжваць на ёй ваенныя гульнi.

11

Iмператар не хацеў заставацца ў даўгу перад Гулiверам. Ён у сваю чаргу вырашыў пацешыць Куiнбуса Флестрына цiкавым вiдовiшчам.

Аднойчы пад вечар Гулiвер, як звычайна, сядзеў на парозе свайго замка.

Раптам вароты Мiльдэнда адчынiлiся, i адтуль выехаў цэлы поезд: уперадзе на канi iмператар, за iм - мiнiстры, прыдворныя i гвардзейцы. Усе яны накiроўвалiся па дарозе, што вяла да замка.

У Лiлiпуцii iснуе такi звычай. Калi якi-небудзь мiнiстр памiрае цi атрымлiвае адстаўку, пяць або шэсць лiлiпутаў звяртаюцца да iмператара з просьбай, каб ён дазволiў iм павесялiць яго танцамi на канаце.

У палацы, у галоўнай зале, нацягваюць як мага тужэй i вышэй канат, не таўсцейшы за звычайную нiтку.

Пасля гэтага пачынаюцца танцы i скачкi.

Той, хто падскочыць на канаце вышэй за ўсiх i нi разу не звалiцца, займае мiнiстэрскае месца, што выслабанiлася.

Часам iмператар прымушае ўсiх сваiх мiнiстраў i прыдворных танцаваць на канаце разам з навiчкамi, каб праверыць лоўкасць людзей, якiя кiруюць краiнай.

Кажуць, што ў час гэтых забаў часта бываюць няшчасныя выпадкi. Мiнiстры i навiчкi падаюць з каната i скручваюць сабе галовы.

Але на гэты раз iмператар вырашыў танцы на канаце наладзiць не ў палацы, а пад адкрытым небам, перад замкам, у якiм жыў Гулiвер. Яму хацелася здзiвiць Чалавека-Гару майстэрствам сваiх мiнiстраў.

Сама лепш умеў скакаць на канаце дзяржаўны казначэй Флiмнап. Ён падскочыў вышэй за ўсiх астатнiх прыдворных не менш як на паўгалавы.

Нават дзяржаўны сакратар Рэльдрэсель, вядомы ў Лiлiпуцii як майстар круцiцца i скакаць, не мог пераўзысцi яго.

Потым iмператару падалi доўгую палку. Ён узяў яе за адзiн канец i пачаў хутка падымаць i апускаць.

Мiнiстры падрыхтавалiся да спаборнiцтва, якое было куды цяжэйшае, чым танцы на канаце. Як толькi палка апусцiцца, трэба было паспець пераскочыць цераз яе, а як толькi яна падымецца, пралезцi пад ёй на карачках.

Лепшыя скакуны i пралазы атрымлiвалi ад iмператара як узнагароду сiнюю, чырвоную цi зялёную нiтку, каб насiць яе вакол пояса.

Першы пралаза - Флiмнап - атрымаў сiнюю нiтку, другi - Рэльдрэсель чырвоную, а трэцi - Скайрэш Балгалам - зялёную.

Гулiвер глядзеў на ўсё гэта i дзiву даваўся: вось якiя яны - прыдворныя звычаi лiлiпуцкай iмперыi.

12

Прыдворныя гульнi i святы наладжвалiся амаль кожны дзень, i ўсё роўна Гулiверу было вельмi сумна сядзець на ланцугу. Ён раз за разам падаваў прашэннi iмператару, каб яго раскавалi i дазволiлi вольна хадзiць па краiне.

Нарэшце iмператар вырашыў задаволiць яго просьбу. Дарэмна адмiрал Скайрэш Балгалам, самы злосны вораг Гулiвера, настойваў, каб Куiнбуса Флестрына пакаралi смерцю, а не вызвалялi.

Лiлiпуцiя ў гэты час рыхтавалася да вайны, i нiхто не згадзiўся з Балгаламам. Усе спадзявалiся, што Чалавек-Гара абаронiць Мiльдэнда, калi на горад нападуць ворагi.

На тайнай нарадзе прачыталi прашэннi Гулiвера i вырашылi адпусцiць яго на волю, калi ён паклянецца выконваць усе правiлы, якiя будуць яму аб'яўлены.

Правiлы гэтыя былi запiсаны самымi вялiкiмi лiтарамi на доўгiм скрутку пергаменту. Угары яго быў iмператарскi герб, а ўнiзе вялiкая дзяржаўная пячатка Лiлiпуцii.

Вось што было напiсана памiж гербам i пячаткай:

"Мы, Гальбаста Мамарэн Эўлем, Гердайла Шэфiн Молi Олi Гой, наймагутнейшы iмператар вялiкай Лiлiпуцii, надзея i страх Сусвету,

самы мудры, самы дужы i самы высокi з усiх цароў свету, чые ногi ўпiраюцца ў сэрца зямлi, а галава дастае да сонца,

чый позiрк прымушае дрыжаць усiх зямных цароў,

прыгожы, як вясна, добры, як лета, шчодры, як восень, i грозны, як зiма,

сваёй высокасцю загадваем вызвалiць Чалавека-Гару з ланцугоў, калi ён дасць нам клятву выконваць усё, што мы ад яго патрабуем, - а iменна:

па-першае, Чалавек-Гара не мае права выязджаць за межы Лiлiпуцii, пакуль не атрымае ад нас дазвол з нашым уласнаручным подпiсам i вялiкай пячаткай;

па-другое, ён не павiнен заходзiць у нашу сталiцу, не папярэдзiўшы аб тым гарадскiя ўлады, а папярэдзiўшы, павiнен дзве гадзiны чакаць ля галоўных варот, каб усе жыхары паспелi схавацца ў дамы;

па-трэцяе, яму дазваляецца гуляць толькi па вялiкiх дарогах i забараняецца таптаць лясы, лугi i палi;

па-чацвёртае, у час прагулак ён павiнен уважлiва глядзець сабе пад ногi, каб не раздушыць каго-небудзь з нашых шаноўных падданых, а таксама iх коней з карэтамi i калёсамi, iх кароў, авечак, i сабак;