Выбрать главу

Пасля агляду брабдынгнежскіх войск Гулівер напісаў:

«Кажуць, што на полі было не больш за дваццаць тысяч пехацінцаў і тысяч шэсць кавалерыстаў, але я ніколі не мог бы пералічыць іх — такую вялізную прастору займала гэтая армія. Я глядзеў на парад здалёк, бо інакш я нічога не ўбачыў бы, акрамя ног.

Гэта было вельмі велічнае відовішча. Мне здавалася, што каскі коннікаў дастаюць да хмараў. Зямля гула пад капытамі коней. Усе кавалерысты па камандзе агалілі шаблі і махнулі імі ў паветры. Хто не бываў у Брабдынгнегу, хай нават і не спрабуе ўявіць сабе гэты малюнак. Шэсць тысяч маланак адначасова ўспыхнулі з усіх бакоў небасхілу. Куды б мяне ні закінуў лёс, я ніколі не забуду гэтага».

Пра каралеўскую кухню Гулівер у сваім журнале напісаў усяго некалькі радкоў:

«Я не ведаю, як перадаць словамі гэтую кухню. Калі я праўдзіва і шчыра буду апісваць усе гэтыя катлы, гаршкі, скавародкі, калі я паспрабую расказаць, як кухары падсмажваюць на ражне парасят велічынёй з індыйскага слана і аленяў, рогі якіх нагадваюць раскідзістыя кроны вялізных дрэў, мае суайчыннікі, бадай што, не павераць мне і скажуць, што я перабольшваў, як гэта робяць усе падарожнікі. А калі я дзеля перасцярогі што-небудзь зменшу, усе брабдынгнежцы ад караля і да апошняга вучня кухара пакрыўдзяцца на мяне. Таму я лічу за лепшае памаўчаць».

10

Часам Гуліверу хацелася пабыць аднаму. Тады Глюмдалькліч выносіла яго ў сад і пускала пахадзіць сярод званочкаў і цюльпанаў.

Гулівер любіў такія адзінокія прагулкі, але часта яны заканчваліся вялікімі непрыемнасцямі.

Аднойчы Глюмдалькліч пакінула яго аднаго на зялёным лужку, а сама са сваёй настаўніцай пайшла ў глыбіню саду.

Непрыкметна насунулася хмара, і буйны часты град пасыпаўся на зямлю.

Першы ж парыў ветру збіў Гулівера з ног. Градзіны, вялізныя, як тэнісныя мячы, лупілі яго па ўсім целе. Так-сяк, на карачках, яму ўдалося дабрацца да градак з кменам. Там ён уткнуўся тварам у зямлю і, схаваўшыся пад нейкім лістом, перачакаў непагадзь.

Калі бура сціхла, Гулівер памераў і ўзважыў некалькі градзін. Ён пераканаўся, што яны ў тысячу восемсот разоў большыя і цяжэйшыя за тыя, якія яму даводзілася бачыць дома.

Гэтыя градзіны так збілі Гулівера, што ён быў увесь у сіняках і дзесяць дзён адлежваўся ў сваёй скрынцы.

Другая прыгода была яшчэ больш небяспечная.

Ён ляжаў на траве пад кустом маргарытак, заняты сваімі думкамі, і не заўважыў, што да яго падбег сабака аднаго з садоўнікаў — малады, шустры сетэр.

Гулівер не паспеў і крыкнуць, як сабака схапіў яго ў зубы, стрымгалоў ірвануў у другі канец саду і паклаў там ля ног свайго гаспадара, радасна віляючы хвастом. Добра яшчэ, што сабака быў вучоны. Ён умудрыўся прынесці Гулівера так асцярожна, што нават не пракусіў на ім адзенне.

Бедны садоўнік, убачыўшы каралеўскага Грыльдрыга ў зубах свайго сабакі, перапалохаўся да смерці. Ён асцярожна падняў Гулівера абедзвюма рукамі і пачаў распытваць, як ён сябе адчувае. Гулівер ад перапалоху не мог вымавіць ні слова.

Толькі праз некалькі мінут ён трохі апамятаўся, і тады садоўнік занёс яго назад на лужок.

Глюмдалькліч была ўжо там.

Бедная, заліваючыся слязамі, яна кідалася сюды-туды і клікала Гулівера.

Садоўнік з паклонам уручыў ёй пана Грыльдрыга.

Дзяўчынка ўважліва агледзела свайго выхаванца, убачыла, што ён цэлы і здаровы, і з палёгкай уздыхнула.

Выціраючы слёзы, яна пачала дакараць садоўніка за тое, што ён пусціў сабаку ў прыдворны сад. Садоўнік і сам быў не рады гэтаму. Ён бажыўся і кляўся, што больш ніколі не падпусціць ніводнага сабакі — ні свайго, ні чужога — нават і блізка да агароджы саду, хай толькі пані Глюмдалькліч і пан Грыльдрыг не расказваюць пра гэты выпадак яе вялікасці.

На тым і пагадзіліся.

Глюмдалькліч маўчала, бо і сама баялася, каб каралева не раззлавалася на яе, а Гуліверу таксама не хацелася, каб прыдворныя смяяліся з яго і расказвалі адзін другому пра тое, як ён пабываў у зубах нейкага шчанюка.

Пасля гэтага выпадку Глюмдалькліч цвёрда вырашыла не адпускаць ад сябе Гулівера ні на хвіліну.

Гулівер даўно ўжо баяўся такога рашэння і таму ўтойваў ад сваёй нянечкі розныя дробныя прыгоды, якія раз-пораз здараліся з ім, калі яе не было паблізу.

Аднойчы каршун, які лётаў над садам, раптам каменем рынуўся на яго. Але Гулівер не разгубіўся, выхапіў з ножан сваю шпагу і, размахваючы ёю, кінуўся ў кусты.

Калі б не гэты спрытны манеўр, каршун, напэўна, панёс бы яго ў сваіх кіпцюрах.