Выбрать главу

Прынамсi, я зразумеў, што абараняю злачынцаў толькi таму, што iх злачынствы не робяць мне нiякай шкоды. Iх вiнаватасць жывiла маё красамоўства пастолькi, паколькi сам я не быў iх ахвярай. Калi ж нешта пагражала маёй асобе, я рабiўся не толькi суддзёй - я ператвараўся ў гняўлiвага феадала, гатовага расправiцца са сваiм злоснiкам па ўласных законах, збiць, здратаваць, паставiць яго на каленi. Пагадзiцеся, мой дарагi суайчыннiк, што пасля ўсяго гэтага мне было цяжка ставiцца ўсур'ёз да свайго прызвання служыць правасуддзю i абараняць сiротак i ўдоў.

А дождж усё мацнее, значыць, часу ў нас дастаткова, i я, бадай, асмелюся расказаць вам пра яшчэ адно адкрыццё, якое ўсплыло ў маёй памяцi трошкi пазней. Давайце толькi прысядзем на тую вунь лаву пад стрэшкай. Але, ужо не першае стагоддзе тутэйшыя курцы люлек бачаць аднолькавую карцiну: усё той жа дождж, усё над тым жа каналам... Тое, што я хачу расказаць, зрабiць будзе не так лёгка. Гаворка гэты раз пойдзе пра жанчын. Перш за ўсё трэба сказаць, што ў жанчын я заўжды меў поспех, i прычым без вялiкага намагання. Я не кажу, што мой поспех быў у тым, што я рабiў iх шчаслiвымi цi рабiў шчаслiвым хоць бы самога сябе. Не, я проста дабiваўся поспеху - i ўсё. Iначай кажучы, я дасягаў сваёй мэты амаль заўсёды, калi хацеў. I жанчыны лiчылi мяне абаяльным, вы ўяўляеце? Ведаеце, што такое абаяльнасць? Гэта ўменне дабiцца згоды, не задаючы нiякiх пэўных пытанняў. У мяне ў свой час так яно i было. Вас гэта здзiўляе? Ды вы не адмаўляйцеся, я ж бачу. Пры такой пысе, як у мяне, вашае здзiўленне абсалютна натуральнае. На жаль, пане, з гадамi кожны чалавек пачынае плацiць сваiм аблiччам за сваё мiнулае жыццё. А ў мяне... Зрэшты, якая рознiца! Факт ёсць факт: мяне лiчылi абаяльным, i я гэтым карыстаўся.

У мяне не было, аднак, нiякiх таемных разлiкаў - я быў шчыры, прынамсi, амаль што шчыры. Мае адносiны з жанчынамi былi заўсёды натуральныя, простыя лёгкiя, як кажуць у падобных выпадках. Да iх не дамешвалiся нiякiя хiтрыкi, калi не лiчыць хiтрыкаў яўных, непрыхаваных - тых, што жанчыны лiчаць нечым накшталт данiны павагi да сябе. Я iх кахаў, калi скарыстацца агульна прынятым словам, што, урэшце, азначае тое самае, што не кахаў нi адной. Я заўжды меркаваў, што пагарда да жанчын - пачуццё пошлае i бязглуздае, i амаль усiх жанчын, якiх ведаў, лiчыў лепшымi за сябе. Аднак хоць я i ставiў iх так высока, але сам карыстаўся iх паслугамi частей, чым служыў iм. Чым гэта растлумачыць?

Разумееце, сапраўднае каханне - надзвычайная рэдкасць, яно сустракаецца, можа быць, два цi тры разы на стагоддзе. А ўвесь астатнi час яго ролю выконваюць нуда або марнасць. Адным словам, я не быў Партугальскаю мнiшкай. Хоць гэта i не азначае, што ў мяне было халоднае сэрца. Наадварот - яно было вельмi пачуццёвае, i выбiць з мяне слязу было што раз плюнуць. Але ўся бяда ў тым, што гэтая пачуццёвасць, як i ўсе мае душэўныя парывы, была звернута да самога ж мяне. Я сказаў вам, што нiколi не любiў? Гэта няпраўда. У маiм жыццi была, прынамсi, адна вялiкая любоў - любоў да самога сябе. I калi паглядзець з гэтага пункту, то пасля некаторых, непазбежных у раннiм юнацтве трывог, я вельмi хутка ўсё ўразумеў: пачуццёвасць i толькi пачуццёвасць запанавала ў маiм iнтымным жыццi. Я паўсюль шукаў асалоды i перамог. I ў гэтым мне вельмi спрыяла мая камплекцыя, бо лiтасцiвая прырода не пакрыўдзiла мяне нiчым. Я ганарыўся такою сваёй перавагай i здабываў з яе максiмум задавальнення. Нават цяжка сказаць, што тут наталялася больш - мая прага да ўцех цi iмкненне да прэстыжу. Але зараз вы скажаце, што я зноў пачынаю хвалiцца. Я i не збiраюся адмаўляць, хоць, зрэшты, ганарыцца тут, сапраўды, няма чым, бо ўсё гэта чыстая праўда.

Калi ж казаць пра маю пачуццёвасць, дык яна ў мяне была такая высокая, што дзеля дзесяцiхвiлiннай любоўнай прыгоды я быў гатовы адмовiцца ад бацькi i мацi - няхай нават потым мне i давялося б горка пашкадаваць. Ды што я кажу! Менавiта дзеля дзесяцiхвiлiннай, i асаблiва калi я быў упэўнены, што пазней мы нiколi не ўбачымся. Безумоўна, i тут былi свае прынцыпы. Ну, напрыклад, сябрава жонка лiчылася ў мяне свяшчэннаю. Iначай кажучы, я ўжо загадзя прынамсi, за некалькi дзён - i прычым абсалютна шчыра, пераставаў адчуваць да яе мужа ўсякiя сяброўскiя пачуццi. Можа, гэта трэба назваць не пачуццёвасцю, а неяк iначай? Бо ў пачуццёвасцi, здаецца, нiчога агiднага няма. Але давайце не будзем судзiць строга i назавём гэта проста своеасаблiвай фiзiчнай заганай нечым накшталт прыроджанай няздольнасцi бачыць у каханнi нiчога iншага, апроч звычайнага сексу. Такая загана, увогуле, - даволi зручная рэч. У спалучэннi з маёю здольнасцю ўсё забываць яна толькi спрыяла маёй свабодзе. Яна надавала мне гэткi спакойны, адчужаны выгляд абсалютна незалежнага чалавека, i гэта было зарукай маiх новых поспехаў. Я быў далёкi ад рамантычнасцi i менавiта праз гэта пастаянна даваў падставы для дамаганняў розных рамантычных паненак. Па-мойму, тут нашы прыяцелькi маюць нешта агульнае з Банапартам: яны заўсёды ўпэўнены, што перамогуць там, дзе ўсе да iх цярпелi паражэнне.

У сваiх адносiнах з жанчынамi я наталяў не толькi сваю пачуццёвасць, але i задавальняў сваю прагу да гульнi. Жанчыны падабалiся мне перш за ўсё як добрыя партнёркi ў своеасаблiвай гульнi, якая, увогуле, была даволi-такi бязвiннаю. Я арганiчна не пераносiў нуды i цанiў у жыццi толькi ўцехi. Любыя сябры, нават сама разумныя, хутка мне надакучвалi, але я нiколi не сумаваў з жанчынамi, якiя мне падабалiся. Мне няёмка прызнацца, але я аддаў бы дзесятак сустрэч з Эйнштэйнам за адно першае спатканне з прыгожанькаю статысткай. Праўда, на дзесятым спатканнi я б ужо затужыў па Эйнштэйне цi па добрай сур'ёзнай кнiзе. Але ўвогуле, высокiя праблемы цiкавiлi мяне адно ў прамежках памiж маiмi маленькiмi забавамi. А колькi разоў я, стоячы з сябрамi на ходнiках, у самы разгар спрэчкi раптам губляў нiтку размовы толькi таму, што вулiцу ў гэты момант пераходзiла якаясь чароўная спакуснiца!