Выбрать главу

Ну сапраўды, пане, цi ж гэта не рай - такi непасрэдны кантакт з жыццём? А я жыў менавiта так. Вучыцца жыць мне не даводзiлася нiколi. Тут мне ўсё было ясна ад самага нараджэння. Ёсць людзi, у якiх галоўная праблема - унiкнуць падобных да сябе цi, прынамсi, неяк ужыцца з iмi. У мяне ж ужыўлiвасць была прыроджаная якасць. Калi трэба, я мог быць маўклiвы, калi трэба - па-сяброўску гаваркi, я мог паводзiць сябе бесцырымонна або паважна, але заўсёды трымаўся так, як вымагалi таго абставiны. Таму папулярнасць мая расла i буйнела, i я ўжо збiўся з лiку сваiх перамог у сама розных кампанiях. Я быў даволi прыгожы з твару, лiчыўся за нястомнага танцора i сцiплага эрудыта, любiў адначасова i жанчын, i правасуддзе - што, памiж iншым, не так ужо лёгка спалучаць, - я займаўся сама рознымi вiдамi спорту, цiкавiўся выяўленчым мастацтвам, паэзiяй, музыкай, карацей кажучы... тут я мушу спынiцца, каб вы не западозрылi мяне ў самалюбаваннi. Але ўсё-такi, уявiце сабе мужчыну ў росквiце сiлы, поўнага здароўя i шчодра надзеленага сама рознымi талентамi, аднолькава добра спрактыкаванага i з пункту погляду фiзiчнага, i iнтэлектуальнага, якi не ведае, што такое бяссоннiца, i цалкам задаволены сабой, але выяўляе гэта адно праз сваю шчырую таварыскасць да iншых. Вы мусiце пагадзiцца, што нават пры ўсёй сцiпласцi я маю права сказаць, што жыццё ў мяне складвалася ўдала.

Сапраўды, мала хто жыў такiм натуральным жыццём, якiм жыў я. Я прымаў яго такое, як яно ёсць, цалкам, не адмаўляючыся нi ад яго дзiвацтваў, нi ад яго вялiкасцi, нi ад яго рабскiх абавязкаў. У прыватнасцi, усё плоцевае i матэрыяльнае, цi, карацей кажучы, - усё тое, што належыць да фiзiчнай сферы жыцця i так часта бянтэжыць цi вядзе да разгубленасцi многiх людзей у iх каханнi або адзiноце, прыносiла мне заўжды толькi ўцехi. Але я не быў сляпым рабом свайго цела. Яно было натуральнай, неадрыўнаю часткай майго iснавання. Усё ўва мне было гарманiчна, i мая спакойная, разважная ўпэўненасць у сабе перадавалася людзям, якiя часам прызнавалiся, што гэта дапамагае iм жыць. Многiя iмкнулiся са мной пазнаёмiцца. А пазнаёмiўшыся, часта лiчылi, што недзе ўжо мяне бачылi. Жыццё, яго дары i людзi самi iшлi мне насустрач, i я прымаў гэтую пашану з дабрадушнаю гордасцю. Праўда ж, я жыў настолькi паўнакроўна i беззаганна, што нават лiчыў сябе крыху звышчалавекам.

Я нарадзiўся ў паважанай, але зусiм нязнатнай сям'i (мой бацька быў афiцэр), але, мушу прызнацца, часам, прачынаючыся на свiтанку, я адчуваў сябе прынцам цi нейкiм стварэрнем ад Бога. Гэтае пачуццё, заўважце, тлумачылася зусiм не маёю ўпэўненасцю, што я разумнейшы за ўсiх. Такая ўпэўненасць, зрэшты, нiчога не вартая, бо яе падзяляюць нямала бязглуздых тупiц. Не, у мяне ўсё было iначай, я быў такi задаволены, што лiчыў - мне нават няёмка прызнацца, - я лiчыў сябе божым выбраннiкам. Але, выбраннiкам, адзiным з усiх, каму лёсам наканаваны трывалы i вечны поспех. Гэтым, увогуле, i тлумачылася мая сцiпласць. Я не дазваляў сабе прыпiсаць гэты поспех толькi сваiм заслугам, я не мог дапусцiць, каб спалучэнне такiх разнастайных i часам супярэчлiвых якасцей у адным чалавеку было вынiкам звычайнага выпадку. I таму, калi я i жыў сярод шчасця, я адчуваў, што яно мне дазволена, калi так можна сказаць, загадам ад неба. Калi ж цяпер я вам скажу, што не меў нiякай прыхiльнасцi да рэлiгii, вы яшчэ лепей убачыце, наколькi дзiўнае i незвычайнае было такое перакананне. Так цi iнакш, было яно звычайнае цi не, але яно доўга дапамагала мне ўзвышацца над усiмi дробязямi жыцця. Я лунаў, лiтаральна лунаў у паднябёснай вышынi цэлымi гадамi, пра якiя, па праўдзе сказаць, i цяпер яшчэ захоўваю шкадаванне ў душы. Я лунаў да таго самага вечара, калi... Але не, гэта ўжо зусiм iншая гiсторыя, i яе трэба забыць. Зрэшты, я, можа быць, перабольшваю. Мне паўсюль пачувалася добра, што праўда, то праўда, але я нiчым не мог задаволiцца. Кожная здабытая радасць прымушала мяне шукаць новую. Я лётаў са свята на свята, з балю на баль. Здаралася, я танцаваў цэлую ноч i ўсё болей шалеў ад людзей i жыцця. I часам, вельмi позна ўначы, сярод скокаў, на лёгкiм падпiтку, калi я адчуваў сябе ўжо зусiм раскавана i ахунаўся ў нейкае млявае, радаснае i чароўнае забыццё, мне на iмгненне здавалася, што з глыбiнi маёй поўнай знямогi да мяне выплывае разгадка ўсiх таямнiц i сакрэтаў сусвету. Але назаўтра знямога праходзiла, i разгадка - знiкала; усё пачыналася зноў. Вось так я ганяўся за ўцехамi, заўсёды iх здабываў, але нiколi не наталяўся, я не ведаў, дзе мне спынiцца, - да таго самага дня цi, дакладней, вечара, калi раптам абарвалася музыка i пагаслi агнi. Той баль, дзе я быў шчаслiвы... Але дазвольце, я гукну нашага сябра-прымата. Кiўнiце яму ў знак удзячнасцi, а цяпер - што галоўнае - выпiце разам са мною, мне вельмi патрэбна вашае спачуванне.

Як бачу, мае словы вас крыху здзiўляюць? Няўжо ў вас нiколi не ўзнiкала патрэбы ў нечым спачуваннi, у чыёйсьцi дапамозе, дружбе? Узнiкала, вядома. А я навучыўся задавальняцца адным спачуваннем. Яго прасцей знайсцi, i потым - яно нi да чога не абавязвае. "Паверце, я вам вельмi спачуваю", - кажаце вы, а самi адразу думаеце: "Ну, досыць, цяпер пара заняцца iншымi справамi". Дарэчы, гэта дзяжурныя фразы ў старшынi ўрада: на iх ён не скупiцца нiколi, асаблiва пасля нацыянальнай катастрофы. А вось з дружбай - зусiм не так проста. Здабываць яе даводзiцца доўга i цяжка, але калi яна ёсць, яе ўжо нельга пазбыцца, за яе трэба плацiць. Вы толькi не думайце, што вашы сябры будуць званiць вам штовечар, няхай i павiнны былi б гэта рабiць - хоць бы дзеля таго, каб даведацца, цi не той гэта вечар, калi вы вырашылi пакончыць жыццё самагубствам цi, можа, проста - хочаце з iмi пабачыцца або прагуляцца. Не-не, крый божа, калi яны i пазвоняць, дык толькi тады, калi вы будзеце не адзiн i свет вам будзе здавацца чароўным. А на самагубства - на самагубства яны самi вас падштурхнуць, бо, на iх думку, для вас гэта будзе святы абавязак i найлепшае выйсце. Ратуй нас неба, шаноўны пане, каб нашыя сябры былi пра нас такой высокай думкi! Што ж да тых, хто абавязаны нас любiць, - я маю на ўвазе бацькоў i тых, з кiм мы павянчаныя (а слова якое, га!), - дык тут зусiм iншая песня. Гэтыя заўсёды маюць патрэбнае слова, нават не слова - кулю! Яны вам звоняць так, нiбы страляюць з карабiна. I цэляць заўсёды лучна. Вось хто сапраўдныя здраднiкi!