Выбрать главу
Залацістаю рыбай да берага свечка сплыве, Залацістай змяёю слізне па шчаслівай траве, I пчалой залатою паляціць над палямі яна, Над вадой, над зямлёю; якая ва ўсіх нас адна.
Аднакрылую свечку з царквы, што ўсплывае са дна, Мне над возерам п р о ш ч ы трымаць ад цямна да відна, Вакол возера бераг адзін, і нікуды з яго, Як бы мы ні штурхаліся — не спіхнуць нам адзін аднаго.
Як бы мы ні шалелі ў натоўпах ад лютых страсцей, Паміж намі нямашака прышлых, нязваных гасцей, Толькі мы паміж намі — і нам не над прорваю жыць, А над Прошчаю жыць. Так нядоўга, як свечка гарыць.

ПАЛАНЭЗ

1
Бывай, Яблонская, бывай! Прабегла восень па фальварку — І графіка такая ў парку, Хоць парк у раму забірай… Бывай, Яблонская, бывай! Я застаюся па-за рамай Карціны, што праз дождж відна: Раяль, камін — і ты адна, Стамлёная любоўнай драмай, З бакалам белага віна… Апошні раз прыгубіць дай — Заторгні на карціне шторы! Я кінуў твой пякельны рай, Грукоча ў ночы поезд скоры: Бывай, Яблонская, бывай! Не стаў бакал на самы край! Святло і цень дрыжаць падманна — І ўсё разрывіста, туманна… Цалую рукі, ясна панна, Бывай, Яблонская, бывай! Ад клавіш рук не адрывай! У свеце, дзе вішчыць жалеза, Пранізліва гучыць няхай Акорд апошні паланэза — Бывай!
2
«Ja kocham cię…»[8] Ва ўсіх краях, Спрасоння блытаючы мовы, Я гэтыя пустыя словы Знаходзіў лёгка на губах: «І love you»[9], «Я люблю вас», «Ах!» — І галаву кружыла п’яна, І новаю парфумай пах Сюжэт банальнага рамана. Я выдумляў яго, як мог… А тут прыйшлі, каб выдумляцца, Усе… І плыў паркет з-пад ног, І глухла зала ад авацый!.. Яблонская! Не дай нам Бог Хоць раз яшчэ ў жыцці спаткацца!
3
«Я рада вас спаткаць…» «Вы рады?..» Прэм’ера. Вайдаў фільм без Вайды[10]. Міцкевіч з Францыі лісты Чытае Польшчы ўсёй…[11] Масты У часе зводзяцца… На сцэне Акторы… Кветкі Тэлімэне, Якую не сыграла ты — Саперніцы яе прайграла…[12] Як на цябе зірнула зала! Яблонская! Як ты стаяла Супроць усіх!.. Саперніц мала Табе на сцэне і ў жыцці… Руку маю, што спагадала, З пляча ты скінула: «Пусці!»
4
— Як «Пан Тадэвуш» вам? — Ніяк. Пустых размоў пусты скразняк. — Вы не паляк? — Літвін. — Вы з Вільна? Бамонд. Ківае фраку фрак — І звоніць тэлефон мабільны: «Не, сёння не… Чаму так спешна?..» Мы ўжо ўдваіх сярод усіх, Мы ўжо адчулі млосны міг Спаткання двух жаданняў грэшных… «Аліцыя чытае вершы[13] Грудзьмі. Нібыта корміць іх». Ах, мы акторы! Брава, брава! Як ні хітруй, а праўда ў тым, Што ўсе мы хворыя адным: Нам едкі дым — чужая слава, Ну, а свая — салодкі дым.
5
— Пайшлі. Тут скрозь на тварах грым… — Я тут свая… — Але з чужым. — Я не збягаю ад паразы! «У, ганарыстая, зараза…» А трэба йсці было адразу, Пакуль, як рыбіну ў траву, Не кінула мяне ад фразы: «Пра Польшчу фільм, а не Літву, І мог Літву не згадваць Вайда», — І ў бок мой — зырк!.. І вадаспадам Шаленства ў скроні: «Ну, ка-злы!» Ска-а-ндал… — Сказаць, на што ты злы, З чаго твой форс, адкуль бравада?.. Нідзе Літвы тваёй няма! А Польшча ёсць! І гэта праўда, Бо Польшча ёсць — як я сама! — Няма Літвы?!. Мяне няма?.. — Я рада быць з табой! — Ты рада?.. На сцежку восеньскага саду Ступіла першая зіма.
вернуться

8

«Ja kocham cię...» — я кахаю цябе (польск.)

вернуться

9

«I love you» — я кахаю цябе (англ.).

вернуться

10

Вайдаў фільм без Вайды. — Анджэй Вайда — польскі рэжысёр, аўтар фільма «Пан Тадэвуш» паводле паэмы Адама Міцкевіча.

вернуться

11

Міцкевіч з Францыі лісты / Чытае Польшчы ўсёй... — эпізод з фільма «Пан Тадэвуш».

вернуться

12

Акторы... Кветкі Тэлімэне, / Якую не сыграла ты, / Саперніцы як прайграла — Тэлімэна — гераіня паэмы «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча; у аднайменным фільме А. Вайды ролю Тэлімэны выканала Гражына Шапалоўска.

вернуться

13

Аліцыя чытае вершы… — Аліцыя Бахельда-Курус — акторка, выканаўца ролі Зосі Харэжкоўскай у фільме А. Вайды «Пан Тадэвуш».