6
— Я думаю, што вы вар’яты…
—Хто —мы?
—Літвіны. Род пракляты,
Дух страчаны праз вас жыве…
Калі няма сапраўднай страты,
Дык вы ствараеце яе.
Ты молішся, як прад абразам,
Прад тым, што спалена датла…
Калі ёсць я,
калі мы разам,
Скажы: нашто табе Літва?
Ну гэта ж прывід…
Здань…
Трызненне…
Ну што — Літва твая? Скляпенні?
Руіны? Замчышчы? Крыжы?
— А Польшча — што табе, скажы?
7
«О, Польшча!..»
Акрыліла рукі —
І да раяля…
«Польшча — гукі:
Накцюрн… мазурка… паланэз…
О, Польшча!.. Па фальварках бэз…
Варшава… Кракаў… Ясна Гура…»
Ляцелі над клавіятурай
Вякі, нібыта матылькі…
«О, Польшча!.. Скрозь усе вякі
Звон зброі — і харал касцельны,
І рух,
і рух,
і рух няўмольны
З нічога —
Да сябе самой…»
А восень пахла ўжо зімой,
Лядком пацягвалася рэчка,
Сняжынкі пырхалі ў акне,
І цень Яблонскай, нібы ў сне,
Хістаўся, як пад ветрам свечка,
То да мяне, то ад мяне.
8
Як свет хістаецца!..
Ад краю
Да краю…
То ляціць да нас —
То зноў ад нас…
— Я паміраю,
Яблонская…
— Не ў час… не ў час…
— Якраз у час! Ад асалоды
Кахання, музыкі, свабоды,
Ад страсці, а не ад хвароб!..
— Ты што:
маёй чакаеш згоды?
Дык страсць у Польшчы
выйшла з моды,
Смерць холадна цалуе ў лоб.
— Якая смерць! Гасподзь абраных
Музык,
Паэтаў,
Закаханых
На неба забірае ўсіх
У страсны міг, каб засталіся
Навечна ў ім!..
— І мы ў тым спісе?
І гэта мой апошні міг?
— Не выдумляйся… будзь маёю…
— Я рада быць тваёй Літвою…
Ты праўда ў ёй усёй крывёю —
Так, што шаленства ў скроні б’е?..
— Жыву я, каб любіць яе.
Ды час Літвы яшчэ не выспеў —
І я Літву прыдумаў, высніў,
І ў гэтым сне, нібы на выспе,
Згубіўшы ўсё і ўсіх, стаю…
Віна, Яблонская! Ці вып’ю
Я кроў блакітную тваю!
9
Літва! Ад слёз у горле горка,
Як назву вымаўлю тваю:
Літва! Па ўсёй зямлі стаю
Я на святых тваіх пагорках.
Дзеля чаго ўва мне ты будзіш
Надзею голасам крыві?
Літва! Ты ўжо была? Ты будзеш?
Калі жывая, дык жыві!
І калі ты не ў праху вояў,
Не ў мройным часе залатым,
А ў духу тым, што прагне волі, —
Тады ты ёсць, калі ты ў тым!
10
Літва мне снілася… Па Нальшы
Скакалі вершнікі…[14] Дзве чашы
Віселі ў небе —
Ні адна
На вагах не пераважала
Над краем, дзе адна вайна
З другой вайною межавала.
Трох вершнікаў на ўзгорках Нальшы
Не распазнаць:
Чужыя?..
Нашы?..
Я ў чашы зазірнуў:
Мячы,
Штандары ў чашах,
Прах ды косці…
Я ўзяў мячы — і па плячы
Ударыў нехта:
«Што за госці?» —
І павярнуў — да твару твар…
Тварэц Літвы, яе ўладар
Міндоўг паўстаў перада мною…
— А, гэта ты, — сказаў. — З Літвою
Даўно не бачыўся?.. Глядзі…
Вось гэты край з яго людзьмі,
Якім свой дух далі валоты,
І ёсць Літва. Далей балоты
І Жмудзь. Яе пад крыжакоў
Аддаў я, каб не ліць там кроў[15] —
І кінуць костку лацінянам…
Так проста ўсё! — а ў часе цьмяным
Зрабілася праз вас, бо вы
Забыліся, што Бог Літвы —
Агонь, а дух літоўскі — воля,
А праўда — воўк!..
— Я маю доўг
Перад табой? — спытаў я воя.
— Перад Літвой, — сказаў Міндоўг.
11
— Прачніся,
зноў праспіш дзяржаву…
Літоўскую былую славу
Найлепей каваю запіць…
— Яблонская, да д’ябла каву!
— Цішэй… цішэй… Варшава спіць…
Мой Бог, як я люблю Варшаву!
Жыву я, каб яе любіць.
А ты ўлюбёны ў міф… Найгорай
Жыць у былым… Там пуста… гола…
— Я не баюся пустаты.
— Таму і край свой кінуў ты,
І зараз тут і там чужы
Сабе і ўсім… Скажы, скажы,
Дзеля чаго зрабіў ты гэта?..
— Найперш, каб зратаваць паэта.
— Якога?
— Можа, не благога.
Я забывацца стаў, якога.
Ён у апошнія гады
Адчуў, што ўжо не малады,
Што ўсё спазнаў: каханне… славу…
Надзеў хамут, упрогся ў справу —
І паміраць пачаў…
— Тады
Прыдумаў сам сабе забаву?
— Лічы, што так… Яшчэ з ваўкамі
Не захацеў па-воўчы выць,
Хоць быў абкладзены сцяжкамі…
— І што цяпер? Літва за намі?..
— Маёй Літвою хочаш быць?
— Я рада быць тваёй…
— Ты рада?..
вернуться
14
Літва мне снілася... Па Нальшы / Скакалі вершнікі… — Нальша — зямля старажытнага нальшанскага племені (з гарадамі Браслаў, Ашмяны, Вільня, Трокі, Ліда, Гародня, Ваўкавыск, Слонім, Наваградак, Маладзечна, Смаргонь, Вілейка) з цэнтрам у Крэве.
вернуться
15
Далей балоты / І Жмудзь. Яе пад крыжакоў / Аддаў я, каб не ліць там кроў… — Жмудзь (Жэмайтыя, літ. Žemaitija) — зямля паміж нізоўямі Нёмана і Віндавай (Вентай) на паўночным захадзе сучаснай Літвы.