12
На ўзгоркі Нальшы коса падаў
Срабрысты дождж, і ў срэбры тым
Стаяў Міндоўг, а поруч з ім —
Ягайла, пяты сын Альгерда…[16]
— Калі не ведаеш, дык ведай, —
Прамовіў ён, —
Я крыжакам
Пацвердзіў Жмудзь пасля Міндоўга,
Бо не яна Айчына нам —
І ў нас няма прад ёю доўгу.
А доўг ва ўсіх у нас адзін:
Перад Літвою доўг вялікі
Яшчэ з пары, як Гедзімін
Заваяваў сталіцу вількаў[17].
Праз гэты доўг —
супроць Масквы —
Я з Польшчай ажаніцца мусіў[18],
Каб адстаяць Літвы правы,
Каб л ё с Вялікае Літвы
Не стаўся л ё с а м Беларусі.
Ды ўсё дарма… Вы лес апелі.
Згубілі ўсё, што продкі мелі,
Ператварылі край ваўкоў
У край зайцоў…
Я маю права
Спытацца з глыбіні вякоў:
Вы хто — народ?
Вы што — дзяржава?
Адкуль, калі няма слядоў?
Пазнаўшы зайца па губе,
Вам Жмудзь пад нос паднесла дулю,
Як Беларусь вы на сябе,
На край літвінаў нацягнулі.
Вы разлучылі дух з крывёю
І, абрусеўшы пад Масквою,
Пад назвай, дадзенай Масквой,
Не сталі нават маскалямі,
А толькі назваю адной —
І тая назва стала вамі.
Вы — беларусы? Хто такія?
Ёсць Польшча,
Жмудзь,
Літва,
Расія —
Як вы ўшчаміліся сярод?
Адкуль з’явіліся? З балот?
З чаго зляпіліся? З туманаў?..
Такіх падмен,
Такіх падманаў
Не ведаў ні адзін народ.
І што цяпер? Хай так і будзе,
Абы не горш? Вы што за людзі:
Вам звацца хочацца людзьмі,
Ці імі быць,
Ці біцца ў грудзі —
Ці ўстаць за крэўны край грудзьмі?
13
— Згарае свечка ўжо.
— Задзьмі.
— Яблонская, гары ўсё гарам,
Каб не было па чым тужыць!..
Радзіма сталася таварам!
Як на такой Радзіме жыць?
— Не піць, калі Варшава спіць.
Ёй да Літвы якая справа?
— Літву і прадала Варшава!
— Хай так. Не мне яе судзіць.
Жыву я, каб яе любіць.
Сагрэй мяне. Акаляваю.
— Сканаю я праз польскіх краль…
— А што за прозвішча: Ня-кля-еў?
— Расейскае.
— Дык ты маскаль?
Ты не літвін?
— Я ўжо амаль
Спалячыўся з табой…
— Адказвай:
Ты хто — маскаль?!
— Я гэткай назвы
Не ведаю.
— Маскаль! Маскаль!
І я — з табой?
— На жаль…
— На жаль?!
Ты жалішся?!. Ды продкі ў трунах
Перавярнуліся!..
Са мной,
З Яблонскай быць табе?.. З Матрунай!
— На сене ў хлеве быў з адной.
— Ты хам!!!
— Я знаю тое, хто я!
А што ў цябе за патайное
Двайное дно?.. Які палёт!
Якая страсць! Скуль што ўзялося?
— З таго, што ў кроў маю ўжылося,
Што дзікуны — ад нас на ўсход!
— А вы для немцаў не народ!
А немцы — хамы для ангельцаў!..
Ну колькі праз пагарды шкельца
Глядзець адзін на аднаго?!
— І ты яшчэ вучыць! Каго?
Яблонскую?! Ды род мой…
— Знаю!
Праз род свой ты, як сучка, злая.
Шалееш з пыхі і дурнот.
— Ты што сказаў?.. Яблонскіх род…
— Што за размова ў нас дурная!
— Перапрашай за дурасць! Кленч!
Не дакранайся! Не пярэч!
Хто-небудзь,
дайце хаму рады!..
14
Пайшла зіма другая прэч
Па сцежцы восеньскага сада.
— Я рада быць з табой…
— Ты рада?..
— Даруй… Не знаю, што найшло.
Ты праўду мне сказаў пра шкло:
Мы — вас, а нас — яны… Пагарда
Спрадвек жыве… Яна ў крыві…
Ты болей сучкай не заві
Яблонскую!
— Даруй.
— Дарую.
— Дык, можа, вып’ем міравую?
— О, Божухна!… Маскаль… п’янтос…
Яблонскую за грудзі трос…
— Дый ты —
як чорт цябе панёс…
— Я маю права! З каралямі
Мой род на роўных…
— Зноў пра род?
— Мне што: вады набраць у рот?
Мой род пабіты маскалямі
Амаль на скон! Дык я адплаты
Магу жадаць?
— Калі ўсе страты,
Былыя крыўды ўсе лічыць,
Як жыць? Што будзе нас лучыць?
Пара на гэта ўсё забыцца…
— Ні з кім я не хачу лучыцца!
Там Азія! Там вечна зло
Жыло!
— А ў Польшчы што жыло?
Адно дабро? Хадзілі ляхі
На маскалёў?
— Якія страхі!
— Цяпер, канечне, страх які!
А з двух бакоў ва ўсе вякі
Тапталі Беларусь, палілі,
Не род —
Народ на скон пабілі,
Дык я ж маўчу!
— Ну і маўчы!
Скачы жанглёрам на мячы!
І што вы там, дальбог, за людзі?
Вайна з вас выбіла мужчын?
Яблонскіх род скакаць не будзе
Ні перад кім, ні перад чым!
За Богам у палякаў — гонар.
І не бывае долі горай,
Як жыць без гонару! А вы?..
Вам ад Масквы б — за лес, за горы,
А вы лясамі — да Масквы.
— А лепш было б, каб да Варшавы?
— Ні да каго! З літоўскай славы
Чаму вы гонар не ўзялі?
Бог даў вам месца на зямлі —
Дык стойце там належным чынам!..
За гонарам ідзе Айчына.
— Даволі. Мы не ў польскай школе.
— Народы б’юцца ўсе за волю —
А вас у волю не ўпіхнуць…
У лес збягуць — і ў ім жывуць,
Жывуць, жывуць…
— Мы партызаны…
— Жартуй сабе… Занадта рана
Сабраўся ты ўсіх нас лучыць…
І як! Міцкевіча лічыць
За беларускага паэта!..
Якая бздура ў галаве!
— Яблонская! Сцячэ, сплыве
Усё нязлучанае ў Лету,
Як пыл пасля дажджу з дарог…
— Касцёл з царквой не злучыць Бог!
— Адкуль ты можаш ведаць гэта?
— Пайшлі ў касцёл! Прамовіш Крэда?..
Калі злучацца, дык злучыся
Малітваю…
І возьмем шлюб! —
…І зноў пагардліва сышліся
Маршчынкі па краёчках губ.
«Ах, ты…»
— Пайшлі!
— У Ясну Гуру
Паедзем?[19]
— Хоць у Ватыкан,
Калі ўжо бздура прэ на бздуру!..
вернуться
…і ў срэбры тым / Стаяў Міндоўг, а поруч з ім — / Ягайла, пяты сын Альгерда… — Міндоўг (~1195—1263) — заснавальнік і першы вялікі князь (1248—1253) Вялікага княства Літоўскага, першы i апошні кароль літоўскі (1253—1260); Ягайла (~1348—1434) — вялікі князь літоўскі (1377—1392), кароль польскі (1386—1434) і вярхоўны князь літоўскі (1392—1434), заснавальнік каралеўскай дынастыі Ягелонаў; Альгерд (~1295—1377) — вялікі князь літоўскі.
вернуться
Яшчэ з пары, як Гедзімін / Заваяваў сталіцу вількаў. — Гедзімін — вялікі князь літоўскі (1316—1344); сталіца вількаў (ваўкоў) — Вільня.
вернуться
Праз гэты доўг — супроць Масквы — / Я з Польшчай ажаніцца мусіў… — У 1386 Ягайла ажаніўся з польскай каралевай Ядзвігай (каранаваная ў 1384) і стаў каралём Польшчы.
вернуться
— У Ясну Гуру / Паедзем? — Ясна Гура (Jasna Góra) — каталіцкі манастыр (г. Чанстахова, Польшча). Поўная назва: Санктуарый Прасвятой Дзевы Марыі Яснагурскай (польск. Sanktuarium Najświętszej Maryi Panny Jasnogórskie).