Выбрать главу
15
Дарогу засцілаў туман. — Дай я паеду. Ты нервова Тапіла ўсё глыбей педаль… — Дык ты спалячыўся амаль? Праз тры гадзіны адмыслова Спалячышся… На ўсё жыццё… Прымерзла мокрае лісцё Да шкла. — Дай скіну. — Здзьме ў дарозе. Нібы на «хуткай дапамозе» Каго сьцівезла ратаваць, Ты гнала. — Кінь ты гэтак гнаць, А то й каталіком не стану… Насустрач рваліся з туману, Сляпілі колкія агні… — Яблонская, ну не гані! — Няўжо баішся, праваслаўны? Чапляешся за гэты свет?.. Сюжэт мы закруцілі слаўны: Раман!.. Акторка і паэт!.. Класічны ў нас з табой сюжэт — І ўжо фатальны, непапраўны. — Дай руль! — Не дам. Дакладна ролі Распісаны. Табе — твая. — Яблонская, пад хвост шляя Табе папала?.. Прапаролі! Прабілі кола!.. Слізгата… — Газ скідвай! Завішчэлі шыны!.. — Не тармазі! Удар! Машына Сустрэчная — уніз з маста. Звон у вушах і пустата.
16
І Вітаўт з пустаты і звону Сказаў: — Няма ў Хрысце Хрыста, Калі ягонага закону Няма ў табе. Прымі закон. Сівы, як кургановы сон, Стаяў з Міндоўгам поруч ён, Абодва — даўніна сівая… — Па белым снезе кроў сцякае, — Казаў далей ён. — Гэта — шлях. Яго пачаў я пад Дуброўнай[20]. Самой сабе там стала роўнай Літва — і прырасла на Жмудзь. Шлях не даваў мне Жмудзь вярнуць Зноў крыжакам. Так перамога Паразай стала. Жартам Бога. Так Жмудзь Літвою прырасла. — Туга ў вачах яго плыла… — Ты плыў, як човен без вясла, — Працягваў Вітаўт, — і заблытаў Сябе і ўсіх… Цяпер забіты Паўстане на шляху тваім… Ты ведаеш, што будзеш з ім Рабіць?.. Не ўсе пра тое знаюць… Шлях можа стаць зусім пустым. Забітымі не прырастаюць. Забітых дух — атрута ў целе. Абедзве чашы апусцелі, Як ты ў іх зазірнуў… Згарні Штандары, а мячы                               вярні. — Каму вярнуць?.. Вы здані, міты… На вас кальчугі ўсе прабіты, Вы ў ранах з галавы да ног!.. — Вярні мне меч! — закончыў Вітаўт. — Вярні мне меч! — пачаў Міндоўг. — До слоў! За зброю зноў бяруся. Скажу адно — што ў той раз мусіў Сказаць, але забыўся ў скрусе, Бо ўжо сівая галава… Няма ніякай Белай Русі, А ёсць Вялікая Літва! І хітрая Літва малая, Былая Жмудзь, пра тое знае, Вялікая — не хоча знаць… З чаго ты польку ў жонкі ўзяць Надумаў?.. Вітаўт праваслаўным Пражыў жыццё — і беспадстаўна Надзеі меў на польскі трон… Ты чуеш пустату і звон?.. «Цудоўны цяг імкне вышэй, — Шапталі мне два сны сівыя, — Літоўскі Зьніч гарыць ярчэй, Чым крыж на полацкай Сафіі, Чым на любым касцёле крыж…» — Князі Вялікія! Спарыш — Адзін арэх ці два? — спытаў я. — Каталіцызм і праваслаўе — Не той жа шлях? «Наш шлях — паміж, — Шапталі сны, — не берагамі, А рэчышчам, ракой самой. Пакінь усё і кроч за намі…»
вернуться

20

Гэта — шлях. / Яго пачаў я пад Дуброўнай. — Маецца на ўвазе Грунвальдская бітва, вядомая яшчэ як Бiтва 15 лiпеня 1410 пад Дуброўнай.