22
Ён цікаваў цябе. Паўсюдна
Ён быў з табой, як з целам цень,
Як з духам здань… Яму падсуднай
Ва ўсім была ты… Кожны дзень
Насіла на магілу кветкі…
23
Банальныя ў сюжэце меткі:
— Ты не кахаў мяне!
— У сведкі
Я клічу Бога, што кахаў!..
— Ты бавіў час! Ты забаўляў
Сябе!.. —
І мяўся край сурвэткі,
І кубак каву праліваў.
24
Ты плакала… Саперніц мала
Табе ва ўсім — і не ставала
Для плачаў слёз… вачэй саміх…
Да донца выплакаўшы іх,
Ты прашаптала так не ўслых,
Ты моўчкі так даруй сказала,
Што больш сказала, чым
бывай…
25
— Бывай! Я пакідаю край,
Дзе стаў табой смяротна хворы!..
— Бывай! Чакай! Мы ўсе акторы!..
Бывай… Даруй! Не пакідай!..
І так да немачы, да зморы:
Як ноч: даруй…
Як дзень: бывай…
З двух галасоў — які прарочы?..
Ці той, які мне чуўся ўночы,
Ці той, што ўдзень?..
Ды ўсё на злом,
Як з ночы ў дзень, як дзень за днём…
Касцёл… малітвы…
Дом сірочы
Нам гэты свет, дзе мы жывём.
26
Фальварка гулкія пакоі
Палохалі — такім пустым
Здаваўся дом, нібыта ў ім
Жывуць два цені,
зданяў двое…
Глухому чуецца глухое.
Сляпое бачыцца сляпым.
27
Я пакідаў… Вяртаўся зноў…
Зіма марнела ад дажджоў,
Плылі, цяклі сляпыя хмары…
Ты ўсё чакала помсты. Кары
Ты ўсё шукала — я знайшоў
Яе… Ты мне сказала:
— Караль…
28
Так паміраюць… Я ўжо блытаў
Сябе і Караля, нібыта
З ім чаргаваўся…
«Ты з забітым
Як будзеш жыць?..» — штоноч,
штодзень
З’яўляўся і пытаўся Вітаўт…
І я сачыў то здань, то цень —
То цікаваў сябе самога!..
«Вазьмі мой слых, — маліў я Бога, —
Мой зрок вазьмі — і ёй вярні!..»
29
— Як змрочна! Запалі агні…
— Гараць…
— Гараць?.. Чаму так цёмна?!.
Ён там! За імі!!.
— Не крычы…
— Як глуха!.. Музыку ўключы…
«Каханая, мы непрытомна
Жывём…»
30
«Каханы, мне ўжо сілы,
Каб жыць на яве, не стае…»
— Давай адыдзем ад магілы,
Яблонская! На край яе
Каханне ставіць рызыкоўна —
Цікуюць мёртвыя жывых!..
— Жывы ён!!.
— Мёртвы!!!
Зрок і слых
Замгліліся ўва мне раптоўна.
31
Сляпы, глухі ў чужой краіне…
«Ты ж сам маліў…»
Яна пакіне
Мяне!..
«Кінь першы…»
Як?.. Не стыне
У жылах кроў — пульсуе, б’е!
Рука Яблонскай на ілбе
Дрыжыць, і на губах салёна —
Сляза!..
Няўжо яна па мне?..
За што мне — так кахаць шалёна?
Так слепа! Глуха!
32
Сон у сне! —
І сон за сном вяроўкай звітай…
— Яблонская, мы здані?.. Міты?..
Зноў скачуць па дарозе збітай
На снежна-белых конях Вітаўт,
Міндоўг, Ягайла… Не спыніць
Пагоні — і яна ляціць,
І дыбіць, гоніць, сцеле коней,
І не суняць яе па сконе
Маім, тваім!.. Яна з грамамі,
з маланкамі
у чарадзе!..
Яна
блішчыць,
грыміць,
гудзе!..
«Яблонская! Літва за намі!»
33
— Ты дзе, Яблонская, ты дзе?..
Я бачыў! Чуў я лёт Пагоні!..
Я не сляпы! Я не глухі!..
«Я тут», — паклаліся далоні
На лоб гарачы і сухі.
«Агонь!..»
34
«Я тут, з табой…»
У доме
Палаў агонь, быў дом агнём
І домам, яваю і сном
Адначасова — і суомі[21]
Пачуў я слова…
Снежны слуп
Паўстаў у самай сарцавіне
Агню…
«Яна мяне пакіне?..» —
Спытаў я ціха, і да губ
Той слуп — манах у белым — палец
Прыклаў. «Табу… Табу… Табу…
Вам трэба Польшчу і Літву
Пакінуць, вас тут спаліць памяць…
Тут кроў і слёзы… Прах і тлен…»
— А ў доме што?..
«Імёны паляць.
За іх тры веданні ўзамен
Даюцца з таямніцы Тао…»
Яблонская ўвайшла і стала
Каля сцяны агню. Яна
Была ўся ў белым.
— Ты спаліла
Імя? — спытаў я. Як сцяна,
Яна маўчала.
«Тайнай сіла
Павінна быць, каб сілай стаць, —
Пачуў з агню я. — Напісаць
І ўсё спаліць — вось сілы тайна…»
— Цябе прымусілі?.. — спытаў я. —
Таму
імя ў цябе
няма?!.
З агню сказалі: «Не, сама…»
Я напісаў —
Маё імя
Спаліў манах…
Спазнаў я Тао[22].
вернуться
22
Маё імя / Спаліў манах… / Спазнаў я Тао. — Тао — старажытнакітайская (у еўрапейскай транскрыпцыі Дао) філасофская сістэма самаўдасканалення («шлях узнясення») чалавека; спальванне напісаных на паперы імёнаў — адзін з рытуалаў (сучасных) медытацый Тао.