Выбрать главу

Яму не патрэбны пісьмовыя дапаможнікі — дзённікі, нататнікі, рабочыя сшыткі.

Ніякіх накідаў, ніякай чарнільнай падрыхтоўкі, амаль ніякіх планаў.

Варыянты шасцідзесятых і блакноты сямідзесятых кінуты ў агонь.

Лішняй паперы не любіць, таму ў ягоным архіве — пустотны хаос цудоўных здагадак.

Новы тэкст заўсёды ў памяці.

Тэкст не выпісваецца, — з'яўляецца.

Паэт прамаўляе і не часта занатоўвае прамоўленае (адсюль і адносна невялікая колькасць выдадзеных кніг) — творыць амаль гэтак жа, як некалі продкі тварылі фальклор.

I не будзе ніякага перабольшання ў тым, калі скажу, што ў Някляева фальклорная памяць.

* * *

Ягоным ворагам дам параду: высілкі вашы дарэмныя, ён не ўмее сварыцца, таму не назаляйце; сябрам скажу: калі хочаце бачыць яго ўдзень — чытайце вершаваную аповесць «Маланка», хочаце сустрэцца ўначы — ўздыміцеся на дах свайго дома; былым сябрам заўважу: ён добры, даруе здраду, аднак жа, вяртаючыся да яго, калі не душу, то хоць рукі свае вымыйце ў крыніцы вашай агульнай маладосці; жанчын, якія яго безнадзейна кахаюць, супакою: у гэтай дзівоснай безнадзейнасці ваша абсалютнае шчасце; малалетнім крытыкам нагадаю: не бывае так, каб шыпшына цвіла і зімою; буйным і дробным начальнікам накірую безразважны заклік: прачытайце (!) кнігу «Прошча» ад першай да апошняй старонкі.

* * *

Ён не стварыў сваёй школы і не мае сваіх вучняў.

Вакхічныя заявы А. Сыса: «Някляеў — мой настаўнік...», «Я — вучань Някляева...» успрымаюцца як застольныя выбрыкі і не болей.

Дык адкуль жа раптам вынікла, што Някляеў — знак, Някляеў — сімвал?

Вынікла з яго паэзіі і з яго самога — з таго, што ён донкіхот з моваю шляхетнага Янкі Купалы.

Вынікла з артыстызму, з той лёгкасці, якую ён таленавіта дэманструе, выходзячы на сцэну; з ягоных багатых імправізацыйных магчымасцей, калі ў любой сітуацыі і «пад сітуацыю» імгненна ўмее здабыць неабходны жарт, яркую рыфмаваную мініяцюру...

У адказе на пытанне адкуль — магчыма і такая антыномія: Някляеў-артыст неадпаведны Някляеву-паэту, артыст перамог паэта.

I калі гэта так, тады зразумела, чаму ён — знак і сімвал.

Бо значны сваёй прысутнасцю і сімвалічны тым, што — Някляеў.

* * *

Характар сатканы з беларуска-рускіх супярэчнасцей, таму яго весялосць самотная, самота ж упэўнена вясёлая.

Ён аднолькава натуральны ў царкве і ў рэстаране, за кухонным сталом і на эстрадзе.

Лірык, майстар верша, аднак не вершы яго найбольшыя здабыткі, а паэмы.

Рамантычная душа, якая ўважліва прачытае «Індыю», абавязкова захоча паводле гэтага шэдэўра напісаць і паставіць балет, стварыць кінаверсію альбо тэатральную сімфаньету.

Ён першы зразумеў, што ў беларускай паэзіі можна існаваць разняволена.

I ён, магчыма, адзіны, хто тэматычна не заўважыў дамінантнае паняцце нашай зацкаванай культуры — Адраджэнне.

У прыкрую хвіліну можа ўсклікнуць: «...якія мы паэты!» — і надоўга змоўкнуць, падуладны нейкаму таемнаму рытму, задаволены тым, што гэты незразумелы рытм існуе сам па сабе і ніякіх слоў не патрабуе.

(«Народная Газета» 11 ліпеня 1996, №172; «Советская Белоруссия» 13 ліпеня 1996, №132)

І.

Ён пазваніў па тэлефоне 30 студзеня 1997 года а палове чацвёртай раніцы.

Зрэшты, не ведаю: калі на гадзінніку 03.30 — гэта ўжо ранак ці ўсё яшчэ ноч, аднак жа добра памятаю (у маім памінальніку ёсць адпаведны запіс!) — званок быў менавіта 30 студзеня 97-га года і якраз у 03.30...

Хтосьці паблажліва зазначыць:

— Пачатак амаль дэтэктыўны. Магчыма.

Для мяне ж — пачатак цалкам паэтычны. Дык вось, пазваніўшы, Ён спытаў:

— Што робіш?

— Перакладаю апалінэраўскага «Эмігранта...»

— Чытай.

I я прачытаў першыя строфы, якія былі ў мяне на тую хвіліну ў чыставым выглядзе:

Ён без капелюша — купецкага вянца Зайшоў адзін да каралеўскага краўца I гільяцінным позіркам імгненна Галовы ссек шыкоўным манекенам
Натоўп не пакідаў свой вавілонскі шлях Як прывід з прывідам на доле без кахання I рукі да нябёс і да азёр світання Парой узлётвалі як белых птушак страх
Я паплыву ў Амерыку на золку I не вярнуся ўжо назад Я срэбра зарабіў на вершаваных зёлках Као вулкам любым прашумеў відушчы сад
Салдата з Індыі вяртае каралева На біржах слінаю гандлююць залатой Надзеўшы новы фрак засну і нада мной Замоўкнуць птушкі з малпамі на дрэвах...