Выбрать главу
* * *
Сваё апошняе каханне, Незразумелае такое, Аддаць магчыма за жаданне Жыць, як парнасец, у спакоі.
Няма найлепшага нічога За гэта светлае трызненне, Калі крыштальная трывога Цалуе рукі і калені;
Калі збіраешся пакуты Ад радасцяў былых адрозніць, Тады не дзенешся нікуды I будзеш маладосці помсціць;
Калі, як вір, у цемры ночы Цябе шукае позірк нейчы, Тады радзімы голас воўчы Усё адно што чалавечы.
12 верасня 1999 («Крыніца», 58, 1-2000)
* * *
Усё згадаеш, едучы ў Варшаву, I ўсё забудзеш, едучы назад, I слава, непадобная па славу, Сплыве за беластоцкі далягляд...
Як добра зноў убачыць Камароўку, Калгасную бразілію нябёс — Купіць алей і доўгую вяроўку, Даўжэйшую за самы доўгі лёс.
Ісці, не заўважаючы палацы; Тануць, не заўважаючы раку, — Як хораша душу сваю на шпацыр Выводзіць на сабачым ланцужку.
1 сакавіка 2000 («Літаратура і мастацтва» 11 жніўня 2000, № 32)
* * *
Калі Вярсілаў разаб'е ікону, Тады й пачнецца бальшавізм душы. Скажы пра гэта Госпаду і трону, А лепей — уцякай і не кажы;
Чытай Галчыньскага, і ён паможа З марознай паліцэйскай стараны Вясёлае наладзіць падарожжа У файную фарляндыю вясны...
Неверагоднае чароўна цешыць, А верагоднае — бліжэй да зла, Цябе журбота дротам апляла, Як слаўна часам з дроту выгнуць вершык!
10 сакавіка 2000 («Літаратура і мастацтва» 11 жніўня 2000, № 32)
* * *
Жыць можна скрозь — у пінсках і баранях, I ў хельсінках таксама можна жыць, Калі на вочы цямнага выгнання Сляза балтыйская бяжыць;
Жыць можна скрозь... Але найболей трэба Туды імкнуцца, дзе вада — вада, Віно — віно, а неба проста неба, I сэнс бяды не страціла бяда.
7 красавіка 2000 («Літаратура і мастацтва» 11 жніўня 2000, № 32)
* * *
Пакут няма. Есць успаміны. I ў кожны спомін-успамін Сябры з'яўляюцца пустымі I здраднымі ўсе як адзін.
I ад такой вялікай чэсці Не знаеш, як ім дагадзіць: Ці іх на Іматру павезці? Ці на парог іх не пусціць?
8 красавіка 2000 ( «Літаратура і мастацтва» 11 жніўня 2000, № 32)
* * *
Мне пра Усходдзе забыць не даюць, Толькі прачнуся — паведамляюць Колькі ядуць там і колькі там п'юць, Колькі страляюць і дзе забіваюць.
Ты, эмігранцкі пільнуючы хлеб, Жыць навучыўся ў маўклівым палоне; Кроў твая руская — волга ды стэп — У беларускай ніяк не патоне.
25 красавіка 2000 («Літаратура і мастацтва» 11 жніўня 2000, № 32)
* * *
Да журбы дакранайся, нібы да жалеза; Языком выцалоўвай марознае шкло, Разумеючы простае: тое паэзія, Што ніколі паэзіяй і не было.
Што ні ёсць — усё добра, усё мае рацыю, I пад каменем кожным гадзючыцца верш... Ты — паэт камарына-слязлівае нацыі За здароўе сваё воцат п'еш!
Пі, закладнік сваёй дабрыні з'алкаголенай, Пі на зайздрасць падонкам, няздарам усім — Ты застаўся. А ім? Не застацца ніколі ім Ні паэмай, ні вершам, ні словам жывым;
Пі, усё безназоўнае любячы, помнячы, Цень Купалы вітаючы прошчай сваёй... Як цудоўна — паэтам так сумна на поўначы! Як цудоўна — жалеза лагодзіць журбой!
30 красавіка 2000 («Літаратура і мастацтва» 11 жніўня 2000, № 32)
* * *
На Беларусі зоркі,— слёзы Бога... Яны цякуць у кожную душу. Ніколі ў гэтых зорак і нічога Я не прасіў, а сёння папрашу: Народжаны паэзіяй начною I створаныя музыкай начной, Жывіце, зоркі, ярка нада мною, Да раніцы жывіце нада мной. I вечнасці надзейныя манеты Вы не шкадуйце творцам на зямлі, Каб гэтымі манетамі паэты Сваё трыванне аплаціць маглі; Каб здолелі свае прамовіць оды, Настроіць ліры на высокі лад У гонар той нябеснае свабоды, Якою поўны слёзны ваш пагляд. I каб выгнанніку было нягорка; I каб яму сярод чужынных зор Адна свая заўжды свяціла зорка I клікала сюды, дзе родны двор... Хаваючыся ў ранішняй магіле, Вы абяцайце кожнаму і ўсім, Што вечарам ізноў на небасхіле Раскінеце бясконцы свой кілім,