Натуральна, што ў такой сітуацыі свет не толькі чакаў, але і патрабаваў пазітыўных змен, да якіх настойліва заклікалі новыя міралюбівыя ініцыятывы нашай краіны. Позірк надзеі скіроўваўся да Жэневы, дзе мелася адбыцца сустрэча кіраўнікоў СССР і ЗША. Словы прывітання Міхаіла Сяргеевіча Гарбачова Генеральнаму сакратару ААН Перэсу дэ Куэльеру, удзельнікам юбілейнага пасяджэння Генеральнай Асамблеі з выпадку 40-годдзя Арганізацыі Аб'яднаных Нацый прагучалі добрым, светлым прадвесцем і сур'ёзнай праграмай дзеянняў: «Сёння, як ніколі, патрабуюцца сумесныя намаганні дзяржаў і народаў для таго, каб адвесці ад чалавецтва пагрозу ядзернай катастрофы. У практычным плане для гэтага неабходна перш за ўсё пакончыць з гонкай узбраенняў на Зямлі i прадухіліць яе ў космасе».
Асабіста мне выпала працаваць у 4-м Камітэце Генеральнай Асамблеі, Камітэце, які займаецца пытаннямі дэкаланізацыі. Чалавеку не дужа дасведчанаму, ды яшчэ на першы погляд, здаецца, што ў свеце з сістэмай каланіялізму даўно і беззваротна пакончана.
Яно сапраўды — палітычная карта планеты за пасляваенны час непазнавальна змянілася. За 25 год з часу прыняцця Дэкларацыі ААН аб дэкаланізацыі 56 былых калоній і несамакіравальных тэрыторый набылі незалежнасць і сталі раўнапраўнымі членамі міжнароднай садружнасці. Аднак жа канчатковая: ліквідацыя рэшткаў каланіялізму, расізму і апартэіду ва ўсіх іх формах і праяўленых па-ранейшаму — адна з важных задач Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.
Прыгадаем шматпакутную Намібію. Дзесяцігоддзямі яе народ імкнецца парваць рабскія ланцугі, і дзесяцігоддзямі сучасныя каланіялісты ўчэпіста, па-драпежніцку трымаюцца за гэтую зямлю, багатую карыснымі выкапнямі, і перш за ўсё ваенна-стратэгічнага значэння — уранам, напрыклад. Паўднёваафрыканскія і заходнія транснацыянальныя карпарацыі (ТНК) толькі ў выглядзе прыбыткаў прысвойваюць больш як 60 працэнтаў валавога ўнутранага прадукту Намібіі. Каля 340 філіялаў ТНК — у асноўным з ПАР, Англіі, ЗША - рабуюць прыродныя рэсурсы тэрыторыі. Да іх паслуг — танная, амаль дармавая, рабочая сіла. Размеркаванне прыбытку паміж белымі жыхарамі і чорным насельніцтвам складае 24:1, а для афрыканцаў, якія пражываюць у рэзервацыях і «хаумлендах», гэты паказчык яшчэ горшы.
Сферай панавання імперыялістычных інтарэсаў з'яўляюцца і так званыя малыя каланіяльныя і падапечныя тэрыторыі. Тут замежныя манаполіі дзесяцігоддзямі «апекі» па-грабежніцку здзяйсняюць свае карыслівыя мэты, цалкам кантралюючы выкарыстанне прыродных і людскіх рэсурсаў. Іх менш за ўсё турбуе лёс карэн нага насельніцтва. Уся іх «дабрачынная» дзейнасць зводзіцца да таго, каб пад усялякімі шыльдамі накшталт «садружнасці», «асацыяцыі», «інтэграцыі» навязаць тэрыторыям новыя формы каланіяльнай залежнасці.
Прадстаўнік Англіі ў 4-м Камітэце з упартай настойлівасцю імкнуўся давесці, што карпарацыі «садзейнічаюць стварэнню эканамічнай мікраструктуры», што наогул «гэтыя тэрыторыі малыя, там няма чаго рабіць», што, зразумела, замежныя кампаніі маюць і свае мэты, «іх задача — дзейнічаць у сваіх інтарэсах», аднак яны «даюць занятасць, работу».
Калі паслухаць гэтыя «довады», то можна падумаць, што капіталісты толькі і дбаюць аб тым, каб прынесці шчасце і дабрабыт жыхарам залежных тэрыторый. У такім выпадку, відаць, варта паслухаць і другі бок: што кажуць самі пасланцы «апякуемых» — у ААН іх называюць петыцыянерамі (своеасаблівыя хадакі). Зразумела, заходнім дыпламатам петыцыі гэтых шукальнікаў праўды былі яўна не па душы, і мы ў той час былі сведкамі, як прадстаўнікі дыпкорпуса ЗША, напрыклад, пакідалі свае месцы ў зале, каб не слухаць скаргі знядоленых.