Выбрать главу

Вось толькі да апошняй высновы развагі ў сне не былі даведзены: прыйшоў нейкі аўтар, пачаў прапаноўваць матэрыялы... А тут і рэдактар засумнявалася: «І чым гэта мы толькі займаемся?..» Маўляў, не рэдактарская гэта справа вырашаць карэктарскія пытанні...

Так было ў сне. А калі наяве, то чаму б і не задумацца: а як яго «аформіць графічна», «прышчапіць» да нашай: арфаграфічнай практыкі, тое саснёнае слоўца?..

Пытанне не пустое падчас цяперашняй дыскусіі аб удакладненнях беларускага правапісу...

02.09.2005, 2 гадз. ночы

2. І адразу — у верш

Такі быў сон: я чытаў свае новыя строфы — якія вось толькі-толькі нараджаліся. Уладзіміру Някляеву. Верш быў пра нашы славяна-балцкія карані, пра покліч Памяці. І было ў вершы слова «перчучай» — яго ўважаў я там за балцкае, літоўскае. Прачнуўшыся, тут жа хуценька хапіўся запісваць, бо не раз было ўжо: не ўхопіш прымроеныя радкі, прамарудзіш — яны амаль імгненна знікнуць, развеюцца, збягуць туды, адкуль прыйшлі — у небыццё...

Верш быў запісаны. Запісана было і слова «перчучай»: легла ў радок, звязалася рыфмаю...

А што яно азначае?..

Вось тут паэзія і адступілася — пачалася проза... Зазірнуў у адзін слоўнік літоўскай мовы, у другі — няма такога слова...

Але ж гучыць яно так па-літоўску...

Нядаўна гартаў «Музычны слоўнік». І напаткаў: «скудучай» — назва літоўскага музычнага інструмента. Аж сэрца ёкнула: гэта ж так блізенька, так сугучна, «перчучай» — «скудучай»...

Значыць, ёсць надзея?..

3. Што «меў на ўвазе» Пімен Панчанка?

«Хачу напісаць яшчэ адну кнігу, дзе галоўным кампанентам будзе не знешняя паэтычнасць, а глыба праўды, масавы фосфар Быкава», — гэтую фразу я запісаў у сне, а прамаўляў яе Пімен Панчанка (і тое зноў жа было не зусім наяве, а знаходзіўся паэт у нейкай «отстраненности», не ў прамым кантакце са мною: я яго бачыў і чуў — быццам на экране, а ён не ведаў гэтага: хадзіў і размаўляў, як сам з сабою)... Вось такое «шматпланавае» было бачанне, і думалася яшчэ, калі я запісваў (у сне! — з клопатам, каб не забыць, калі прачнуся): а ці павераць, што гэтак Панчанка гаварыў, чым засведчыць, што гэта яго словы?..

А цяпер вось, прачнуўшыся, зрокава бачу запісанае: «масавы фосфар Быкава»... І тады здавалася гэтая «формула» дужа важнай і важкай (нездарма ж баяўся забыць!) — і вельмі зразумелай. А цяпер?.. «Масавы фосфар» — штосьці накшталт «крытычнай масы»? Але ж тады, на той, быхаўскай, вайне, атамнай зброі яшчэ не было... Ды і выбуховасць «крытычнай масы» не магла пазначацца фосфарным эквівалентам — не той элемент, не радыеактыўны... Аднак жа: невыпадкова і небеспадстаўна назвалі яго старажытныя грэкі — фосфар — phosphoros, што значыць святланосны.

Зноў і зноў паўтараю — паўнагучна-ўрачыстае: phosphoros! Святланосны... Магчыма, гэта і «меў на ўвазе» Пімен Панчанка?..

«ИЗВИНИ» - І «ВЫБАЧАЙ»...

Выкладчык моў Полацкага духоўнага вучылішча Іосіф Парфіравіч Цытовіч выдрукаваў у пецярбургскім часопісе «Маяк» (1843) «Слова два о языке и грамотности Белой Руси», дзе працытаваў, «для образчика только, современное произведение белорусской лиры, замечательное... и по изложению, и по содержанию...», «...чтоб показать, как гибок (успомнім Адама Міцкевіча! — В. З.) и послушен язык воле поэта...».

Хто ён быў, гэты «паэта», што вітаў са сваёю музай «в именинный день одного протоиерея», — невядома. Але вершык, сапраўды, лёгкі, іскрысты, усмешлівы, па складзе сваім блізкі да славутага «Тараса на Парнасе»:

...Так во, татусь, якім случаем У хату мы тваю зайшлі, Хоць хлеба-солі тут не маем, То ізвіні, што так прыйшлі. Хоць ты, то праўда, і не маеш У гасцінцах нужды ні якой, Хоць недастатка ты не знаеш, Багат і салам і мукой, Закон вяліць без хлеба-солі Нікуды не хадзіць ніколі...

Зусім зразумела і натуральна: «прастамоўе», мова «простага люду» адпавядае жанру — «застольнаму вітанню» (з гэтага «прыёму» карысталіся і «рускамоўныя», і «польскамоўныя» асяродкі «вышэйшага» тагачаснага грамадства на Беларусі), і «русізмы», зважаючы на стан распрацаванасці (а дакладней — нераспрацаванасці) літаратурнай мовы, непазбежныя тут і выбачальныя... І каб не гэтае, апошняе, што само «напрасілася», слова — «выбачальныя», можна было б толькі і канстатаваць: якая ўсё ж яна, мова гэтага «жарціка», далібог, жывая і, як сказана, гнуткая... Адно «татусь» (як зваротак да культавага служкі — «отец», «батюшка») чаго вартае!.. А сінтаксічны лад: «Хоць ты, то праўда, і не маеш...» — кароценькае «то», а якім «светлячком» высвечвае яно адасобленае, пабочнае, слова «праўда»...