Выбрать главу

«Падплётка» — гэта ўжо блізка да нашага, мачулінскага: «падплятанка». І выраблялася яна з косткі (з авечае нагі, часцей), абрэзанай з аднаго канца пад вуглом — для завастрэння, а з другога — пакідаўся, для зручнасці, закруглены і адшліфаваны сустаў, натуральнае патаўшчэнне, як галоўка-дзяржальна ў кійку ці кавеньцы... Спрытна выштукоўвала падплятанка лапаць за лапцем!.. Была, прызнацца, і яшчэ адна (зноў жа — пабочная) «служба» ў гэтай прылады: жанкі з поспехам перабіралі ёю валасы на галаве («давай нашукаемся», — казалі)...

А як жа з «падвіркай», што і на Парнас уплішчылася, да багоў?

Ёсць і пра яе ў Даля адпаведнае ўгрунтаванне (на тое ён і Даль): «подвиранье лаптей» — з пэўным удакладненнем: «подвора» («лапта съ подворой») замест «подбора» — ад «подбирать» (рабіць у падбор)...

Усё высвеціў фанетычна-этымалагічны «рэнтген»!..

Але... але так нявысветленым і застаецца: «качатыг» (ці «кацатыг»...). Так і карціць: адкуль прыйшло яно да мяне? Перагукнулася слова з пачутым у дзяцінстве смаленскім (ці магілёўскім... — усё адно: наша, беларуская, гаворка) і прытаілася...

На якіх старонках засведчаны ён пісьмова, у якім творы — «качатыг», той, што «пад бок»?..

І яшчэ, спытацца б: а навошта, дзеля чаго ўвесь гэты лексічна-этнаграфічны «вы шук»?

А проста — каб завяршыць, скампанаваць у абуджанай памяці малюнак: Парнас з багамі-алімпійцамі і палясоўшчыкам Тарасам — і Мачулішча з нашым дзяцінствам і ваеннымі бежанцамі — смаленцамі і магілёўцамі... І — як знак лучнасці паміж імі (беларусы!) — даўно знябытае (разам з лапцямі) слова: «качатыг» («кацатыг») — «качадык» — «падвірка»...

ПРА ІВАНАЎ... І НЕ ТОЛЬКІ...

Цяжка разабрацца, хто ці што ў віноўніках: недастатковая распрацаванасць нашай навуковай — тут маю на ўвазе: батанічнай — тэрміналогіі, рускамоўныя (прычын хапае) уплывы, павярхоўнае «травазнаўства» творцаў (калі пытанне тычыцца мастацкай літаратуры), — але факт, як кажуць, застаецца фактам: блытаніны і сваволі на гэтай дзялянцы хоць адбаўляй...

Перакладны руска-беларускі слоўнік, скажам, пазначае адным і тым жа словам «скрыпень» такія адрозныя расліны як «кипрей» і «иван-чай»: сямейства яны аднаго (скрыпнёвых), але «кипрей» — гэта Epilobium, а «иван-чай» — Chamaenerion... Беларуская энцыклапедыя ўжо «разводзіць» іх: з'яўляецца артыкул «іван-чай вузкалісты» (Chamaenerion angustifolium)...

Ясна ж, не ўтоіш: гэты «чай-з-іванам» з'явіўся тут праз калькаванне рускамоўнага тэрміна. (Спрачацца няма з чым. Можна супакоіць толькі «пурытанаў», што і там, у рускай мове, ён, «чай», выступае словам «чужародным», запазычаным з мовы цюркскай, а да яе прыйшоў, у сваю чаргу, таксама запазычаны — з паўночна-кітайскай гаворкі — cha. А куды дзявацца англамоўнаму спадарству? — tea [ti:] — адмаўляцца ад назвы, бо корань «чужы»?.. Дык жа слова прыйшло разам з паняццем... Як, зрэшты, гэты самы «чайны» «хвосцік» ёсць і ў такім ужо «крута нашанскім» слове «гарбата» (прыйшло праз польскую мову): herbata — у першай частцы (herba) — лацінская назва расліны наогул (успомнім: «гербарый»); у другой — даследчыкі бачаць Паўднёва-Кітайскую назву чаю — te... Вось і шукай карані!..)

Вучоную сістэматыку «выручае» лаціна. А як пачувацца ў літаратуры мастацкай? Калі прытрымлівацца «строгай навуковасці», адным «скрыпенем» не абысціся... Таму і ідуць «паралельна» «іван-чай» і «скрыпень». Пэўна, таму... хоць і не заўсёды... Са злосці, не знаходзячы «прыбежышча», «прытулку» ў народных назвах (зважаючы на папрок У. Арлова: «Калі цяпер я чытаю ў сяго-таго з нашых улаўраных майстроў прыгожага пісьменства пра «іван-чай», «маці-і-мачыху» й «івана-ды-мар'ю», пачынае здавацца, што безьліч такіх прыгожых, трапных ды непаўторных назваў беларускіх красак і траваў ведаем ужо адно мы зь сястрою...»), можна было б «адкарбаваць» замест «іван-чаю»: «іван-гарбата» (а то і «янка-гарбата)... Але нарадаваўшыся за «эксклюзіўную» дасведчанасць Уладзімера «зь сястрою» і адкінуўшы блюзнерства з «гарбатай», задумаемся ўсё ж і пагодзімся: і навукоўцам-натуралістам, і мовазнаўцам, і літаратарам трэба даводзіць справу да ладу...

Ну, пра «іван-чай» пагаварылі, а от жа карціць — яшчэ пра аднаго «Івана»: з «івана-ды-мар'і»... Зноў жа: перакладны слоўнік занадта не «утрудняется»: «иван-да-марья» — браткі... Энцыклапедыя, як ёй і належыць, гэтую «безапеляцыйнасць» сунімае і, адпаведным чынам, выпраўляе: «Браткі (Viola tricolor)... травяністая расліна сям. фіялкавых»... А што тычыцца «ивана-да-марьи» дык наогул ён з іншае радні — «сямейства залознікавых»: Melampyrum — братаўка па-беларуску (зусім не «браткі»!). І адна з гэтых «братавак» (а іх на Беларусі б відаў) — братаўка дуброўная (Melampyrum nemorosum), паводле энцыклапедыі, якраз і называецца «іван-ды-мар'я» (зважай, Уладзімер Аляксеевіч!). Дадаюцца яшчэ і народныя назвы: мядунка, іванец, брат з сястрою...