Выбрать главу

Не да месца гаварыць аб паэтычных прыёмах у такіх выпадках. Ясна: словы тэксту адэкватныя спакою небыцця, прынамсі яго прадчуванню...

А вось нехта ўзяў і парадаксальна перайначыў, памяняў усяго адно слова, як бы пасмяяўся, няхай сабе і не да выпадку, і выбухнуў той «парадокс» энергіяй паэтычнага вобраза: «На палубу вышел — а палубы нет, в глазах у него помутилось...» І куды таму «сознанья нет» (хоць у ім — уся рэальнасць...) да «палубы нет»... — асабліва, калі ты выйшаў на яе... Адно слова — а як перавярнула ўсё... Які абрыў, які абвал у бездань...

Во гэтак і гаворыць паэзія ў моманты, не падуладныя прозе жыцця... Слова выбухае...

«Паэзія павінна быць, як дынаміт», — любіў жартам паўтараць паэт Мікола Аўрамчык, тоячы пад гэтым сур'ёзны і глыбокі сэнс...

АДКУЛЬ ХОЛАД?..
Люлі-люлі-люлі, Пайшоў кот у дулі. Адмарозіў лапкі, Палез на палаткі. Сталі лапкі грэцца Недзе катку дзецца...

Колькі пытанняў адразу да яе, да кароценькай калыханкі:

— разлік на дзіцячую непасрэднасць, наіўнасць (абы загаварыць, «забеліць»)? ці сапраўды глыбінная рэальнасць: дулі паспелі — росы халодныя, стынуць ногі, восень (Але ж — «памарозіў...» — то, выходзіць, зіма ўжо... А дулі?.. — у мароз, на дрэве?..)?..;

— а навошта «кату дулі»?.. Каб дзіцяці соладка было засынаць?..;

— а рыфма? — «лапкі — палаткі»! — разам з сугуччам «непасрэднага дзеяння» — якое «адваротнае» рэха: «лап — пал...»!

І якая мудрая назіральнасць! А для дзіцяці — падказка: як балюча заходзяцца лапкі, калі пачынаюць пасля марозу адагравацца ў цяпле, — аж «недзе дзецца»!.. Спі, дзіцятка, захутаўшыся ў цёплую коўдру, ды яшчэ побач з мамай...

«АСТЭЦІКА»

Усё думаў: няўжо Цімох Васілевіч, Васіль Вітка, сам не здагадаецца зыначыць слова ў караценькай эпіграме «Эстэт»:

Вельмі тонкі эстэт Хапіў тоўсты кастэт, Гваздануў паэціка — Вось і ўся эстэтыка.

Тут жа, здаецца, усё на паверхні ляжыць, сама рыфма «просіць»: «паэціка — эстэціка», а яшчэ ямчэй «астэніка» — «знізіць» слова, паставіць яго ў сэнсавы рад верша: ён жа і патрабуе такой афарбоўкі — у стылі гэтага крытыка — аглабельшчыка і невука (ды яшчэ кантраст дасць падсвятленне: правільнае «эстэт», да таго ж «вельмі тонкі», — і такое «распрананне» — «астэніка»...).

Іншы раз карцела «падказаць» Цімоху Васілевічу, але неяк няёмка было: пакрыўдзіцца яшчэ — знайшоўся «вучы цель»... Так і не сказаў...

АСАЦЫЯЦЫІ

Па радыё гучала песня ў выкананні групы «Квартал». Аўтар слоў — Павел Грушко, вядомы як перакладчык паэзіі з рускай мовы на іспанскую і з іспанскай на рускую. А вось яго ўласны паэтычны лёс (піша ён і па-руску, і па-іспанску) не ўсыпаны ружамі. Дастаткова сказаць, што адно толькі выдавецтва «Советский писатель» у свой час каля дзесятка разоў вяртала Паўлу Грушко паэтычны рукапіс...

Нарэшце, кніга паэта набыла рэальныя рысы выдання. Гэта сталася напрыканцы стагоддзя. А выдавецкая памета з датаю ў выхадных дадзеных перасягала яго мяжу. І тут аўтар рашуча запратэставаў: кніга створана ў дваццатым стагоддзі, і толькі так, а не інакш павінны сказаць пра яе звесткі аб выхадзе...

А мне гэтая інфармацыя, разам з песняю, нагадвала (па асацыяцыі з Паўлам Грушко) іншае імя — Карласа Шэрмана, і мае сяброўскія радкі, выкліканыя яшчэ адным асацыятыўным мосцікам, як здавалася мне, не толькі гукавым:

Рыфмую Шэрмана з Машэравым... З якой нагоды цэлы дзень Сугучча да змяркання шэрага За мною ходзіць, нібы цень?..
Ах «шэр...», «машэр...» — Не піў кашэрнага, А ўжо шкрабецца рыфма ў сон, Марскою галькай ціха шэргае З душою добрай ва ўнісон...

А пры чым жа тут Павел Грушко? Дык жа, паўтараю, — яна: асацыяцыя...

Карлас Шэрман — перакладчык беларускай паэзіі на іспанскую мову і іспанскамоўнай — на беларускую. І вось — знаёмства з яго арыгінальным творам: паэмай «Дождж у Каралішчавічах», напісанай па-іспанску і перакладзенай на рускую мову Паўлам Грушко і на беларускую Рыгорам Барадуліным. У аснову твора ўгрунтаваны лёс лірычнага героя, маладога чалавека, які нарадзіўся далёка ад Беларусі, але з ёй звязаны душою: на гэтай зямлі жылі яго продкі... Адчуванне роднасці з Беларуссю, а разам з тым усведамленне сваёй еднасці з простым народам Уругвая выводзяць героя паэмы на сцежкі барацьбы за сваю будучыню... Уяўленнем сваім ён абжывае той край, што малюецца, зноў-такі праз уяўленне — зманліва-палітызаванае, асацыятыўна-адцягненае ад рэальнасці, як, дарэчы, і ўяўленне такіх людзей, з чыім прозвішчам напрасілася згаданая рыфма...