Выбрать главу

І што пераважыць? Ці, скажам, што пераважвае: першаснасць фактычная альбо эмацыянальная, канкрэтна суаднесеная з канкрэтнай сітуацыяй, момантам сардэчнага імпульсу, штуршка нараджэння «эннага» сусвету?..

Так і застаецца перад вершам — па думцы, здавалася б, не надта, не па-лабавому, сугучным эпіграфу, але па настроі — эмацыянальна-крэўным яму... — так і застаецца пазначэнне: «Чэхаўская Ліка»... — ёю апраўдана з'яўленне верша...

ПАМІЖ НЕБАМ І ЗЯМЛЁЙ

Самая што ні ёсць вясна. А дзень, выдае, не зусім і вясновы: зябкавата. Чаромхавыя халады...

Вунь яна, чаромха, белаю пенай ліецца ўсцяж ляснога ручая, а то нават і рачулкі, назвы якога ці якой, шкадуй не шкадуй, а дакладна не ведаю, хоць і хаджу тут блізу трэці стагоддзя. Ды і карта, больш-менш падрабязная, гэтай пэўнасці не мае: «Поплаў» — пазначана на ёй танюсенькая блакітная павуцінка. Ды і то нашмат далей ад гэтага панізоўя, там, дзе ўжо тая павуцінка высноўваецца ў нітачку: назбірала па кропельцы, па струмочку з падземных сховішчаў, што тояцца ва ўзножжы пясчанай грады, якая і сама выгінаецца дугою і выгінае тым самым блакітную жылку, як бы вяртаючы плынь назад, толькі ўжо — адгэтуль не відаць — па той, супрацьлеглы, бок ад вытокаў. Там рачулку напаткала запруда, ператварыўшы яе ў штучнае азярцо, не дужа вялікае, але даволі рыбнае, бо ведамаснае: ахоўваецца. Там паблізу і назву гэтую, на самым павароце — таксама дугою — выдрукавала карта: «Поплаў». Быццам і рэчышча ніякага няма: поплаў — і ўсё тут... Толькі чаромхавая плынь пераліваецца, па-вясноваму бушуе — знак падае: вось яна, рэчка, ёсць! а як жа чаромсе ды без рэчкі?! І там, за вадасховішчам, нават і вёсачка найменнем абзавялася: Чаромха...

А вось ручаёк мой — без імені... Для мяне прынамсі... Ды й старажылаў-знаўцаў няма, перавяліся...

О-о-о, гэта не тое, што дома, у Мачулішчы, дзе з дзяцінства кожную крынічку, кожную выспачку, кожны камень, здаецца, па імені знаеш... Яшчэ і «па-бацьку» можаш узвелічаць: Кастусёва крыніца, Юркава канава, Сёмкаў кут... Ды што казаць! На чужой зямлі прыжывацца, як паміж небам і зямлёй апынуцца... Як во гэты чарвячок, што павіс перада мною на павуцінцы...

Але ж... — раптам спахопліваюся я, — але ж і ягонага наймення я не ведаю. Зараз во, сёння, не ведаю, як і наўрад ці даведаюся заўтра. Здагадваюся толькі, што, можа, тоіцца ў гэтым нягегленькім правобразе заўтрашні прыгажун матылёк. І назва ў яго, безумоўна ж, ёсць: калі не шарагова-звычайная, дык навуковая — на латыні! — абавязкова. А я — не ведаю. І няма ў каго запытацца. Хіба што ў Бога? Як і пра гэтую во травінку... Ягонае ж тварэнне, то і назваў жа неяк і чалавеку падказаў... Ці даручыў назваць...

Але маўчыць Бог. Ці не чуе?..

А яго вучонага чалядніка, біёлага, не гукнеш спецыяльна... Стаю адзін, на хвойным угрэвістым пагорку, адкуль, па чаромхавым следзе, гэтак выразна і маляўніча прасочваюцца завоіны ляснога ручва, ды пазіраю на чарвячка, што завіс на паўдарозе паміж сваім, на выкідзістай сасновай лапцы, небам і зямлёю...

Для мяне ён проста чарвячок. Віхлясты матузок жыцця на танюсенькай павуцінцы. І яму, па ўсім відаць, аніякае справы да майго энтамалагічнага, тапанімічнага ды й іншага засмучэнняў не было, няма і не будзе. У яго зараз клопат іншы. Бо ён жа яшчэ зусім і не той, кім наканавана стаць, каб здзівіць свет, каб прывесці ў захапленне сваёй прыгажосцю ўсіх, хто пабачыць яго. А пакуль што ён, як завуць біёлагі, усяго толькі «лічынка». Яму яшчэ трэба зрабіцца матыльком, успыхнуць кавалачкам вясёлкі на крыльцах...

Спачатку падумалася, што хоча ён дабрацца да зямлі. Іншы раз нават і апусціцца на чвэрць ці паўчвэрці. А потым, як спахапіўшыся, пачынае падцягвацца ўверх. На нейкай кропцы спыняецца, пачынае пагойдвацца, нібы чагосьці чакае...

І сапраўды — чакаў. І дачакаўся.

Наляцеў ветрык, гайдануў чарвячка, нібы на арэлях, туды-сюды — і перакінуў на суседнюю сасну. Як цераз акіян — на іншы кантынент.

А чарвячку, можа, таго толькі і трэба было. Гэта ж падумаць толькі: якую б дарогу давялося адолець, каб перабрацца па зямлі да тае сасны. А тут раз-два — і мэта дасягнута, — паветраным шляхам. І можа, якраз у той момант, калі яму і трэба было там апынуцца. Не спазніўся!.. І ўсё разлічыў чарвячок: і вышыню звісання свайго, адмеранага даўжынёю павуцінкі, каб хапіла якраз да найбліжэйшай галіны сасны-суседкі; і прадчуванне ветру, і яго накірунак... і хто ведае, яшчэ што... Ах, як шкада, што імені яго не ведаю — мудраца гэтакага...