Выбрать главу

Абрываецца, бо і насамрэч мы нечакана «спатыкаемся» аб адзіноту радка, заўважаем, што ён, насуперак правілам паралельнай рыфмоўкі, абранай паэтам, не мае сабе «пары». І гэтай непрыкаянасцю сваёй, адчужанасцю радок гаворыць нам нашмат больш, чым, пэўна, сказаў бы словамі той, адсутны, не прамоўлены, радок. Ён гаворыць з намі маўчаннем, пустатой... Як смерць... Праўда, для Міхала пакуль што адной жывой істоты, толькі што жывой — воўка... Пра іншае ў яго яшчэ і здагадкі няма, але пытанне ўжо ёсць, яно прамоўлена, яно дыхае невядомасцю: «Ну, што ж ты скажаш, брат, на гэта?..» Адказ пабачым мы неўзабаве — у смерці Міхала. І зноў жа — пабачым яшчэ адзін, самотны, без парнай рыфмы, радок:

Глядзіць на жонку. — Ганна... Маці... Ратунку дайце мне!.. О, браце! Ратуй мяне! ратуйце, дзеткі!.. — Сляза-палын балюча-едкі На ўпалых вочах выступае... Міхал зяхае — заціхае... — Ой, свечку, свечку: ён канае! — На твары след пякельнай мукі, На грудзі палі яго рукі. Міхал яшчэ раз здрыгануўся, Яшчэ раз вочы расчыняе, глядзіць, Бы штось прыпамінае...

Вось ён — у атачэнні, парных рыфмаў, ды. яшчэ так настойліва паўтораных: «выступае — заціхае — канае» (тройчы! — паперадзе), пасля зноў: «расчыняе — прыпамінае» — вось ён, тут ужо як чужы, зеўрае сваёй, адасобленай ад усіх, адзінотай, асуджаны на чаканне водгуку іншага, адсутнага для нас: «Міхал яшчэ раз здрыгануўся...» — і прымушае і нас, жывых, здрыгануцца ад гэтай сваёй смяротнай сілы...

О, колькі тоіцца яшчэ і як нечакана адкрываецца яно, тое, таемнае, скандэнсаванае ў вобразах Коласавай «Новай зямлі», калі чытаеш і перачытваеш яе...

ПОЎНАГАЛОССЕ

Больш за трыццаць летаў з вёснамі і восенямі, здаралася — і зімой, хадзіў па гэтай дарозе. Калі быў пры службе, то выпадала і двойчы: з Лысай гары да электрычкі і ад электрычкі да Лысай гары. І заўсёды з замілаваннем і добрай усмешкай чытаў: «Дзіцячы аздараўленчы цэнтар Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі». Падабалася мне гэтае: «цэнтар» — поўнагалоссе, замацаванае на шыльдзе невядомым мастаком, насуперак зацверджаным нормам арфаграфіі з гэтакім кароткім, здушаным рыканнем: «цэнтр»... Поўнагалоссе, якое маўкліва і выгодна радавала пасля галаваломнага і бесперапыннага (пэўна, заядлы «металічны» меламан быў у кіраўніках) гарлання ў суседнім дзіцячым лецішчы двух рэпрадуктараў — каб з двух бакоў узяць у аблогу, у «шлягерныя ціскі» малых слухачоў-пакутнікаў...

Так было... Ды апошнім часам тутэйшыя парадкі здорава памяняліся. Знікла музыка, і дзякаваць богу, сказаць бы... Але... але зніклі і дзеці: лецішча пуставала, ясна ж, па беднасці народнай...

А ў «чыгуначнікаў» жыццё не замірала, тыя багацейшыя, выходзіць... Нават і рамонт касметычны зрабілі, падфарбавалі ўсё... О — і шыльда новая... І чытаю... а дзе ж маё ўлюблёнае — «цэнтар»? Ёсць, ды ўжо не тое самае, ужо: «центр» — усё правільна, бо па-руску. І «чыгунка» знікла — ёмкае слова, у якім і памяць яшчэ жыла — гукавая — пра чухканне паравоза з гонкімі гудкамі. З'явілася: «железная дорога»...

Засаромілася «беларуская чыгунка» свайго слова?.. Як бывае з тымі, для каго родная мова з'яўляецца моваю звычайных — будзённых і штодзённых зносін: апынуўшыся ў больш-менш людным асяроддзі (у транспарце, у краме...) раптам пачынаюць яны, калі іх двое, ужо не размаўляць, а ледзь не перашэптвацца між сабою, прыглушваць, прыніжаць голас, як баючыся роднага слова, прыглушваючы і прыніжаючы тым самым сваю беларускасць, сваю нацыянальную годнасць... А тыя, што ў «асяроддзі» — таксама ж беларусы! — пачынаюць са здіўленнем альбо з паблажлівай усмешкай пазіраць на «шаптуноў»... А які-небудзь гладкі адстаўнік незадаволена, але з веданнем справы яшчэ і буркне суседу: «националисты...», ці як пароль для наступу: «бэнээф...».

А калі б не гэтак, а калі б у сумоўі з тымі двума загаманіў увесь гэты аўтобус ці гэтая чарга, загаманіла вуліца, школа, універсітэт, горад... І ўсе па-беларуску, і ўсе з годнасцю... Па-гаспадарску, а не з тым прыніжэннем, што мова беларуская не вартая і не здольная «ахапіць» і «данесці» ўсю «веліч дум», народжаных у галовах некаторых «захлеўных» філосафаў... Не з пагардлівым, грэблівым прамаўленнем «на мове» асобных фраз, каб штосьці прынізіць, з кагосьці пакпіць (а праўду кажучы, слова нашае ох і вострае ў гэтым сэнсе!..), а з дзяржаўнай мудрасцю і ўсведамленнем сказанага калісьці вялікім паэтам, нашым земляком Адамам Міцкевічам у лекцыі студэнтам Калеж дэ Франс, што мова беларуская надзвычай гарманічная, багатая і мілагучная, з самымі старажытнымі славянскімі каранямі...