Выбрать главу

Гэта — з Купалавай думаю пра наша, сучаснае, поле, нашу апору і надзею...

А зірнеш на неба — і зноў загамоніць з табою Купала: «Лёг на небе шлях млечны, шлях злепленых зорак...» — незабыўнае са школьнай чытанкі — і ўскалыхваецца тваё, уласнае:

Калі Усявышнім ценем Схіляюцца зоры на плечы мне, Калі перапёлак вячэрніх Успыхвае поле свечкамі, — Хто ў свеце такі дасведчаны, Які мне адкажа геній: Колькі хвілін у вечнасці І колькі ў мяне імгненняў?..

А чалавек: араты, сейбіт, касец... — душа ягоная, то пяшчотная, то бунтарная... Купала адкрыў гэты свет беларуса, каб паказаць яго ўсяму людскому свету.

І не толькі ў ружовых фарбах бачыцца паэту натура чалавечая. З бязлітаснай горыччу ён гаворыць праўду ў вочы, што адгукаецца і сёння, праз стагоддзе, — азірніцеся: «Куды ні глянеш — людзі, людзі, куды ні глянеш — шэльмы, шэльмы, куды ні глянеш — б'юцца ў грудзі, што значыць: правільныя вельмі...»

Калі пачую, як хаўрусам З далярам спараны выжляк Вучыць пражэцца беларуса, Да хрыпу тужачы гарляк;
Калі аздоблена штукуюць Свае духоўныя дары, Што тут жа самі і смакуюць — Крутых тамоў гаспадары;
Калі эротыкі і сексу Паток за песню выдаюць, Без кантрыбуцый і анексій Спакусна слова прадаюць
І ўсё святое адмятаюць, Што сказана да іх было, Старонкі грэбліва гартаюць, Дзе рэха дзён не адгуло;
Калі, прыцэньваюцца вечнасць, Шалёна звонячы ў тазы, З літаратурнага падпечча На покуць цягнуць «абразы»... —
Я цень Купалаўскі не ў стане Паклікаць... — але ж ёсць урок!.. Калі ж паўстане ў гэткім стане «З народа нашага Прарок»?..
Заманна «таньчыць» на магілах — Ды ўсё вяртаецца ў свой час, І скокі праўнукаў бяскрылых Над вамі ўчыняцца — для вас...

Беларусь і Купала — гэта еднасць, асвечаная эпохамі. Беларусь чакала яго — і ён прыйшоў. Яны дадзеныя адно аднаму Богам. Як без Купалы не было б Беларусі, прынамсі той, якую мы ведаем, якою жывём, якую носім у сэрцы, так і Купалы не было б без Беларусі...

І таму да кожнага, хто нарадзіўся, прыйшоў у гэты свет беларусам, прыходзіць адразу ж і Янка Купала — як гэтая зямля, як неба над ёю. Прыходзіць матчыным словам — праз калыханку, праз пацешку-забаўлянку... А потым — са школьнага падручніка — пачынае прамаўляць і сам Купала. Але ты ўжо яго ведаеш — ты ўжо чуў тое слова...

Са мною Купала загаварыў «Хлопчыкам і лётчыкам». «Вазьмі ж мяне, лётчык, хачу я пабыць у людзях, паглядзець, як месяц на небе начуе, як блукае ў лесе мядзведзь...» — помніцца, чыталі старэйшыя сёстры Зіна і Каця, а я слухаў і ніяк не мог пагадзіцца: гэта ж яны, дзяўчаты, за сваё выдаюць, прысвойваюць маё, хлапечае, — гэта ж пра мяне гаворка: хлопчык жа!..

Потым кніжка з Купалавым словам хадзіла са мною Узнацкім шляхам, у палатнянай торбачцы: чатыры кіламетры да школы-сямігодкі, чатыры — адтуль, дадому... штодня...

Тут ужо быў «Курган»: «Паміж пустак, балот беларускай зямлі...» — праз такое якраз балота — грэбляю — ляжаў наш Узнацкі шлях да школы; «...на ўзбярэжжы ракі шумнацечнай...» — была і яна, ціхая ў зімовым падлёдным сне, але і шумнацечная ў веснавую паводку: сама разлівалася ды і ўсяму балоту з балацявінамі спрыяла ў мора ператварыцца... Тады і да школы дабрацца нельга было — канікулы вясновыя аб'яўляліся...

Не ўзвышаўся, праўда, тут, побліз, курган, але затое ляжаў ля дарогі Вялікі Камень, у якім таксама драмала не адна «памятка дзён, што ў нябыт уцяклі...» — мясцовыя легенды і вясёлыя показкі...

Не было тады і яшчэ аднаго — у мяне нават і здагадкі, — што між «памятак дзён» хаваецца ад нас, вясковых шкаляроў, можа, самае галоўнае з Купалавай Кнігі: яго змагарная — за Беларусь, за беларушчыну, за нацыянальную годнасць беларуса — паэзія і геніяльная п'еса «Тутэйшыя»...

З томікам Янкі Купалы быў у добрым сяброўстве і мой фанерна-дашчаны студэнцкі чамадан (пра што заўважана і ў адным з вершаў тае пары). Але да томіка таго далучаліся цяпер і згаданыя — са спецсховішчаў — творы: і вершы, і забароненыя «Тутэйшыя»... Купала паўставаў у новай велічы... Болем і заклікам ускалыхвалі сэрца ягоныя радкі:

Сярод раз'юшаных сатрапаў, Паганы зладзіўшы хаўрус. Свае таргуюць і чужыя Табой, няшчасны беларус...