Выбрать главу

Я не магу сказаць, як гэта звычайна гаворыцца ў творчых стасунках: «Купала — мой настаўнік». Ён проста мая ява. Ён са мною, хоць і не нагадвае пра гэта. Не стаіць па-настаўніцку за плячом. Але прыходзіць у верш, у радок, у думку, каб нешта падказаць, нараіць, падмацаваць... Гэта, можа, так, як прыходзіць песня: недзе тоіцца, жыве ў нейкім куточку душы, — а раптам возьме і заспяваецца...

Без кансерваторыі і філармоніі — З Янкам Купалам, а то й самапасам, — Рашаю праблему вечнай гармоніі Ў сусвеце і ў сэрцы ўласным.
Без інтэгралаў і радыкалаў — Толькі на слова разлічваю, — Дабра і зла летуценна шукаю Формулу матэматычную.
Хачу хоць раз людзей ашчаслівіць, Каб не блукалі бязмэтна, Каб не бадзяліся мітусліва, А крочылі шляхам светлым.
Б'юся, як рыба аб лёд у задуху, — Начамі не сплю і днямі гарбею, А праблема маўчыць зацята і глуха, За сямю замкамі гібее.
На плошчах людское не весніцца свята. Што займелі, нарэшце, ключы ад раю. І шчаслівых няма, і няма вінаватых, — І — каго ж яшчэ? — сам сябе дакараю...
І застаецца тэмай някратанай Для дысертацый і тытулаў звонкіх — Вам, песняры, і вам, матэматыкі, Праблема Зуёнка...

Адкінем вымярэнні і вывярэнні... Купала — не проста імя. Купала — не проста гук. Купала — дух. Дух нацыі, дух народа, дух кожнага з нас. Купала заўсёды ёсць. Ён не бывае адсутны...

І таму гэтае дачыненне ў мяне, гэтае сугалоссе з паэзіяй Купалы — ва ўсіх праявах жыцця — не фармальнае (напаказ), не толькі адно паэтычнае, але і па-чалавечы сутнаснае. Як і павінна быць у беларуса...

І ЖАЎРАНАК, І ЦЭЛЫ СВЕТ У СЭРЦЫ...

Re-specto

Я — не Час. Дакладней, не той Час, якім любяць (асабліва запісныя крытыкі) палохаць паэтаў. Маўляў, Час праверыць, Час усё і ўсіх расставіць па месцах...

Я толькі хачу азірнуцца, каб на сваё колішняе ўспрыманне глянуць праз сябе сённяшняга, маючы тут на ўвазе канкрэтнае: паэзію Пімена Панчанкі.

Сумненняў не выклікаюць і, здаецца, на «рэвізію» нікога не спакушаюць ні «Іранскі дзённік» са шчымлівай тугой па радзіме; ні душаабуджальны «Крык сойкі», дзе «ў сэрца бусел залятае з трывожных прыпяцкіх балот (прадчуванне прарочае, бо прамоўлена было задоўга да Чарнобыля); ні па-язычніцку і па-сучаснаму мудрая «Паэма майго лесу»:

Усе мы дрэвы: Хто клён, хто рабіна, хто дуб. Цягнемся да сонца, Шалясцім ліствою. Грымне навальніца — Сагнёмся ад дум, А зрэжа маланка — Заснём пад жарствою...

Але — гэта Панчанка-лірык.

А як жа публіцыст? Той, непрымірыма-гарачы, задзірысты? Як з тым гарэннем на агні злабадзённасці: сёння было — а заўтра?.. Ці вартая аўчынка вырабу?..

Успамінаецца, як на адной з літаратурных сустрэч кіраўнік, скажам так, раённага звяна, трасучы над галавой нумарам штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», пусціўся ў досведы: каго і што мае на ўвазе Пімен Панчанка ў новым вершы, і з ноткамі следчага голасу (дарэчы, зусім не ва ўнісон агульнаму настрою) асабліва націскаў на словы: «Па кабінеціку, па камітэціку мы ўзвялі бюракратычную трубу...» І ў палемічным запале дапытваўся: «А дзе ж гэтая смеласць раней была?»

І давялося нагадаць не вершы, не радкі нават, а толькі некалькі адчаканеных формул, што сталі крылатымі, узляцеўшы ў свой час з-пад пяра Пімена Панчанкі: «верхалазы і верхагляды», «свінары і званары», пазначыўшы трапна і дакладна два падыходы да жыцця, два характары — таго, хто чэсна працуе, і таго, хто побач, па-цецеручынаму самазабыўна, дзьме ў тую самую «бюракратычную трубу»...

Не, ён ніколі не скаланаў кулакамі паветра з трыбуны, ён узрушваў сэрцы людзей паэтычным словам, і не тады, калі наступае зорны час крыкуноў: гавары колькі ўлезе і крытыкуй-гарлапань на ўсе бакі — гэта не тоіць небяспекі, не пагражае твайму сну, а, наадварот, навявае мляўкае перадсоннае пачуццё «выкананага абавязку». Яго гнеўны голас гучаў тады, калі на дарогах руху грамадскай думкі стаялі многія забаронныя і папераджальныя знакі, кшталту «абгон небяспечны» ці «падача сігнале забаронена»... Ды што казаць — нейкі заўсёды нязручны для прыкладнай гальштучнай зацягнутасці і зашпіленасці на ўсе чыноўныя гузікі быў Пімен Панчанка. Яшчэ ў даваенных паэтычных дэбютах аб'явіў ён «газават» (гэта таксама ягоны выраз — ужо з вершаў нядаўняга часу) усялякай абывацельскай пошасці, «племю хапуг», чый «душны свет... атлусцеў, да брывей запух», у каго «белізна вышываных сарочак прыкрывае стагодні бруд...» Гэтыя юнацкія радкі — першыя прыступкі да атакуючых вершаў, вострых грамадзянскіх разваг і высноў сталага Пімена Панчанкі.