Успамінаю ці перачытваю — і з радасцю сведчу (і сабе, і іншым): у галоўным, у сутнасным, нічога не змянілася. «З радасцю» — толькі ў сэнсе «адчування» мастацкага, а не «быційнага», бо сустрэча з многімі тыпамі, па якіх «прайшоўся» «ювеналавым бічом» Пімен Панчанка, нічога, апроч агіды, выклікаць не могуць.
Нічога не скажу, толькі спытаюся: гэта напісана ў 1956 годзе ці ў нашым сёння, праз пяцьдзесят? Ці не «нашый» гэта, як яны любяць сябе называць, «новыя», «дзелавыя» «прагматыкі»?.. Праўда застаецца праўдай, і горкая — горкай...
І паэзія застаецца паэзіяй, якіх бы сфер яна ні краналася: ці самых высокіх, нябесных, ці самых нізкіх, нікчэмна-будзённых і нават агідна-брудных... Усё на гэтых вагах — мастацтва ці яго супрацьлегласць — вырашаюць талент і мера чалавечага і паэтычнага, душэўнага, прыняцця ці адмаўлення. Сапраўднага паэта не вымяраюць меркамі кан'юктурна-палітычнымі. Ён сапраўдны, калі з ім можна ісці на бой за Праўду. Калі ж нельга — засумняваецеся: ці паэт гэта...
У сваёй грамадзянскасці Пімен Панчанка не быў кан'юктурным. За свайго паэтычнага Бога ён найперш уважаў Ісціну («ісціны простыя, як хлеб, і праўдзівыя, як плач дзіцяці»). Што ён любіць — тое любіць, што ненавідзіць — тое ненавідзіць. А як жа інакш Паэту? Інакш — стылае, панылае вершапляценне... Зрэшты, паслухаем і самога Пімена Панчанку: «Я глыбока перакананы, што паэзія без страснасці, без грамадзянскага гучання — непаўнацэнная паэзія...»
Такая прырода таленту Пімена Панчанкі. І не след дыктаваць Паэту свае ўмовы.
Але ці толькі гэтым — выкрывальным — пафасам дарагі нам Пімен Панчанка, ці толькі за гэта любімы ён і ўсенародна вядомы?
Мы прызвычаеныя (і навучыліся!) усё і ўсіх рассоўваць і раскладваць па стандартных палічках: так ямчэй шукаць крытыку-ахоўніку «ад літаратуры», ахоўніку-ідэолагу «ад пэўнага «-ізму» і проста ахоўніку: знаеш, дзе што ляжыць, дзе хто і за што сядзіць: тэма, ідэя, тэрмін...
Чытач гэтага не шукае. Чытач, грэшным жыццём сваім, адчувае ўсяго толькі душу.
Гэта ўжо аксіёма: паэзія — перш за ўсё — канкрэтнасць бачання, адчування і перажыванне, дзіцячае здзіўленне перад рэчамі і з'явамі. Без гэтага свет наўкола робіцца шэраздакучлівым, посным і прэсным. Што ж тычыцца жартаўліва-іранічнай заўвагі Пімена Панчанкі: «Пішы праўдзівай прозаю пра юныя гады», то як была, так і застаецца яна ўсяго толькі паэтычным паклонам «прозе» як праўдзе жыцця. Паэзія высноўвае нябесныя, крылатыя законы. І сэрца, падуладнае ёй, не пагражае застацца адно толькі функцыянальнай, фізіялагічнай помпаю для перагону крыві, каб у лагодным спакоі працягнуць пачатую ўжо на гэтым, прыжыццёвым, беразе сваю вечнасць. Не пагражае, бо яно застаецца сэрцам паэта. Сэрцам, «дзе начуе жаўранак»...
Засведчыўшы аднойчы — з вышыні свайго натхнення — гэту надзвычайна ёмістую і дакладную характарыстыку паэтычнага стану, Пімен Панчанка зусім не меціў аформіць тым самым анкету і заяўку ў разрад мэтраў-тэарэтыкаў. Бо гэта была не кабінетная формула, а палявая, кажучы словамі геолагаў-разведчыкаў. І хутчэй не формула, а знак сэрца. Ім, гэтым знакам, адкарбаваны, свецяцца радкі Пімена Панчанкі. Чытаеш і бачыш — паэт з добрай хітрынкай у вачах, па-дзіцячы блакітна ўсміхаецца: птушка прылятае!..
Прабачце, аднак: «добрая», «блакітная» — гэта што датычыцца, найперш, паэтычнага стану, і далёка не вычэрпвае, не вызначае паэтычных даляглядаў Пімена Панчанкі. Цэлы свет — не толькі з яго радасцямі і вясёлкамі ды ўсмешкамі, але і з болем, з трагедыямі і барацьбой — месціцца ў сэрцы паэта.
Высокая грамадзянскасць паэзіі Пімена Панчанкі грунтуецца на пранікнёным, можна сказаць, болевым лірычным перажыванні. Не староннім сузіральнікам, не каментатарам усведамляе ён сябе ў гэтым бурным, неспакойным свеце. Не суіснаванне з жыццём, а само жыццё: быць яго сутнасцю, яго стрыжнявым нервам — такое прадвызначэнне яго паэзіі. У самых глабальных і ў самых будзённых явах для Пімена Панчанкі няма нічога другараднага, пабочнага, старонняга, што як бы яго не тычыцца, паўз што можна прайсці не тое што раўнадушна, а спакойна, не зачапіўшыся, не спатыкнуўшыся сэрцам. Дар спачування — мудрэйшы дар паэзіі. І муза Пімена Панчанкі шчодра надзеленая ім. «Валявы парог паэтычнай натуры Пімена Панчанкі, — заўважыў Васіль Быкаў, — надзвычай нізкі, а ягоная здольнасць да суперажывання ўсяму сапраўды чалавечнаму зайздросна абвостраная нават як для паэта».