Выбрать главу

Не раз даводзілася бачыць, як раптам тушыліся болем блакітныя агеньчыкі панчанкаўскіх вачэй, як змрачнеў твар, як усхопліваўся, ускокваў ён — быццам у атаку, у схватку, на абарону. Гэта нязменна: ці даведаўся ён пра чужое гора, ці чуў фальш, заўважаў несумленнасць — у словах, намерах, учынках. Усё жыццё, любыя праявы яго, любы факт былі глыбока асабістым клопатам паэта. Ён спяшаўся насустрач усім бедам, усім болям, усім пакутам. Узяць на сябе хоць бы часцінку іх, адвесці ад свету, ад людзей — гэта не паэтычны ход, а чалавечая сутнасць Пімена Панчанкі, яго жыццёвае наканаванне як паэта: «Капайце ў сэрцы маім магілу». Зерне сустрэчнага болю прарастае ў ім, каб ахінуць, засланіць, аберагчы іншых: «Для крыўдаў усіх маё сэрца адкрыта, — зносьце хутчэй іх, людзі!»

І ў гэтай службе болю — на нязменнай варце памяць вайны. Гэтае вяртанне — самае горкае і самае трывожнае. «Попел чалавечы доўга стыне»... Ён грукае ў сэрца паэта памяццю жанчыны, што ў блакадным ліхалецці «на парозе чорнага вар'яцтва... была гатова задушыць» маленькага сына, каб не выдаў крыкам стоеных людзей, а зараз глядзіць — ужо на ягоных дзяцей — «і кожны раз жахаецца кабета: «А што, калі б?» — і млее ад жуды...»

Гэта памяць — бестэрміновая — «сам ад сябе не ўцячэш» — яе кругі ўстаюць перад паэтам. Яны адтуль:

Ні славы, ні скарбаў я не хачу, Мне б толькі прыйсці непрыкметна, Зямлю сваю пад нагамі адчуць. Надыхацца родным паветрам... І: Пяць франтоў мяне пылам гарачым абсыпалі, За вайну перамерам тысячы вёрст. З успамінамі крочыў пад ветрам і сіплымі І з надзеяй на студзеньскім холадзе мёрз.
І заўсёды здалёк, праз прасторы вялікія Усміхаліся мне і дамоў мяне клікалі Сінія касачы...

І першае, і другое сказана ў цяпер ужо гістарычна далёкім, ваенным 1942 годзе. Ды што мне, чытачу, проста чалавеку, да маўклівай даты, пазначанай чатырма лічбавымі значкамі... Са мной — панчанкаўскія «Сінія касачы». Са мной гэтае парыванне, пакліканае тугой па радзіме, народжанае не абстрактным «розмыслам», а канкрэтным, жывым болем душы. Гэта на ўсе часы — і ўчора, і сёння, і заўтра: Радзіма, сыноўняя любоў да яе і адданасць. Незалежна ад абставін і рэжымаў яны былі, ёсць, будуць...

Канкрэтнасцю пачуццяў і думак хвалюе, знаходзіць сугучча ў нашых сэрцах — як на гэты раз, так і заўсёды — паэзія Пімена Панчанкі. Канкрэтнасцю светаразумення, светаўспрымання. Канкрэтнасцю народнага ладу. Канкрэтнасцю адчування канкрэтнага чалавека. Канкрэтнасцю тою, з якой бярэ ў руку ратай вясновую грудку зямлі ці ўзважвае на далоні жнівеньскую — з аднаго коласа — сямейку зярнят. Той канкрэтнасцю, з якой слухае каваль звон металу. Канкрэтнасцю, з якой хлапчук-свавольнік спрабуе на зуб марозную крохкасць сакавіцкага ледзяша... Бялінскі зазначаў: «Паэзія ёсць выяўленне жыцця, ці, лепш сказаць, само жыццё». А яно, жыццё, ва ўсёй сваёй паўнаце, велічы і прыгажосці і паўстае якраз — адчувальна, ярка, непасрэдна і непаўторна — у вобразах канкрэтных. Калі мы скажам: «чалавек» — мы яшчэ нічога не скажам. Мы павінны ўбачыць, уявіць яго праз пэўны вобраз — жывым і канкрэтным. Будзе гэта герой ці здраднік — ён здольны выклікаць нашы эмоцыі захаплення ці агіды толькі ў канкрэтнай праяве сваіх учынкаў, думак і дзей. Каб рэчаіснасць стала катэгорыяй эстэтычнай, уключылася ў сферу мастацкую, «мы павінны ахопліваць яе ў цэласці і прытым прадметна» (Бялінскі).

Верш «Край паэтаў», бадай, самы характэрны, хрэстаматыйна панчанкаўскі арганічным спалучэннем, узаемавысвечваннем агульнага праз канкрэтнае і канкрэтнага праз агульнае: лёс чалавека — у лёсе народа, лёс народа — у лёсе кожнага чалавека. Вось яны — гэтыя паралелі:

Там чарнічныя ўсе ночы, Сунічныя ранкі, Там народ найболей любіць вершы Янкі.
Там дзяўчаты носяць белыя панчошкі, Сто разоў цалуюць там і яшчэ трошкі.
Дзе ж той край залатакосы, край зялёны — Рык ласіны, Звон пчаліны, Мора лёну?
Там, дзе Свіцязь, там, дзе Прыпяць і Ясельда, Дзе танцуюць пад цымбалы на вяселлях;
Дзе жанчына, сінявокая і ласкавая, Звонка чаравічкамі паляскавала.

Такое ў вершы спалучэнне, скрыжаванне агульна-панарамнага з канкрэтна-дакументальным то геаграфічным, то персаніфікаваным падмацаваннем, пацверджаннем. Прыём быццам рэпарцёрскі. І, натуральна, смелы, нават рызыкоўны для ўжытку паэтычнага... Аднак жа — колькі б ні перачытваў — ёсць усхваляванасць, ёсць паэзія, яе дыханне. І ў гэтым сакрэт Пімена Панчанкі...