Выбрать главу

Як ёсць яна, паэзія праўды, соль праўды, і ў гэтых далёка не паэтычных на сутнасці сваёй фактах і з'явах:

Мы радасць і гора З вялікіх карцоў запіваем. Мы родную мову Патроху ўжо ўсе забываем...
Нас век спажывецкі Таксама крануў: Мы упоравень з векам. І рыбы ў нас мала у рэках, Закусваем хекам...

Зноў жа не ўяўна-паэтычныя, з патугай на падтэкст цьмяныя рэмінісцэнцыі, а канкрэтныя называнні, тыя ж, панчанкаўскія, успышкі маланак: з'ява фіксуецца дакладна і недвухсэнсоўна.

Цяпер, цягам дзён і гадоў, даводзіць і тлумачыць публіцыстычныя і паэтычныя вартасці вершаў Пімена Панчанкі як бы і няма патрэбы. Яны проста ўвайшлі ў нашу свядомасць важкім гістарычна-мастацкім сведчаннем, дакументам эпохі, што прамаўляе голасам і сэрцам паэта. Сутнасць іх — супрацьстаянне ўсялякім замахам на асобу чалавека, усялякім спробам яго духоўнага абрабавання...

І ўсё ж, зноў ды зноў, адчуваю, як штурхаецца пад локаць сумненне скептыка: «Аднак: паэзія ці публіцыстыка "ў рыфму"?» — і замест адказу прапаную ланцужок пытанняў: «А што ёсць паэзія?» Ці хоць бы: які яе прадмет? Цудоўнае, узнёслае? Пачварнае, нізкае?.. І ўспомнім Ахматаву: «Когда бы вы знали, из какого сора растут стихи...» Успомнім і жартоўную рэпліку французскага кампазітара Жана Філіпа Рамо: «Дайце мне афіцыйны пратакол, і я зраблю з яго оперу...»

Што ёсць паэзія? — адвечнае пытанне без вычарпальнага адказу. Кожны шукае яго сам. А ці павінен знайсці, і ці трэба знаходзіць — яшчэ адно, і не менш складанае, як маўчанне сфінкса, пытанне. «Ведаючы» загадзя, што ёсць паэзія — ці варта брацца за пяро? Ці варта — калі ўраўненне вырашана, адказ ясны, тайны няма? («Каб жа я знаў, што такое паэзія, гэтыя б вершы не напісаў», — іранічна сказаў аднойчы Пімен Панчанка.) Гэта што тычыцца самага творцы, паэта. А як — з чытачом? А тут сувязь не адносная, а наўпростая: не будзе таямніцы паэтычнай — не будзе і чытацкай, не будзе творчага суперажывання, узаемнага пошуку ісціны — будзе механічнае паўтарэнне слоў...

І тут, бадай, зноўку час звярнуцца да сілы «містычнай», але зусім рэальнай — душы паэта. Сіла захаплення ці сіла абурэння здатныя ператварыць у паэзію любы матэрыял. Галоўны чыннік і крытэрый пэўнасці панчанкаўскай паэзіі — адкрытая непадробнасць перажывання. Не знешняе вершааздабленне, не слоўнае канфеці, не параднае дэфліраванне радкоў, а існасць пачуцця. І публіцыстычнасць — гэта асобы шлях да мастацкасці, спосаб стварэння паэтычнага вобраза. Сам паэт прызнаецца, што яго не спакушае сузіральная лірыка, якую іншы раз выдаюць за філасофскую. І тут жа нельга не заўважыць, што апорная дамінанта ў паэзіі Пімена Панчанкі — сэрца. Сэрца паэта. Дык вось: сапраўдная паэзія, напэўна, тым і адрозніваецца ад трафарэтнага «сачыніцельства», што яна нясе ісціну, засведчаную сэрцам паэта. І ці не таму яна не падуладная пераменам кан'юнктуры — яна абнаўляецца з абнаўленнем жыцця, як трава вясною: зноў і зноў зелянее, выходзіць з-пад снегу; рыфмаробныя практыкаванні «з выпадку» так і не могуць адарвацца ад гэтага выпадку, намёртва звязаныя з ім: народжаныя «па выпадку», яны так і застаюцца выпадковымі ў гэтым жыцці — не маюць і не могуць мець перспектывы ў часе...

Тэмперамент вершаў Пімена Панчанкі сапраўды байцоўскі, у іх той жа агонь паэтычнай аператыўнасці, загартаванай яшчэ там — у акопных буднях франтавога газетчыка. Пімен Панчанка ніколі не кідаўся сам і не вёў чытача ў атаку на рубяжы і траншэі, дзе ўжо няма праціўніка — той пакінуў іх учора ці сёння на світанні... Паэт ведае праціўніка ў твар. І праціўнік ведае яго — непрымірымага, непахіснага...

Злосна сказаў: «Уставай, пяхота! Мы не на пляжы, а на вайне». І лёг на змяіныя скруткі дроту. І дзвесце салдацкіх запыленых ботаў Прайшлі па яго спіне...

Гэта 1943 год. Верш Пімена Панчанкі «Герой». Ён па праву стаў у шэраг такіх анталагічных вершаў аб вайне, як «Я знаю, никакой моей вины...» Аляксандра Твардоўскага ці «Его зарыли в шар земной...» Сяргея Арлова.

А гэта — Пімен Панчанка нашых дзён: Мала сказаць: ненавіджу, Мала сказаць: прызнаю. Біцца за праўду — і выжыць, Быццам салдат у баю.