Уся сапраўдная літаратура ўзрастала на гуманістычных каранях, яе «нясучымі», яе грунтам было змаганне за чысціню чалавечай душы, за сапраўды чалавечае месца чалавека ў гэтым свеце, поўным сіл і памкненняў антычалавечых, антыгуманных. У самых цямнотах чалавечай свядомасці і падсвядомасці Дастаеўскі імкнуўся знайсці светлы праменьчык надзеі. Яго шукаў, праз боль свайго сэрца, і паэт Пімен Панчанка.
Панчанкаў радок заўсёды з чалавечым характарам, ён таксама — «з тых беларусаў». Ён зямны, непасрэдны, непадробны, нязмушана-натуральны сваёй настроенасцю на суперажыванне, і ў гэтым яго паэтычная жыццядайнасць і жыццястойкасць.
І што вельмі важна — сказанае тычыцца не адно толькі рэалій прадметна-адчувальных, але і катэгорый духоўных, можна сказаць, абстрактных, прынамсі далёкіх ад той канкрэтнасці, якую мы можам успрыняць непасрэдна, фізічна. Гэтыя дзве стыхіі ў паэзіі Пімена Панчанкі жывуць у неразрыўным адзінстве, яны — плоць і душа. Узвышэнне, далучэнне кожнага да вышыняў чалавечага духу — у гэтым сэнс і боскі знак сапраўднага мастацтва, сапраўднай паэзіі. Далучэнне гучыць у Пімена Панчанкі як ачышчэнне. Паэт бярэ на душу нялёгкую ношу віны, ён у адказе і за сябе, і за людзей.
Сплаў вечнасці і чалавечнасці (карыстаемся зноў жа радкамі Пімена Панчанкі, што зрабіліся ўжо крылатымі: «без чалавечнасці не будзе і вечнасці») вядзе нас праз тры часткі верша «Здзіўленне» па гэтым бясконцым (бо невычэрпным, як жыццё) коле пытанняў: прырода — чалавек — грамадства: «Старых загадак — міліёны, і свежаствораных — не менш»... І нікому іншаму — толькі самому чалавеку дадзена наканаванне шукаць адказы на іх. А паміж іншых перш-наперш на гэта: «Няўжо усё, што бралі кроўю, згарыць у атамным катле?..» І кола пытанняў — няхай самых адвечных, самых мудрых — разрываецца, каб ударыць крыкам у чалавечае сэрца: «Пакуль трывожна, ды не позна — ратуйце, людзі, неба, космас... Ратуйце, людзі, ўсё жывое, ратуйце ўласную душу...»
Так, жыццё не думае пра вечнасць, не заўважае і не зважае на яе. Заўсёды юнае, маладое, у руху, у хадзе і кіпенні — яно само вечнасць...
Так і сапраўдная паэзія — ва ўсіх яе праяўленнях. Узяць хоць бы рыфму — панчанкаўскую рыфму! — як яе зноў і зноў не згадаць!.. Яна настолькі глыбінная сваёй арганічнасцю і жыццёвай (інакш не скажаш!) неабходнасцю, — як дыханне: яна не крычыць аб сабе, яе як бы і няма. Але яна ёсць! Вось, скажам, жывапіс сугуччаў аднае страфы: «Мележа — меліся, шалясцяць — у гасцях»... Сапраўды, нейкімі жывымі істотамі ўяўляюцца гэтыя рыфмы: яны перамаўляюцца між сабою, гавораць з табой — шчыра, даверліва. Як дзеці, што «на зямлі маёй смяюцца, не думаюць пра вечнасць і пра смерць...»
Рыфмы Пімена Панчанкі багатыя не толькі сугучнай непаўторнасцю, але і змястоўнай напоўненасцю: «Ці плачу я, ці пяю, ці размаўляю з матуляю — песню сваю, мову сваю я да грудзей прытульваю...» «Матуляю — прытульваю...» — ды гэта ж не рыфма, а паклон роднасці, крэўнай пяшчоце!.. Не, праўда ж, не пазайздросціш перакладчыкам паэзіі Пімена Панчанкі... Паўторым, услухаемся душою і сэрцам: матуляю (матерью) — прытульваю (прижимаю — што па сэнсавай і эмацыянальнай афарбоўцы вельмі прыблізна) — як «расстацца» з такой рыфмай?! І што ёй супрацьпаставіць, што даць наўзамен?..
Нямала спрэчак, шмат тэарэтычных думак і додумак «тусуецца» вакол паэтычнага перакладу. А пытанне застаецца пытаннем. Чаму, да прыкладу, паэзія Пімена Панчанкі нешта непазбежна страчвае, няўлоўнае, але важнае, нават пры самых добрасумленных і таленавітых спробах удыхнуць ёй жыццё ў свеце іншай мовы? Цяжка знайсці адназначны адказ. Ды ўсё ж... Як перадаць боль? Як растлумачыць яго? Як перакласці?.. Боль толькі баліць...
Камень спатыкнення для перакладчыка — паэтычная мова Пімена Панчанкі. Вобраз ствараецца ў яго па законе ўзаемадзеяння — сумоўнасці альбо супрацьстаўлення, — заключанага ў аснованосных, стрыжнявых словах, якія, часцей за ўсё, рыфмуюцца, і як правіла, сярод іх «апынаюцца» самыя глыбінна-беларускія... У тым і задачка, што панчанкаўская рыфма — не проста сугучча, а сэнсавы вузел, па-майстэрску адштукаваны вугал вянца — «у замок». Паспрабуй выняць яго з будынка...
У манаграфіі Рыгора Бярозкіна «Пімен Панчанка» прачытаў: «...Спашлюся хоць бы на такія радкі, напісаныя ў 1942 годзе (і, дарэчы, бліскуча перакладзеныя на рускую мову М. Асеевым):