Выбрать главу

Нейкае гіпнатычнае абаянне ідзе ад гэтай страфы...»

Як не пагадзіцца з мудрым у паэтычнай крытыцы Рыгорам Саламонавічам! (і яшчэ раз у піку тым, хто не-не дый кіўне на публіцыстычную «закамплексаванасць» Пімена Панчанкі.)

Аднак жа... аднак жа пацягнула мяне зірнуць на гэтыя «бліскуча перакладзеныя»... І прачытаў я:

Будут вечно сады расцветать, Воздух ласточки резать крылами. Будут девичьи ноги ступать Луговины коврами...

Усё, здаецца, «паўторана» (калі не лічыць гэтае нязграбнае, з інверсіяй улукаткі «луговины коврами»), але... Але знікла ўсяго толькі «дробязь»: «лётаць — лотаць» — і што здарылася?.. Ах, беларуская лотаць, што нарабіла ты, паіменаваўшыся па-руску — калужница...

Вось і ўся загадка, вось і сакрэт паэзіі, — і Пімена Панчанкі ў тым ліку...

А re-specto?.. «Re-specto»: «азірнуцца». Азірнуцца — і ўбачыць: паэзія Пімена Панчанкі не ў тылах, яна — у авангардзе.

1996

СОНЦА З-ЗА ЛІПЫ

1. Добра працуецца...

Зазірнуў у Дом літаратара Янка Брыль. Павіталіся, пацалаваліся: 75 год!.. З шырокай сялянскай усмешкай гаварыў: «У пяць гадзін сонца з-за ліпы ўстае, будзіць: «Хопіць спаць, Іване!..» Добра працуецца...»

2. Няцяжка здагадацца...

От, Іван Антонавіч, хачу сказаць Вам пра адну светлую маю радасць...

Хоць, праўда, нясветлых радасцей быццам і не бывае. Але ж гэтая — і сапраўды светлая, ці святлейшая, можа, іншай святлынню... Проста, як з іншае прычыны і ў іншых абставінах, але, па-мойму, геніяльна прызнаўся адзін паэт: «Не потому, что от нее светло, а потому, что с ней не надо света...»

А радасць такая. Узяў я вечарам, нанач, з кніжнае паліцы том, такі, разумееце, цёмна-жалудовы - колерам хлебнага бохана: сваёй выпечкі, са сваёй сялянскай печы — густа натопленай, са смольным духам, бо — па-гарачаму — под быў падмецены сасновым памялом...

Удакладняю: святло спатрэбілася. Не дзеля радасці, а дзеля гэтага самага тома. Бо чытаў я яго ўсю ноч, і, зразумела, і зусім натуральна, у галавах у мяне ўсю ноч гарэла, свяцілася і — свяціла электрычная лямпачка з паметаю: 150 Вт... Яркая!..

А святло радасці было ў томе.

І я надарыўся быць пры ім — і пры ёй: і пры томе, і пры светлай радасці...

Быццам на цёплай траве ляжаў, на лугавіне, яшчэ не кранутай касою — у мятліках і красаванні. А глядзеў — у неба...

І светла было на душы, і радасна...

Такое было чытанне...

А том быў — першы, з пяці братоў — гэтакіх жа асмужана-загарэлых, па-зямному дужых і па-нябеснаму ўзнёслых...

А Вам, Іван Антонавіч, чаму пра гэта ўсё кажу, — няцяжка здагадацца...

3. Снежная імпрэсія

На цэлым свеце — белы снег,

на ўсіх палях і дахах...

Сказ з апавядання
«На цэлым свеце — белы снег. На ўсіх палях і дахах...» Ступіць — і то, здаецца, грэх: Бялынь — як фуга Баха...
Ні даляглядаў, ні лясоў, Ні ў рай шляхоў нядрэмных, І колькі ў свеце галасоў — Адну трактуюць тэму.
Усё — між небам і зямлёй — З'ядналася ў сусвеце, Злілося з вечнай глыбінёй: Ні межаў, ні адмецін...
Снягоў неразгаданы лёс На сэрца так нахлыне, Што плакаць хочацца — да слёз — Прад гэтаю бялынню...
І Янка Брыль: не ў вершы збег — Ляціць над прозай птахам: «На цэлым свеце — белы снег. На ўсіх палях і дахах...»
ПРА ШТО ГАВАРЫЛІ ЗОРКІ

Геніяльны верш Міхаіла Юр'евіча Лермантава «Выхожу один я на дорогу...» асабліва прыводзіць у захапленне радкамі «Ночь тиха. Пустыня внемлет Богу, и звезда с звездою говорит...» усіх: ад мудрацоў літаратурнай крытыкі да юнай школьніцы... І ніхто ніколі не спытаўся: аб чым жа гавораць тыя зоркі?.. Не сказаў тое і паэт.

У слынным перакладзе лермантаўскага верша на беларускую мову Аркадзь Куляшоў яшчэ больш аддаліўся ад адказу на гэтае пытанне: «Зорка зорцы голас падае...» Ужо не гавораць зоркі (пэўна, аб чымсьці ж канкрэтным?..), а проста перагукваюцца, голас падаюць...

А вось Максім Танк — пачуў. Пачуў — і сказаў, пра што гаварылі зоркі. Сказаў у вершы сваім «Падслуханае» амаль праз паўтара стагоддзя пасля Лермантава.

Няцяжка здагадацца, што гаворка ў зорак сёння, мабыць, вялася пра іншае. І ўсё ж лермантаўскі радок «И звезда с звездою говорит» паслужыў для Максіма Танка не адно толькі эпіграфам, але і тым чуйным камертонам, каб настроіцца на «мову зорак» нашага часу: