З першых творчых крокаў Радзіма, народ уваходзяць у паэзію Ніла Гілевіча як яго ўласны лёс. Будуць пошукі свайго шляху, будуць радасці і сумненні, але гэта застанецца назаўсёды — нязменным, вызначальным:
гучыць сыноўняе прызнанне народу. І яшчэ:
Да чыстых, незамутнёных крыніц народнай песні сэрцам прыпадае Ніл Гілевіч — і як паэт, і як даследчык-навуковец. Ён слухае яе лад, чуйна ловіць яе крылатае слова...
Прыгадваюцца інтэрнацкія вечары, калі Ніл Гілевіч — наш слынны студэнцкі паэт (толькі падумаць: трэцякурснік — член Саюза пісьменнікаў Беларусі) — запрашаў нас, першакурснікаў, пачынаючых вершатворцаў, да сябе ў пакой — і пасля творчых дэбатаў неяк сама сабой пачыналася песня. Ён задуменна расцягваў мяхі, перабіраў лады і густым барытонам вёў мелодыю. Мы, хто як мог, падцягвалі. І ўслухоўваліся ў песню. І глядзелі ёй у твар. І вучыліся ў яе. Гэта былі сапраўдныя паэтычныя семінары, дзе, як сказалі б цяпер крытыкі, цудоўна спалучаліся традыцыя (паэтычныя сакрэты народнай песні) і наватарства (наша юнае імкненне і ўпэўненасць, рашучасць адкрываць новыя паэтычныя кантыненты!).
На крылах гэтага захаплення вылятала ў свет і першая (як і ўсе астатнія) кніга Ніла Гілевіча «Песня ў дарогу»:
Гэта быў і наш голас. Ды і амаль уся кніга была — як наша, студэнцкая: тут і вяселле ў інтэрнаце, і пасылка, што з'явілася вельмі дарэчы — якраз тады, калі «стыпендыя выйшла дарэшты, а новай яшчэ не чутно...». Мы ўсё гэта ведалі на памяць, чыталі і цытавалі.
Любоў да народнай песні вызначыла і кола навуковых інтарэсаў Ніла Гілевіча. Прафесар БДУ, аўтар шматлікіх грунтоўных даследаванняў, укладальнік і каментатар фальклорных зборнікаў — усё гэта ўзрасло на грунце той любові. Яна эстафетай ляціць ад сэрца да сэрца: «Спявайце, юныя паэты!» — заклікае Ніл Гілевіч, углядаючыся ў будучыню:
Можна без перабольшання сказаць: з песняю Ніла Гілевіча прыйшла да многіх з нас Балгарыя. Класічная і сучасная паэзія братняга народа, проза, кнігі для дзяцей, творчыя партрэты, эсэ — ды гэта, бадай, пад сілу толькі цэламу саюзу перакладчыкаў! Ніл Гілевіч пайшоў па цаліку, узяўшыся за гэту сапраўды падзвіжніцкую працу адзін. А сёння ў яго ўжо добры дзесятак паслядоўнікаў, паплечнікаў — і перш за ўсё дзякуючы яго намаганням, руплівасці і дапамозе. Затое якой узаемнай любоўю плацяць балгарскія сябры свайму паўнамоцнаму прадстаўніку ў Беларусі Нілу Гілевічу! Я пераканаўся ў гэтым падчас сумеснай паездкі па Балгарыі. Я ведаў аб заслугах Ніла Гілевіча перад балгарскай літаратурай (дарэчы, як і перад многімі іншымі славянскімі літаратурамі), ведаў, што адзначаны яны ордэнам Кірылы і Мяфодзія І ступені, але ўсё адкрывалася, усё паўставала па-новаму, калі гучала ў гонар паэта песня ці ўтварала круг сяброўскае харо, калі чыталіся вершы, між іх — вось гэты:
Перачытваць кнігі паэта... Не творы ў глянцавых тамах выбранага, а менавіта кнігі: вяртацца да тых сціплых выданняў, што прыйшлі да вас упершыню. Вось яны — знаёмыя абліччы: «Песня ў дарогу», «Неспакой», «Бальшак», а вось маладзейшыя ці нават зусім маладыя (ды заслужаныя, высока адзначаныя) — «Актавы», «А дзе ж тая крынічанка», «У добрай згодзе»... Адгорнеш вокладку — і дыхне радасцю першай сустрэчы. Але ці толькі? Прадубліраваць былое — ці не замала ды і ці трэба?.. Радасць павінна быць новай. І калі яна прыходзіць — значыць, паэзія сапраўдная. Як у радках задуменнай, элегічна-вечаровай актавы: