Выбрать главу

Насіў... насіў паэт-ардэнаносец і сталінскі лаўрэат пад ганаровымі знакамі не толькі долю «сталінскага» страху за жыццё, але і не меншую долю страху згубіць адведзеную яму — за той, першы страх — «сталінскую» вышыню...

І ўсё ж — не забывайма: гэта быў Прышвін, з німбам-аўрай, дзе ззялі водбліскі-водгукі Аляксандра Блока («Это, конечно, поэзия, но и еще что-то»), Максіма Горкага («...Замечательное гармоническое сочетание поэзии и знания»),

І «Сыраежка» твор быў не абы-які: прышвінскі!..

І цікава, як аргументаваў свой адказ Аляксандр Трыфанавіч? Дзе тое пісьмо?.. А аргументаваць ён умеў...

Як умеў апраўдаць нежаданне «мець справу» з родным бацькам, які збег яшчэ з адным сваім сынам з «кулацкае высылкі» і прыйшоў шукаць абароны і падтрымкі ў знакамітага, толькі што абагрэтага славай сына Шуры, — апраўдаць праз дзесяткі год вершаваным цыклам «Памяти матери»:

В краю, куда их вывезли гуртом, Где ни села вблизи, не то что города, На севере, тайгою запертом, Всего там было — холода и голода.
Но непременно вспоминала мать, Чуть речь зайдет про все про то, что минуло, Как не хотелось там ей помирать, — Уж очень было кладбище немилое...

Як па мне, дык шчымліва карціць пытанне: няўжо не было тады сыноўняга парыву, памкнення — кінуцца на грудзі да бацькі, сарваўшы са сваіх грудзей ганарова-танныя бляшкі, пайсці з ім у арыштанцкі вагон?..

Многа можна прыдумваць сёння прычын і апраўданняў... Але так і завісла без адказу і апраўдання перад гісторыяй прышвінскае (на тым страшным «кулацкім» фоне — зусім не параўнальнае): «Твардовский прислал отказ моей "Сыроежке"»...

А можа, і ўся «новомировская (другая) эпоха» Твардоўскага якраз і была спробай таго апраўдання? За ўсё і за ўсіх...

МАСКА

Паэт заўсёды «сам обманываться рад» (Пушкін) і таму заўсёды стварае вобраз, малюе воблік, які, калі развеяць мроіва натхнёнага захаплення, ператвараецца ў маску.

А маска — яна і ёсць маска: маскарад, зманлівая штучнасць. Трошкі загадкавасці, трошкі гуллівасці і трошкі надзеі...

У Аляксандра Блока ж — маска снежная: «Н. Н. В.» — Наталля Мікалаеўна Волахава (Анцыферава), актрыса Тэатра Камісаржэўская — маска, узведзеная ў ступень... Паэт адчуваў — падсвядома, душою: агонь яго парыванняў сутыкаецца з холадам гуллівай развагі:

Милый рыцарь, смежной кровью Я была тебе верна... ...Я была верна три ночи, Завивалась и звала...

Снег і лёд... І — «поцелуи на запрокинутом лице...» — калі б: была сустрэчная хваля гарачнасці і парывання?.. А «запрокинутое лицо»?.. — можа, усяго толькі і ёсць той самы «паэтычны падман»? Гэты артыстычны рух як бы пазначаны адмоўнай метай, знакам неўзаемнасці, З-пад знешняй усхваляванасці дыхае адштурхоўванне, адхіленне, адсланенне, яшчэ кропля з расталай сняжынкі... і — твар гэты адвернецца...

І ці. не гэтая ж маска, халодная і чужая, не зважаючы на тэатральныя жэсты і. буйныя рытмы, — праступае ў паэме «Дванаццаць»?..

Тое ж завірушнае кружэнне (ці крушэнне?..) і той жа пранізлівы вецер — той, са «Снежнай маскі»: «Ветер звал и гнал погоню...», «Я ветер встречный!..» — прыблукаў у «Дванаццаць»: «Ветер, ветер — на всем божьем свете...»

Імя гэтай маскі — Рэвалюцыя.

ПАЭЗІІ ПТУШКА ЧАРОЎНАЯ

Эсэ-трыпціх з эпіграфам «Бушуйнае»

Не вецер бушуе над борам, Не шастае ў пушчы лісток — У лютаўскім следзе Рыгора Б'е песні ушацкай выток.
Бруіцца яна і ў завею, Каб летам ірваць берагі. Зайздросна сычы бранзавеюць — Гнілых п'едэсталаў багі.
А ён — як Мароз-ваявода — Абшары абходзіць свае, Наросхрыст сатыры і оды Складае і з небам пяе.
То вострым клінком эпіграмы Да сценкі літбога прыпрэ, А то з першагрэхам Адама У лірыцы млоснай замрэ...
Паглядам Снягурку сагрэе, Што тая аж тае ў нудзе... І шосты дзесятак дурэе, Як чорт, у яго барадзе. 24.02.86

Звычайна эпіграф нараджаецца раней за тэкст ці разам з ім, служыць як бы пэўным сігналам, камертонам, тлумачальным знакам першапрычыны. Гэты з'явіўся пазней. Ды і сам выскачыў «наперад», напрасіўся, скарыстаўшыся пэўнай акалічнасцю (зноў жа — не ў лад з парадкам часу: год на двары 2000-ы, 24 лютага). Ён стаў перад усім насуперак таму трывожнаму халадку, што неўпрыкмет пачаў красціся ад аднае душы да другой... Вясёлым, задзірыстым — з марозікам — лютаўскім (па даце народзін) ветрыкам хацелася збіць подступы таго, змрачнавата-незразумелага подыху: як агонь збіваюць агнём — пры тушэнні лясных пажараў...