Выбрать главу

І яшчэ адна ўводная рэмарка. «Трыпціх» — тры ракурсы, тры кропкі, з якіх скіроўваецца позірк на паэзію Рыгора Барадуліна: спачатку агляд панарамны, адчуванне палёту — вышыні і прасторы; потым — адна кніга: як узор, як прыклад, — крыло ў палёце (што — у птушкі ўсяго два крылы, а кніг жа вунь колькі? дык жа — птушка чароўная, ды ёсць жа і крылатыя дрэвы, і крылатыя мары... — хто падлічыў іх крылы?..); нарэшце — дзве страфы, дзве пярынкі з крыла — як хораша, як здорава палюбавацца імі!..

Аднак — гэта прымоўе.

А слова мовіцца — такое...

1. Палёт...

Час удумнай сталасці, вогнішчы жыццёвых перавалаў — ці не найлепшы момант не толькі пачуць усё дарэшты (і дарэчы, і недарэчы) пра сябе самае добрае (як цыганка казала, што было, што будзе і што на сэрцы ляжыць), але і вярнуцца ў маладосць. Што ні кажыце — ёсць сэнс у гэтых уяўных (далёкіх ад непарыўна-рэальнай дыялектычнай хады прыроды і нават ахопленай ужо чалавечай дасведчанасцю гісторыі), умоўных адрэзках вечнасці. Год, дзесяцігоддзе, стагоддзе... Самі па сабе, без чалавека, яны нішто. Чалавек надае ім сэнс і жыццё. З чалавекам вырастаюць яны ў дарогу чалавецтва, становяцца гістарычнай рэальнасцю.

Пройдзем жа і мы адной з такіх дарог — дарогаю выдатнага паэта нашага — Рыгора Барадулін. Сёння ёсць для гэтага важкая прычына: той узрост, калі, здаецца, нарэшце, перастаюць у нас называць паэта «маладым» (просім не блытаць: творчым настроем сваім ён заўсёды мусіць быць, яму належыць быць — маладым!). Ёсць на гэтым шляху і вызначальна свецяцца, каб весці нас, добрыя вехі — барадулінскія кнігі. Вось яны — ладная ўжо, калі выстраіць, бібліятэка. Тут, кажучы спосабам самога паэта, і рунна, і румна, і наліўка, і пчольна, і нерушна, і абсяжна, і вечальна, і амплітудна, і дарожна, і паэмна... — словам, Рыгорна-Барадульна.

А хочацца пачаць з самай блізкай па моманце натхнення і самай далёкай па часе — з сівой гістарычнай мінуўшчыны — вяхі: перакладу на родную мову несмяротнага «Слова аб палку Ігаравым» (у Барадуліна — «Слова пра паход Ігаравы»):

На Нямізе галовы сцелюць снапамі, харалужнымі малоцяць цапамі, жыццё кладуць на таку злюцела, веюць душу ад цела. Нямігі крывавыя берагі не збожжам былі засеяны зноў: пасеяны косці рускіх сыноў...

Ужо не адзін выдатны майстра прымерваў сябе да той высокай засечкі на духоўным дрэве чалавецтва, што адзначыла вырост і веліч аўтара «Слова...» (як бацька штогод прымервае сына, пакідаючы сцізорыкам штрышкі на дзвярным вушаку, так робіць гэта час з творцамі, ведучы адлік, праўда, на стагоддзі, быццам пытаючыся: а хто дарос да адмеркі Баянавай?..). І самы рэальны спосаб супастаўлення і самаправеркі — спосаб заглыблення ў «Слова...» шляхам яго перакладу, набліжэння да свайго слова, а разам з тым і да свайго часу, да свайго сучасніка. Задача невымерна цяжкая і рызыкоўная. Пушкін, разумеючы гэта і падкрэсліваючы веліч «Слова...», заўважыў, што ў ім «столькі паэзіі», колькі «іншыя (маюцца на ўвазе вершатворцы XVIII ст. — В. З.) не мелі ўсе разам». (А за гэтым, безумоўна ж, стаяла затоеная мара Пушкіна зрабіць і сваю паэтычную інтэрпрэтацыю «Слова...».) У той час называлася яшчэ яно і «Песняй». Заўвагі на «Песнь о Полку Игорове» — чытаем мы ў Пушкіна. Слова ёсць Песня, і Песня ёсць Слова, так, відаць, і было ў самапачатковым, першародным разуменні, у духоўна-функцыянальным прызначэнні гэтага чалавечага феномена. Такім яно, бадай, застаецца і сёння.

Зварот Рыгора Барадуліна да «Слова...» натуральны і заканамерны (а пасля купалаўскага перакладу і ўдвая адказнейшы). Заканамерны, бо змыкаецца цецівой — праз стагоддзі — дужка лука:

Яраслаўна рана плача ў Пуціўлі на забрале, прыгаворваючы: «О вецер, вятрыла! Чаму, валадару, вееш проці? Чаму імкнеш палавецкія стрэлы згубныя на сваіх лёгкіх крылах на воінаў майго любага? Ці ж табе пад аблокамі не стала прасторы, караблі люляючы па сінім моры? Чаму, валадару, весялосць маю па кавылю развеяў?»
І -
Вецер, Чорныя хмары згані! Я — Купалінька, Я — самотная. Крывянее чорны туман. Мне нядзеляй не быць, Быць суботаю. Я — Купалінька, Дзе ты, Іван?..