Выбрать главу

Будынак паэзіі Рыгора Барадуліна ўзводзіцца і ўзносіцца скразным вобразам: Маці (як яно балюча блізка толькі што прагучала: Купалінька — Купінка...) — Радзіма (партызанская Ушаччына) — Слова. Можна іх ставіць у іншай паслядоўнасці, знаходзіць іншыя, дадатковыя, сувязі ў гэтай заканамернасці, адзінства застаецца непарушным. Без яго няма паэта Рыгора Барадуліна...

Крэўная Зямля, воблік яе: Яраслаўна, жанчына, каханая, маці — і Слова — гэта яны акрылялі яго, хто наважыўся песняй сваёй стаць упобачкі, паспаборнічаць з самім вешчым Баянам.

Ёсць і яшчэ адна заканамернасць: у вершах і паэмах Рыгор Барадулін даўно ўжо вяслуе рытмічным рэчышчам «Слова...» (што ў перакладзе павінна адыграць далёка не апошнюю ролю). Прыгадаем яшчэ малюнкі-метафары, і паралелі-сімвалы, і гукавы жывапіс... Што і казаць — Барадулін тут у сваёй стыхіі. А «Слова...» — яно для ўсіх навыраст...

Калі ўзышоў «Маладзік над стэпам» (1959), то, натуральна, Барадуліна, ва ўсёй яго сённяшняй паставе, якога мы ведаем, які са сталаю прапіскай пасяліўся ў чытацкім сэрцы, ён яшчэ не мог высвеціць. Гэта была пераважна кніга студэнцкіх ад'ездаў і вяртанняў — дадому на канікулы і з канікул у інтэрнат, у вясёлыя сяброўскія вандроўкі і на ўборку цаліннага ўраджаю... (У гэтым сэнсе і знакаміты барадулінскі верш «Трэба дома бываць часцей...» — найперш юнацкае адчуванне і разуменне: дом там, дзе бацькоўскі парог, дзе чакае цябе маці, калі не маеш яшчэ іншага, свайго, уласнага прыпірышча, свайго сямейнага агменю, па-дамашняму абжытага...)

Так, гэта быў яшчэ маладзік. І, зразумела, абяцанне будучай поўні. Таму што было ў кнізе галоўнае — яно вызначыла пазней творчую асабістасць Рыгора Барадуліна — цэнтраімклівая сіла звычайнага факта жыцця, вера ў яго паэтычную «начыненасць» і «выбуховасць», варта адно толькі трапіць яму ў поле зроку мастака (Рыгор Бярозкін назваў гэта: «інтымнасць у перадачы... быту, якая даецца толькі «тутэйшаму», толькі «свайму»). Як вось гэтае, напрыклад, з цаліннай нізкі:

Не! Не ўсім надарылася шчасце Есці боршч, прыгатаваны Насцяй, Не ўявіць вам, што гэта за боршч! Хай чатыры порцыі ты знішчыш — Яшчэ ў місцы выскрабаеш днішча І абавязкова просіш больш...

І ёсць у «Маладзіку над стэпам» той, ушацкі, жаўруковы, магніт, без якога і Барадулін не Барадулін, і верш не верш:

Як захліпнуўся ад радасці жаўранак, Славячы сонца вясновага дня, Як па куп'і на балотных выжарынах Мякка хрумсціць пад нагою сушняк; Як па-над ярам пад ветравым подыхам Вольха сухая рыпіць і рыпіць, Як адвячоркам над соннымі водамі Кнігаўка ўсё недапросіцца піць, — Тры гады я не чуў...

Маладым салаўём «на маёвай расе» спрабуе Рыгор рытмы, якія неўзабаве стануць не толькі «візітнай карткай» яго паэзіі, але, што галоўнае, — спосабам арганічнага, наватарскага бачання свету вачыма народнай песні.

На лугу- Мурагу На зялёненькім Ды пасе Па расе Хлопец коніка... —

быццам сцвярджае паэт і сабе, і магчымым апанентам, якая яна, народная песня, неардынарная, вынаходліва-гнуткая (і яршыстая!) па рытма-інтанацыйным малюнку.

Гэта было, урэшце, пераадоленне добра-такі застарэлай на тым часе «традыцыі» трафарэтна-пафасных вершаў, часцей за ўсё на скорую руку сасцябаных і прышпіленых да нейкай даты ці падзеі.

А яшчэ знаходзім мы тут шчымліва-балючы верш «Бацьку»: «А я... чакаў з усіх дарог цябе ў сорак чацвёртым... летам», і так «хацелася пачуць: «Сынок...» і крыкнуць радаснае: «Тата!»

Радкі прагучалі пралогам будучых кніг Барадуліна. Гераічная і пакутная партызанская Ушаччына — той назіральны пункт, з якога праглядваецца на ўсю далеч, да самых глыбіняў прасвечваецца, прачытваецца яго паэзія. Відаць, не толькі з прычыны ўзросту ў барадулінскім паэтычным арсенале не вельмі багата «матэрыялу» даваеннага. Заканамерна ўзнікае пытанне: чым жа яшчэ вытлумачыць гэта? Адкуль гэтая, скажам, не сцяна, дык прынамсі адчувальная мяжа? І адказ, пэўна, будзе адзіны: вайна. Вайна зрабіла гэты водападзел. Усё ў паэзіі Барадуліна «падыходзіць» на «замесе» вайны. Там зарадзіўся трагічны, на вачах у смерці, горкі вопыт паэта і яго равеснікаў.

І сапраўднае (глыбіннае, да каранёў і ад каранёў) зліццё біяграфіі і слова адбылося ў зборніку «Рунець, красаваць, налівацца!». Прыгадаем хаця б такія агульнавядомыя сёння барадулінскія вершы, як «Палата мінёраў» і «Труба», дзе рэаліі і прыкметы асабістага лёсу вызначылі ў паэтычным вырашэнні лёсу пакалення, чыё дзяцінства зазнала ўсе жахі вайны, халодную і галодную нястачу пасляваенных дзён.