Выбрать главу
«На Беларусі Пчолы, як гусі», — Прыгадваў зямляк у выраі... «Ем сырую зайчыну Ды люблю Айчыну!» — Прысягаў паўстанец нябёсам...
І –
Згару я на вейцы тваёй расінкай, Беларусь — мая мова і песня... —

голас паэта, голас адданага сына. Голас — у згодзе з такой жа шчырасці пачуццём: «Я — інтэрнацыяналіст і ў шумнай кроне чалавецтва з тутэйшае галінкі ліст...» (вось ён, той момант «дэкларацыі»: «інтэрнацыяналіст...» — але як ён адразу ж спускаецца з «патэтычных нябёсаў» на цёплую, з жывым дыханнем зямлю — лістком да роднага дрэва...)

Вандроўныя маршруты Рыгора Барадуліна адкрываюць нам свет і нясуць свету знакі нашых пачуццяў, галінку дружбы сябрам... І яшчэ і яшчэ раз можна прыгадваць тут словы Блока, сказаныя пры чытанні вершаў з «італьянскага цыкла» (калі яго папрасіў хтосьці з публікі пачытаць лепш аб Расіі), што «гэта ўсё аб Расіі!..» Прыгадаем — і паўторым, у дачыненні да барадулінскіх «радкоў дарог»: гэта ўсё пра Беларусь, усё тут дыхае, жыве, напоўнена беларускаю душою...

З гэтай выдатнай камунікабельнай якасцю творчага характару Рыгора Барадуліна непарыўна лучыцца і яго перакладчыцкая дзейнасць (не лішнім будзе прыгадаць, што кніга лірыкі Федэрыка Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады» здабыла Барадуліну разам з кнігай арыгінальнай паэзіі «Рум» Дзяржаўную літаратурную прэмію імя Янкі Купалы).

«Ветрык, вей!» Яна Райніса, кнігі паэзіі А. Вазнясенскага, І. Драча, С. Ясеніна (апошняя разам з А. Куляшовым), шматлікія творы Дж. Байрана, А. Пушкіна, А. Міцкевіча, Н. Гільена, Т. Шаўчэнкі, Лeci Украінкі, С. Нярыс, А. Туманяна, Р. Гамзатава — далёка-далёка не поўны пералік перакладчыцкага даробку Рыгора Барадуліна. Дапытлівае пранікненне ў дух і сэнс арыгінала, карпатлівы пошук шляхоў да яго трактоўкі па-беларуску, смеласць і разам з тым беражлівае стаўленне характарызуюць манеру Барадуліна-перакладчыка. Новае сведчанне таму — кніга лірыкі лаўрэата Нобелеўскай прэміі Габрыэлы Містраль «Ветраліст»...

Дзвюма тэматычнымі плынямі развінаецца і развіваецца сёння паэзія Рыгора Барадулін: адна з іх — пранікненне ў шматаблічны свет сучаснасці, з усімі яго трывогамі і надзеямі, другая — тэма памяці. І несумненнай вышынёй у яе асваенні з'яўляецца паэма «Блакада». Твор увабраў у сябе, звёў у адзін шлях сцяжынкі і дарогі трагічных і лёсавызначальных дзён вайны, праявіў іх праз канкрэтна-адчувальныя, узбуйненыя (па прынцыпе кінематографа) дэталі-кадры:

На лузе стажар'е выбухаў стыне... ...Пілоткамі згубленымі — Чаўны... ...Плачуць па дзецях нямецкія кулямёты Буйнакалібернымі слязамі...

Гэтыя адбіткі малюнкаў-гравюр, зафіксаваныя ў памяці, — сведкі не адно толькі цярпення і трагізму, але і выключнай чалавечай мужнасці. Па яе вялікім праве побач з «Блакадай» стаіць напісаны раней трыпціх — «Бацьку», «Куліна», «Матчына хата» — яшчэ тры старонкі ў летапіс народнага (без гучных гераічных слоў) жыцця-быцця тых, што «былі на «ты» з перамогай», «пасля вайны не сагнуліся, калі іх гора пратала», «не зломкі на працу» і «выпіць могуць»...

І яшчэ адну вышыню паэзіі Рыгора Барадуліна нельга не адзначыць (хаця б назваць, не ўдаючыся ў аналіз, бо гэта патрабуе асобнай, спецыяльнай працы) — рэквіем «Бяроза з лістам гаварыла...» і «Матчыны песні» (іх трэба чытаць і разглядаць толькі ў адзінстве) — нерукатворны помнік Маці — працаўніцы і пакутніцы, карміцелькі, шчыраўніцы і цярплівіцы, а яшчэ — захавальніцы і аберагальніцы скарбаў душы народнай...

Вось адзін толькі эпізод — скандэнсаваная трагедыя:

Падчас блакады... ...у вялікім лесе нас многа згубілася. Кожны крычаў штосілы. Лес паўтараў, нібы дражнячы, кароткае слова: — Мама! Крычалі многа, ды толку мала. Тады я гукнуў: — Куліна! І маці мне адгукнулася...

Рыгор Барадулін — у пастаянных пошуках, у пастаянных зменах. Пушкінскае «мы ленивы и не любопытны» як бы абмінае Барадуліна, гэта не пра яго: не той тып характару!.. Прыгадаем «спіраль» яго развіцця, руху: напачатку — традыцыйны верш, просты, там-сям па-школьнаму наіўны. Потым — рэзкі скачок у фармальныя вышукі (крытыка пачала нават падкідваць папярэджанні: цэльнасць і непасрэднасць, неразменная каштоўнасць жыццёвага зместу іншы раз падмяняецца штукарствам, філасофія перажывання адцясняецца, саступае месца знешняй аздобе...). Што ж, было, было... Было, калі форма «вырывалася» са зместу, «павісала» над ім...