Выбрать главу

Але, як гаворыцца, гэта ўжо ад багацця, а не ад беднасці, ці, як прызнаваўся сам паэт у адным з вершаў, — «проста мне так захацелася»... І сапраўды, гэта сталася ўсяго толькі фіззарадкай, падсобнымі практыкаваннямі з гантэлямі, за якімі павінен прыйсці рывок — ці то штангі, ці то на лёгкаатлетычнай дыстанцыі... А сілы — адыдзем ад спартыўнай тэрміналогіі — сілы для таго ёсць. Сілы пераадолення. З ім, з пастаянным пераадоленнем — матэрыялу, самога сябе — звязаны пошук паэта.

Дрыжыкі па целе, Марал пацее У тры паты: Панты Зразаюць Нажоўкай. Капыты Б'юцца на жоўклай Траве... Трывае... —

вось дзе яно, поўнае зліццё зместу і формы (верш «Маралу зразаюць панты»). Чуеш, як устрывожана тупацяць капыты, як пудка і нецярпліва кідаюцца ўбакі маралы (і нават графічная разбіўка радкоў — улукаткі — падкрэслівае гэты рух). Сапраўды, змест закіпае ў форме, бушуе!..

Чуйнасць Барадуліна да слова стала прыкметай ледзь не назыўнога характару. Трэба толькі бачыць, як хапаецца ён за кожнае з іх — наноў пачутае ці вядомае, ды згубленае дзесьці ў сховах памяці, як радуецца, як гуляе з ім, паўтараючы, — быццам падкідвае і ловіць на ляту, а іншы раз і папросіць (калі, зразумела, слова сарвалася з вуснаў прафесіянала — гэткага ж «лаўца»...): «Слухай, аддай яго мне...» — і тут жа ўхопіцца за вузенькі (па стандарце кніжачак-мініяцюр) блакноцік — не, не проста «зафіксаваць» слова, а ўжо занатаваць радкі новага верша, бо слова тое ўмомант «абрастае» ў Барадулін асацыяцыямі...

Прыгадваю, як прымерваліся ўпершыню мы з Рыгорам да вышыннай дарогі вакол Медэо. Гэту імправізаваную экскурсію наладзіў нам казахскі сябар Туманбай Малдагаліеў. А расказвала пра ўсё, то заглыбляючыся ў гісторыю, то вяртаючыся ў сучаснасць (увасобленай сімвалічна-прывітальнай чашай славутага лядовага катка ды яшчэ маленькаю кропкай пакінутай унізе «Волгі» Туманбая), была дасведчаным экскурсаводам сама спадчынніца роду Медэо. Рыгор слухаў захоплена, перапытваючы, удакладняючы сэнс, этымалогію слоў. І тут жа з'яўляўся на далоні той блакноцік-амаль-невідзімка...

А пазней мы прачытаем:

ГАСПАДЫНЯ МЕДЭО
А рачулка Кымасар. Гэта значыць: Хто пяройдзе. Шлях атар. Грымотных хмар. Хто пяройдзе — рэха знойдзе.
Праваднік наш ведаў, дзе Перайсці рачулку гневу. Смела нас вядзе, бо йдзе З гаспадыняю Медэо.
Туфлі гарадскія з ног — Гаспадыні можна босай. І вясёлка ста дарог Пад рукой — вясёлы посах...

Сведчу: усё было так. Быў і ў мяне ў блакноце запіс, дзе, да ўсяго, пазначана: «Калі старэйшына роду Медэо перайшоў на бок савецкай улады і пачалі з гор спускацца атары, — восем дзён лічылі авечак...» Цікавы запіс (хутчэй — для прозы)... Быў і застаўся... «Вось і ўся розніца», — заўважым самакрытычна...

У стаўленні да мастацкай дэталі Рыгор Барадулін, як правіла, дакументальна дакладны. Вось, скажам, крытыкі адзначаюць «вясковы каларыт» у вершах паэта, нават Ушачы іншы раз называюць вёскай. Тут і напрошваецца само сабою ўдакладненне: і «вясковы», ды не зусім і не ва ўсім: ён — местачковы («Райцэнтр мой партызанскі... Ад вёскі адарваўся і ў гарады не выйшаў...»). Так, самі барадулінскія дэталі тут жа ўносяць адпаведныя сведчанні - «карэктывы»:

У бок пякарні глядзяць усе. Нарэшце доўгачаканае: — Едзе! З узгорка пакатага пакрысе Будка з хлебам цягнецца ледзьве, —

«пашпартызацыя» месца дакладная. Каларыт і настрой местачковай вуліцы, што адным канцом упіраецца ў «цэнтральную» плошчу, а другім — у поле з жытнёвымі ці бульбянымі палеткамі, у «дамашніх» вершах Барадуліна выключна адчувальныя — да ўражання (калі гаварыць пра чытача) рэальнай прысутнасці. Усё тут дыхае вясковай даверлівасцю, блізкасцю і адкрытасцю, а разам з тым і нейкай «сталічнасцю», хай сабе і раённай, «местачковай»...

Помніцца, як прыбягаў Рыгор са свайго, нанятага, пакойчыка ў кватэры цаглянага дома па вуліцы Маскоўскай у мой, таксама наняты, пакойчык у драўлянай, амаль па вокны ўрослай у зямлю, будыніне на 2-м Рыгораўскім («яго імя!») завулку, каб паслухаць шум дажджу, палюбавацца, як цурчаць са страхі струменьчыкі. Тут яму нешта вельмі нагадвала ўшацкую вуліцу, ушацкую хату. Тут яму добра думалася...